viasna on patreon

Вядомага мазырскага прадпрымальніка пачнуць судзіць 14 жніўня па некалькіх пратэсных артыкулах

2023 2023-08-10T13:37:17+0300 2023-08-10T13:37:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/staracitarau-2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Старацітараў

Пётр Старацітараў

Гомельскі абласны суд у панядзелак, 14 жніўня, пачне разгляд крымінальнай справы жыхара Мазыра Пятра Старацітарава, абвінавачанага па шэрагу пратэсных артыкулаў.

Палітзняволенага прадпрымальніка Пятра Старацітарава затрымалі 6 лютага 2023 года і змясцілі ў СІЗА-3 Гомеля.

Напачатку жыхара Мазыра абвінавачвалі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Зараз вядома, што артыкулаў прад'явілі значна болей:

  • ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта;
  • ч. 1 арт. 367 – паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
  • ч. 3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 369-1 – дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • ч. 1 арт.130 – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці.

Пётр Старацітараў — 65-гадовы прадпрымальнік з Гомельшчыны, яго затрымалі за антываенныя паведамленні, якія абражалі Лукашэнку. У савецкія часы ён вучыўся ва ўкраінскім Крывым Рогу, працаваў у "Мазырпрамбудзе", а ў 1992 годзе разам з сябрамі заснаваў кампанію "Лотас", саўладальнікам якой з'яўляецца і цяпер.

Старацітараў атрымліваў граматы-падзякі ад выканкама і праваслаўнай царквы, уваходзіў у спісы найлепшых бізнэсоўцаў Гомельшчыны.  

Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Суддзя – Яўген Шаршнёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства