Дайджэст вызваленых: 37 палітвязняў у ліпені выйшлі на волю, 26 з іх — па заканчэнні тэрміну
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1494 палітвязні, а колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у ліпені на волю выйшлі мінімум 37 палітвязняволеных, 26 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, 11 чалавек былі асуджаныя да "хатняй хіміі" або "хіміі" і вызваленыя з СІЗА, яшчэ адну палітвязняволеную вызвалілі па памілаванні. За што яны адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.
26 палітвязняў цалкамі адбылі тэрміны і выйшлі на волю
Публікуем гісторыі некаторых з іх:
Палітвязень Ігнат Сідорчык – 2 гады, 10 месяцаў і 23 дні ў зняволенні
Ігнат Сідорчык — акцёр і рэжысёр. Быў затрыманы 10 жніўня 2020. 16 лютага 2021 года суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў 31-гадовага палітзняволенага рэжысёра, акцёра і паэта Ігната Сідорчыка да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі" па артыкуле 342 — "Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак". Падставай для крымінальнай справы стаў створаны Ігнатам тэлеграм-чат "Прагулка", які сілавікі выявілі ў ягоным тэлефоне 10 жніўня 2020 года. У ім Ігнат паклікаў сваіх сяброў сустрэцца 9 жніўня і распавядаў ім, у тым ліку, як карыстацца проксі-серверам і дадаткамі ў выпадку блакавання інтэрнэту. Таксама яго абвінавацілі ў блакаванні руху ўвечары пасля выбараў каля кінатэатра "Беларусь" у Мінску.
14 чэрвеня 2021 года Ігнат пачаў адбываць пакаранне ў ПУАТ № 49.
3 ліпеня 2023 г. Сідорчык выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Мікалай Кавалеўскі — 1 год, 5 месяцаў і 18 дзён у няволі
Мікалай Кавалеўскі быў затрыманы 17 студзеня 2022. А 12 кастрычніка 2021 года быў асуджаны за абразу кіроўцы АМАПа па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады) на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").
Быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
5 ліпеня 2023 г. Мікалай выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.
Палітвязень Анатоль Выдрын — 1 год, 5 месяцаў і 29 дзён
Анатоль Выдрын быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") за абразу прадстаўніка ўлады ў інтэрнэце(арт. 369 Крымінальнага кодэксу).
З 6 студзеня 2022 года адбывае пакаранне.
Быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
5 ліпеня палітзняволены цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з ПУАТ № 36.
Палітвязень Яўген Говар — 2 гады, 5 месяцаў і 6 дзён у няволі
Яўген — былы супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Яго судзілі разам Аляксандрам Бабровым, якога таксама памілавалі, па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў Говар разам з іншымі працаўнікамі БМЗ перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі завода. Першага лютага 2021 года Яўгену прысудзілі два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У верасні 2021 палітвязня па памілаванні перавялі з калоніі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (т.зв. "хімію").
7 ліпеня Яўген выйшаў на волю з бярозаўскай ПУАТ-3, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Уладзіслаў Еўсцягнееў — 2 гады, 9 месяцаў і 10 дзён у зняволенні
Уладзіслаў Еўсцягнееў — жыхар Маладзечна, да суда працаваў дэзінфекцыяністам у Цэнтральнай раённай бальніцы горада.
Быў абвінавачаны ў супраціўленні супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас затрымання сілавікамі мірных пратэстоўцаў на акцыі 19 чэрвеня 2020 года ў Маладзечна. У той дзень міліцыя адвольна, з ужываннем непрапарцыйнага гвалту затрымала аднаго з прысутных пратэстоўцаў, сцвярджаючы, што той актыўна ўдзельнічаў у несанкцыяваным мерапрыемстве. Уладзіслаў Еўсцігнееў знаходзіўся побач з некалькімі дзесяткамі гараджан, якія спрабавалі не даць затрымаць удзельнікаў мірнага сходу.
На Уладзіслава ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку міліцыі). Да суда ён знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе.
29 верасня 2020 года суд Маладзечанскага раёна вынес прысуд Уладзіславу Еўсцігнееву і пакараў яго3 гадамі пазбаўлення волі.
9 ліпеня 2023 г. палітвязень выйшаў на волю з ПК № 1, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Георгій Васіленка — 2 гады, 5 месяцаў і 5 дзён у зняволенні
У лістападзе 2021 года палітзняволенаму прысудзілі 2 гады "хіміі" за “хуліганства” (ч.2 арт.339 КК). Падставай для крымінальнай справы стала тое, што 16 жніўня 2020 года на цэнтральнай плошчы Леніна Георгій спусціў з флагштоку дзяржаўны сцяг і падняў бел-чырвона-белы сцяг.
А 15 лютага 2022 Георгій быў затрыманы ў другі раз. Па матэрыялах абвінавачання, знаходзячыся па месцы адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу, Васіленка размясціў у групавым чаце паведамленні, якія змяшчаюць выяўленыя ў лаянкавай форме абразы ў адрас Лукашэнкі.
Суддзя Віктар Казачок пакараў Васіленку пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 1,5 года. А з улікам неадбытага раней пакарання канчаткова прызначыў пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і сем месяцаў.
10 ліпеня Георгій выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Іван Паршын — 1 год, 7 месяцаў і 22 дні ў зняволенні
Іван Паршын быў затрыманы 19 лістапада 2021 года ў межах крымінальнай справы аб абразе прэзідэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксу) і распальванні сацыяльнай варожасці(арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Падставай справы сталі пасты Івана ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте".
22 траўня 2022 г. Івану прысудзілі два гады пазбаўлення волі.
У верасні 2022 г. КДБ уключыў палітвязня ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
11 ліпеня 2023 г. палітвязень выйшаў на волю з бабруйскай ПК №2, цалкам адбыўшы тэрмін. Да вызвалення Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА.
Палітзняволеная Кацярына Якаўлева — 9 месяцаў і 13 дзён у няволі
Кацярына Якаўлева — грамадзянка Расійскай Федэрацыі, супрацоўніца "Белагра". Была затрымана пасля вобшукаў у арганізацыі 29 верасня 2022 года. Кацярыну змясцілі ў СІЗА-1 паводле абвінавачвання ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
26 студзеня 2023 г. у судзе Маскоўскага раёну Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенай. 30 студзеня 2023 года Кацярыну асудзілі да аднаго года зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
12 ліпеня 2023 г. палітзняволеная выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Адразу пасля вызвалення з калоніі яе дэпартавалі ў Расію. Калі яе вывелі з варот калоніі, яна толькі на некалькі хвілін змагла ўбачыцца з дачкой і сяброўкай і дамовіцца аб далейшай сустрэчы.
Палітвязень Арцём Паўлечка — 2 гады, 11 месяцаў і 29 дзён у зняволенні
15 студзеня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Арцёма Паўлечку на тры гады калоніі па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа) Крымінальнага кодэкса за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Паўлечку абвінавацілі ў тым, што 14 ліпеня на плошчы Перамогі ён ударыў АМАПаўца нагой у грудзі і браў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць парадак.
Палітзняволены цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з ПК №3 13 ліпеня 2023.
Палітвязень Юрый Савіцкі – 2 гады, 11 месяцаў і 4 дні ў зняволенні
Дырэктар мінскай станцыі шынамантажу Юрый Савіцкі быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за яго вылучэнне, а ў ноч з 9 на 10 жніўня выйшоў з сябрамі на мітынг у Мінску супраць фальсіфікацыі выбараў.
Юрыя затрымалі 10 жніўня 2020 года на працы. Але па словах ягонай жонкі Кацярыны Савіцкай, гэта было выкраданеннем чалавека. Шасцёра чалавек у цывільным на таніраваным аўтобусе звезлі Юрыя ў невядомым кірунку.
Яму было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – "Удзел у масавых беспарадках". Затым справу перакваліфікавалі наарт. 342 КК - "Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
21 студзеня 2021 года суддзя Аляксандр Рудэнка з Кастрычніцкага суда г. Мінска прысудзіў Савіцкага датрох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. З 3 чэрвеня 2021 года пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай установе № 17.
14 ліпеня 2023 г. палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Андрэй Кудзік — 1 год, 11 месяцаў і 9 дзён у зняволенні
Актывіста з Вілейкі неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 года: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. 9 жніўня 2021 года яго зноў затрымалі і агулам асудзілі на 90 сутак адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у невыносных умовах ізалятарах Вілейкі і Смалявічаў. Пасля адбывання арышту Андрэй на волю так і не выйшаў.
У судзе Заводскага раёна Мінска 16 лютага 2022 Андрэю прысудзілі 2 гады калоніі паводле ч. 1 арт. 342 КК. На судзе актывіст не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў.
18 ліпеня палітвязень выйшаў на волю з магілёўскай калоніі № 15, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Валерый Кліменчанка — 1 год, 3 месяцы і 24 дні зняволення
Валерый Кліменчанка — жыхар Маладзечна, асуджаны да 1 года і 6 месяцаў зняволення па артыкуле аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы за каментары па “справе Зельцэра”(ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Да суда быў змешчаны ў СІЗА-1.
18 ліпеня 2023 г. палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Ілля Паланянкін — 2 гады, 10 месяцаў і 4 дні ў зняволенні
Ілля Паланянкін быў затрыманы ў 15 верасня 2020 ў Гродне за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года. Іллю абвінавацілі паарт. 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да міліцыі). А менавіта ў тым, што разам з іншымі "браліся за рукі (станавіліся ў счэпку), актыўна заклікалі іншых грамадзян удзельнічаць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, кінулі неўсталяваны прадмет у бок супрацоўнікаў МУС". Ілля Паланянкін сваёй віны не прызнаў.
9 сакавіка 2021 года быў вынесены прысуд: 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").
З 13 чэрвеня 2021 года Ілля Паланянкін адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 49.
Палітзняволены цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю 19 ліпеня.
Палітзняволеная Вольга Ялцэвіч — 1 год, 7 месяцаў і 5 дзён у зняволенні
Суд Маскоўскага раёна Брэста ў ліпені асудзіў жыхарку Докшыцаў да 2 гадоў калоніі за "фінансаванне пратэстнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 342 КК).
Згодна з матэрыяламі следства Вольга не пазней за 12 жніўня 2020 года «на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю аб зборы грошай для падтрымкі грамадзян, якія прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Вольга аплочвала сумы накладзеных на правапарушальнікаў грашовых спагнанняў, паслугі адвакатаў, дзяржаўную пошліну за падачу скаргаў.
Вядома, што ў берасцейскім СІЗА жанчыну больш за 50 сутак утрымлівалі ў карцары. На знак пратэсту супраць парушэння яе правоў і невыносных умоваў утрымання яна неаднойчы трымала галадоўку. Тэрмін Вольга адбывала ў ПК № 4.
21 ліпеня 2023 года Ялцэвіч выйшла на волю, цалкам адбыўшы свой тэрмін, піша @volhaklas.
Палітвязень Леанід Судаленка — 2 гады, 6 месяцаў і 3 дні ў зняволенні
Праваабаронца, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна" Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай 18 студзеня 2021 г. па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі датрох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У кастрычніку 2022 г. МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
21 ліпеня 2023 г. праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Антон Лакішык— 2 гады, 8 месяцаў і 8 дзён у зняволенні
Палітвязня Антона а затрымалі 14 ліпеня 2020 года каля метро "Няміга". У той вечар беларусы выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. У той вечар Антона пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусцілі. Паўторна яго затрымалі 23 ліпеня на працы, толькі ўжо ў межах крымінальнай справы.
Суд Цэнтральнага раёна 18 лістапада 2020 года асудзіў Антона па артыкуле 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу) да 3 гадоў калоніі. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён уступіў у патасоўку з АМАПаўцам, калі тыя пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў, калі апошнія сталі ў счэпку.
Палітвязень адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, адкуль выйшаў на волю 26 ліпеня.
Палітвязень Аляксей Горбач — 1 год, 9 месяцаў і 21 дзень зняволення
Аляксей Горбач быў затрыманы ў Светлагорску паводле крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
У Гомельскім абласным судзе 25 лістапада 2022 г. Аляксея прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і прызначылі яму два з паловай гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
На 14 лютага 2023 г. быў прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд.
У сярэдзіне сакавіка палітвязня этапавалі з СІЗА-3 у івацэвіцкую ПК № 5.
22 ліпеня 2023 г. палітвязень выйшаў па волю па заканчэнні тэрміну зняволення.
Палітвязень Віталь Самсонаў — 1 год, 11 месяцаў і 9 дзён у няволі
Віталь Самсонаў — жыхар Навагрудка. Яго асудзілі надва гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") па артыкулах 339 Крымінальнага кодэксу (Хуліганства) і 370 КК (Здзек над дзяржаўным сцягам).
З канца жніўня 2021 года адбываў пакаранне ў ПУАТ № 43.
31 ліпеня 2023 г. палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітвязень Андрэй Шункевіч
Андрэй Аляксандравіч Шункевіч быў затрыманы 30 верасня 2021 года ў Мінску ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці),ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады),
У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага 2023 г. вынеслі прысуд палітвязню. Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы ад 16 жніўня 2020 года і напісанні абразлівых каментароў пра сілавікоў, праўладных актывістаў і Лукашэнку. Суддзя Алена Картавенка асудзіла яго па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначыладва з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ў мінчука канфіскавалі мабільны тэлефон і сістэмны блок персанальнага камп'ютара як "сродкі здзяйснення злачынстваў".
