viasna on patreon

"Усяго толькі быў салдатам, які выконваў загад". У Швейцарыі працягнуўся суд над беларускім экс-спецназаўцам

2023 2023-09-20T14:21:23+0300 2023-09-20T14:21:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/garauski_sud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Гараўскі каля суда ў Швейцарыі, 19 верасня 2023 года

Юры Гараўскі каля суда ў Швейцарыі, 19 верасня 2023 года

У судзе кантона Санкт-Гален у Швейцарыі 19 і 20 верасня судзілі экс-байца беларускага САХРа Юрыя Гараўскага, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасці да выкрадання апазіцыйных палітыкаў. Былы спецназавец даў паказанні, дзе распавёў падрабязнасці выкрадання і забойства былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Пракурор запрасіў для яго тры гады пазбаўлення волі. Абаронца Гараўскага настойвала, што ён "ўсяго толькі быў салдатам, які выконваў загад". У апошнім слове былы спецназавец чарговы раз папрасіў прабачэнне ў блізкіх забітых палітыкаў.

На другім пасяджэнні судовага працэсу адразу выступіла адвакатка Юрыя Гараўскага, піша "Новы Час". Яна заявіла аб яго поўнай невінаватасці, прызнаючы пры гэтым, што той удзельнічаў у выкраданні апазіцыйных палітыкаў. Адвакатка мяркуе, што Гараўскага нельга прызнаць вінаватым, паколькі "мінуў тэрмін іскавай даўнасці". Паводле абаронцы Гараўскага, інфармацыя пра выкраданні і забойствы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага была апублічана рознымі крыніцамі, у тым ліку еўрапейскімі структурамі, яшчэ ў 2001 годзе.

Абаронца Гараўскага сцвярджае, што Гараўскі "ўсяго толькі быў салдатам, які выконваў загад", і што яе падсудны не ведаў пра забойствы, што плануюцца, і не меў намеру кагосьці забіваць.

У судовай зале прысутнічалі дочкі забітых апазіцыйных лідараў Алена Захаранка і Валерыя Красоўская.

Адвакатка дадае, што, на яе думку, Гараўскі не можа быць высланы ў Беларусь, паколькі яго жыццё знаходзіцца ў небяспецы. Абаронца гаворыць таксама, што Гараўскі працуе ў Швейцарыі, ён не крымінальнік, жадае жыць у Швейцарыі ў спакоі і не мае кантакту з яго былымі сябрамі са спецслужбаў.

Пасля перапынку слова ўзяў пракурор Петэр Хангартнер. Ён паўтарыў тое, што казаў у першы дзень суда: лічыць Гараўскага віноўным і мяркуе, што ў таго няма падстаў хлусіць пра свой удзел у злачынствах беларускіх спецслужбаў супраць апазіцыйных палітыкаў.

З апошнім словам выступіў і сам Юрый Гараўскі.

"Паважаны суд. Вы зараз будзеце прымаць рашэнне. Калі вы вынесеце суровае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады. Я прашу прабачэння ў блізкіх і сваякоў загінулых, разлічваю на справядлівае пакаранне швейцарскага суда".

Прысуд чакаецца на наступным тыдні ў пісьмовай форме — асобнага пасяджэння дзеля агалошвання прысуду не будзе. 

"Падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум". У Швейцарыі пачалі судзіць экс-спецназаўца па справе зніклых апанентаў Лукашэнкі

Павел Сапелка — пра суд над экс-байцом беларускага САХРа ў Швейцарыі: "Любы вынік паслужыць інтарэсам справядлівасці"

За працэсам назіраў праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка — ён пракаментаваў першы дзень суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства