Затрыманні ў Мінску, Бярозаўцы, Наваполацку: хроніка пераследу 9-11 снежня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-11 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК затрымаў жыхара Мінска
11 снежня стала вядома, што затрыманы жыхар Мінску. Сцвярджаецца, што мужчына ў 2020-ым годзе прыняў удзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту.
За «лайк» у сацсетках аштрафавалі дыякана гродзенскай баптысцкай царквы Дзяніса Камягіна
Дзяніс — бацька чацвярых дзяцей, выкладчык у Гродзенскім медуніверсітэце, дыякан царквы «Святло свету». Яго аштрафавалі на 1110 рублёў.
У Полацку адбыліся затрыманні з нагоды дыверсіі ў расійскім тунэлі, якую нібыта здзейсніў беларус
У суботу ў Полацку адбылася хваля затрыманняў. Праваабаронцам вядома, што прынамсі частка з іх тычылася Сяргея Ерамеева — затрыманага ў Расіі ў сувязі з выбухамі на БАМе.
Вядома пра выпадках, калі затрыманне і ператрус прайшлі ў чалавека, які зусім выпадкова кантактаваў з Ерамеевым у апошнія дні. Некалькіх затрыманых выпусцілі, забраўшы тэлефоны, лёс астатніх невядомы. Затрыманні праводзіў КДБ.
Сяргей Ерамееў — гэта беларус, якога расійскія ўлады абвінавачваюць у падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі.
У Беларусі мужчына страціў работу праз палітыку. Сяргей працаваў на «Нафтане» і ўдзельнічаў у стачцы ў 2020 годзе. Ён тады быў аператарам прыладаў.
На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы адбыліся палітычныя затрыманні
Учора сілавікі зноў правялі рэйд супраць супрацоўнікаў шклозавода і, паводле інфармацыі, за падпіскі і «лайкі» было затрымана каля 10 чалавек.
У жніўні на шклозаводзе ўжо адбываўся «хапун» — тады затрымалі не меней за 9 чалавек.