Агляд навінаў палітвязняў з 25 кастрычніка па 2 лістапада
Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
За гэты час палітзняволенымі былі прызнаныя 15 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1471 чалавек. На мінулым тыдні праваабаронцам стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 22 палітвязні: Уладзімір Ганусевіч, Аляксандр Конанаў, Альберт Гарбуз, Сяргей Глінскі,Максім Сташулёнак, Анатоль Пугач, Сяргей Антусевіч, Валерый Адалеўскі, Ілля Вайцяховіч, Ігар Цяпцееў, Людміла Самак, Пётр Пятруша, Аляксей Кандраценка, Сяргей Іваноў, Аляксандр Каценка, Аляксандр Шматаў, Яўген Банцэвіч, Яўген Шпількоў, Сяргей Банькоў, Віктар Кулеш, Аляксей Мігно і Ігар Новікаў.
Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах сямі палітвязняволеным:
- Дзяніс Хахлоў — адзін год і шэсць месяцаў калоніі;
- Надзея Старавойтава — тры гады "хатняй хіміі";
- Аляксей Аўдзееў — два гады і шэсць месяцаў калоніі;
- Вадзім Храсько — тры гады калоніі;
- Яўген Бурло — восем гадоў калоніі;
- Дзмітрый Галавач — дзевяць гадоў калоніі;
- Андрэй Ярэмчык — сем з паловай гадоў калоніі.
"Нырку не перасадзілі". Палітвязня Васіля Бераснева вярнулі ў калонію
Пра сітуацыю з палітвязнем "Свабодзе" расказаў Максім Пазьнякоў, які знаходзіцца за мяжой і часова выконвае абавязкі старшыні БКДП.
"Яго абследавалі ў шпіталі на працягу 2 дзён і адправілі назад у калонію. Вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае потым, у калоніі. Крыніцы, зь якімі я кантактаваў, нават ня ведаюць, як ён цяпер пачуваецца", — сказаў Максім.
Паводле яго, Бераснева вярнулі ў калонію ў першай палове кастрычніка.
73-гадовы Васіль — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: самае небяспечнае – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі.
"Ёй патрэбна добрая тэрапія", — муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай пра ейны стан у калоніі
Муж палітзняволенай распавёў "Свабодзе" апошнія звесткі пра яе:
"Сказала, што цяпер вельмі мала вольнага часу. Працуе на «швейцы», а гэта даволі цяжкая, напружаная праца. Стамляецца. У дзве змены працуе. Бывае, што і па суботах. У дадатак да гэтага яе рэгулярна ставяць на дзяжурствы: то «кубрык» (жылы пакой у калёніі) даводзіцца прыбіраць, то адпраўляюць працаваць на кухню і ад гэтага вольнага часу бракуе. Нават, каб напісаць ліст, не хапае часу.
Акрамя таго, што пагоршыўся зрок і мусіла заказаць новыя акуляры, дык адбіваецца ранейшая хвароба. Ёй патрэбна добрая тэрапія. Сваякі, што могуць, робяць, перадаюць ёй лекі. Добра, што лекі прымаюць. А пра астатняе… Будзем спадзявацца на лепшае".
Нагадаем, Ірыну асудзілі да 5 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальга кодэкса.
Стала вядома дата разгляду апеляцыйнай скаргі палітзняволенай Таццяны Бізюк
21-гадовую Таццяну затрымалі 10 лютага 2023 года. Дзяўчыну абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суд над ёй распачаўся 2 жніўня ў Мінскім абласным судзе. Суддзя Алена Міснік прызнала дзяўчыну вінаватай і асудзіла яе да 3 гадоў калоніі.
Вярхоўны суд 3 лістапада разгледзіць апеляцыйную скаргу палітзняволенай. Раншэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствамсуддзі Аляксея Цяцюхіна.
Палітзняволены Андрэй Пачобут не атрымлівае неабходных лекаў
Пра гэта падчас штомесячнай акцыі салідарнасці распавёў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. У размове з журналістамі ён ацаніў, што становішча Пачобута ў калоніі цяжкае.
"Сям'я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, якія яму неабходныя штодня. Мы ўсялякімі спосабамі стараемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй", — цытуе яго словы "Беларуская служба Польскага радыё".
Нагадаем, Пачобута асудзілі да 8 гадоў калоніі паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК (распальванне варожасці).
Ад 7,5 да 9 гадоў калоніі. Музыкаў TOR BAND асудзілі да вялікіх тэрмінаў
У Гомельскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальных справах супраць музыкаў вядомага беларускага гурта "Tor Band", чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе.
Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу — дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. Усім узмоцнены рэжым і яшчэ па 100 базавых велічыняў штрафу. Такі прысуд вынес суддзя Сяргей Салоўскі. На прысудзе, які быў адкрытым, былі сваякі музыкаў.
"Яны ўсе плакалі падчас прысуду. Адна са сваячак у час агучвання прысуду страціла прытомнасьць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён з цяжкасьцю перасоўваецца. Ён нават не ўставаў падчас абвяшчэньня прысуду – судзьдзя Сяргей Салоўскі яму дазволіў", – расказала крыніца.
Вядома, што Яўгену патрэбная апэрацыя тазабедранага сустава. Яму абяцалі яе правесьці. «Стан здароўя ў яго вельмі кепкі», — дадала крыніца.
Падтрымка ўдзельнікаў гурта TOR BAND і іх сем'яў
Праваабаронца Леанід Судаленка распавёў апошнія навіны пра Ларысы Шчыракову
"У гомельскай калоніі яна працуе швачкай, на здароўе не скардзіцца, кажа, што з усімі там ужо пазнаёмілася. Перадае прывітанне і падзякі за падтрымку! Спадзяецца, што тэрмін да канца адбываць не давядзецца (жартуе, што ў яе планы гэта не ўваходзіць)...
Таксама Ларыса паведамляе, што адну вялікую перадачу (да 50 кг. раз на тры месяцы) яна ўжо змагла атрымаць, у тым ліку з вельмі патрэбнымі ёй тамака рэчамі. Хоча хуткім часам атрымаць сутачнае (належыць да 3-х сутак) спатканне з сынам.
Яшчэ шчыра марыць, што за добрыя паводзіны і станаўленне на шлях выпраўлення ёй дазволяць раней выйсці на волю…".
Нагадаем, 31 жніўня Ларысе прызначылі 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.