Па падліках праваабаронцаў, палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Палітзняволеная Злата Філіпенка
Злата Філіпенка — КМС па біятлоне і па веласпорце, вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі на факультэце грамадзянскай авіяцыі. Дзяўчына была затрымана 24 сакавіка 2023 года ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Суд над Златай адбыўся 30 траўня 2023 года ў судзе Савецкага раёна Мінска. Справу разглядала суддзя Вольга Емельянчанка. Дзяўчына знаходзіцца на волі, праваабаронцы высвятляюць прысуд.
Палітзняволеная Вольга Стаянава
Вольга Стаянава была затрымана 4 жніўня 2022 года ў межах Крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Яе змясцілі ў СІЗА-1.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Вольга знаходзіцца на волі.
Палітзняволены Руслан Асятроў
Руслан Асятроў быў затрыманы 29 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў Інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Руслану выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне сацыяльнай варожасці) і змясцілі ў СІЗА-3.
У Гомельскім абласным судзе 11 лістапада 2022 г. суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызначыў мужчынудва з паловай гады пазбаўлення воліў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Руслан адбываў пакаранне ў ПК № 22.
Па падліках праваабаронцаў, палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Палітзняволены Аляксандр Гаўрыленка
Аляксандр Гаўрыленка 5 студзеня 2022 г. асуджаны надва гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за каментар пасля падзей, падчас якіх загінуў Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк (арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады).
Утрымліваўся ў магілёўскай Турме № 4.
Па падліках праваабаронцаў, палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Палітвязень Яўген Тазаў
Яўген Тазаў быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Мужчыну выставілі абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), які падчас суда быў зняты.
На пачатку кастрычніка 2022 г. Яўгена перавялі з Жодзіна ў брэсцкі СІЗА-7.
14 кастрычніка 2022 г. у Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд справы. Суддзя Дзмітрый Куроўскі прызначыў палітвязнюдва з паловай гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Па падліках праваабаронцаў, палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з наваполацкай ПК №1.
Палітвязень Яўген Календа
Яўген Календа быў затрыманы ў Брэсце па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Вядома, што Яўген праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).
20 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс Яўгена ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
Меркавана, у верасні 2022 адбыўся суд. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў наваполацкую ПК № 1.
Па падліках праваабаронцаў, палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Палітзняволеная Анастасія Пацехіна
Анастасія Вітальеўна Пацехіна была затрымана 9 лістапада 2021 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Дзяўчыне прад'явілі абвінавачванні і змясцілі яе ў СІЗА-1.
Суд Маскоўскага раёна Мінска 10 траўня 2022 г. абвясціў прысуд: суддзя Сяргей Кацэр прызнаў Анастасію вінаватай і прызначыў ёй абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2,5 гады. Дзяўчыну вызвалілі ў зале суда да накіравання ў месца адбывання пакарання.
Анастасія з'ехала ў Польшчу і знаходзіцца ў бяспецы.
Палітзняволены Андрэй Баранаў
Андрэй Баранаў — супрацоўнік EPAM. Змешчаны пад варту праз абвінавачанне ў фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці па арт. 290 Крымінальнага кодэксу за ахвяраванні фондам дапамогі.
Напачатку ліпеня 2023 г. стала вядома, што напрыканцы траўня крымінальную справу супраць Андрэя закрылі праз адсутнасць доказаў, а яго вызвалілі з СІЗА.
Адзінаццаць палітвязняў выйшлі на волю пасля суда
У ліпені беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі адзінаццаць чалавек у мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую установу адкрытага тыпу (т.зв. "хатнюю хімію") або абмежаванне волі з накіраваннем ў папраўчую установу адкрытага тыпу (т.зв. "хімію"). Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:
Алена Міцкевіч — 2,5 гады "хатняй хіміі"
Дзмітрый Міцкевіч — 3 гады "хатняй хіміі"
Валерыя Баяровіч — 3 гады "хатняй хіміі"
Дзмітрый Баяровіч — 3 гады "хатняй хіміі"
Анастасія Дулгеру — 3 гады "хатняй хіміі"
Віктар Сабалеўскі — 2,6 гадоў "хатняй хіміі"
Мікіта Найдзёнаў — 3 гады "хатняй хіміі"
Мікалай Хацяновіч — 4 гады "хіміі"
Святлана Сабалеўская — 2,5 гады "хатняй хіміі"
Паліна Пачапская — 2,5 гады "хатняй хіміі"
Ігар Буднік — 2,5 гады "хатняй хіміі"
Дайджэст вызваленых: 34 палітвязні ў чэрвені выйшлі на волю, 27 з іх — па заканчэнні тэрміну
Мой статус быў "злосны парушальнік". Леанід Судаленка — пра зняволенне, ад’езд з Беларусі і салідарнасць