viasna on patreon

Затрыманні, папаўненні ў спісе "экстрэмісцкіх матэрыялаў", ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 7-10 ліпеня Дапоўнена

2023 2023-07-10T11:38:32+0300 2023-07-10T13:17:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/liapeyka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 7-10 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

10 ліпеня

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 прозвішчы — цяпер у ім 3016 чалавек

7 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі інжынера «Магілёўскіх гарадскіх электрычных» сетак Уладзіслава Купрыянава, колішніх удзельнікаў «Еўрабачання» спевакоў Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных, а таксама іх маці Вольгу Крайко і бацьку Юрыя Каракіна.


Затрыманы магілёўскі журналіст і актывіст Дзмітрый Ляпейка 

Крыніцы mogilev.media паведамляюць пра затрыманне на 15 сутак магілёўскага актывіста і журналіста Дзмітрыя Ляпейкі. Папярэдне, затрыманне адбылося перад выхаднымі, а прычынай сталі «падпіскі і лайкі».

Дзмітрый Ляпейка да лета 2020 года супрацоўнічаў з выданнем «Магілёўскія ведамасці», потым заняўся фрылансам. Ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, быў мадэратарам шматлікіх сустрэч.


Падрабязнасці інцыдэнту з аблітым фарбай аўтамабілем з крымскімі нумарамі ў Наваполацку

Праваабаронцам сталі вядомы акалічнасці затрымання 53-гадовага беларуса Іллі Двойрына, які нібыта абліў фарбай машыну прарасійскага актывіста Сяргея Юдаева.

За некалькі дзён да здарэння ў Іллі з Сяргеем быў канфлікт на дарозе — расіянін ехаў нецвярозы за рулём, а беларус зрабіў яму заўвагу з гэтай нагоды. Пасля інцыдэнту з машынай прарасійскі актывіст узгадаў гэтую сітуацыю і паведаміў сілавікам нумар машыны беларуса, які зрабіў яму заўвагу.

Паведамляецца, што сілавікі хочуць псіхалагічна зламаць Двойрына праз яго родных, якіх затрымалі разам з мужчынам.

Нагадаем, машына прарасійскага актывіста Сяргея Юдаева з крымскімі нумарамі і вялікай літарай «Z» на капоце была пыпаркавана каля Полацкага РАУС. Ранкам 1 ліпеня гаспадар знайшоў сваю машыну з аблітым белай фарбай лабавым шклом.


9 ліпеня

Ціск на палітвязняў

5 месяцаў няма ніякіх вестак ад палітзняволенага Мікалая СтаткевічаПра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. У сярэдзіне траўня яна атрымала адказ адміністрацыі калоніі пра тое, што Мікалая змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру. Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 снежня 2021яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — яму выпісалі не менш за 36 спагнанняў. 

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін
Мікола Статкевіч

Палітзняволенага мінчука Кірыла Казея часта змяшчаюць у ШІЗА. Мінчук да затрымання працаваў у кампаніі, якая прадае кампутарную тэхніку. Кірыл жанаты, ёсць дзеці 7 і 10 гадоў. Паводле следства, Казея затрымалі за спробу правучыць кіроўцу BMW, які збіваў мужчыну на дарозе за БЧБ-сцяг. Нібыта палітвязень разам са знаёмымі збіраўся пракалоць шыны аўто мужчыны. У выніку Кірыла абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. На судзе Казей не прызнаў сваёй віны. Ён распавёў падрабязна пра затрыманне, пра гвалт, які чынілі амапаўцы, пра пагрозы і здзекі ў РУУС з боку міліцыянтаў. 

kazej_kiryl.jpg
Кірыл Казей

Былога палітвязня Аляксандра Кабанава абвясцілі ў вышук за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» 

Гэта вынікае з інфармацыі, якая маецца на адпаведным міліцэйскім стэндзе.

Нагадаем, што Кабанаў цалкам адбыў тэрмін у калоніі па палітычнай справе. Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі і працягвае сваю актывісцкую дзейнасць. Праз гэтае да яго бацькоў ужо прыходзілі з вобшукамі, а супраць Аляксандра распачалі новыя крымінальныя справы.


8 ліпеня

Папаўненні ў "экстрэмісцкім" спісе

Сайт і сацсеткі светлагорскага тэлеканала «Ранак» прызнаныя «экстрэмісцкімі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёна Гомеля 4 ліпеня. Нагадаем, 11 чэрвеня ў Светлагорску былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 б. в.

Telegram-канал з цікавосткамі пра беларускую мову «РазМова» прызнаны «экстрэмісцкім». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавіцкага раёну і Баранавічаў 5 ліпеня.

У «экстрэмісцкі» спіс унеслі праваабарончыя і моладзевыя аб'яднанні. Гаворка пра сайты і сацсеткі праектаў «Dissidentby» і «Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА"», а таксама Instagram-cтаронку «zbsunion». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» судом Чыгуначнага раёну Гомеля 5 ліпеня. Як мы пісалі раней, у той дзень за адно пасяджэнне гэты суд прызнаў «экстрэмісцкімі» ажно 105 старонак у інтэрнеце.


7 ліпеня

Мінюст падаў пазоў аб ліквідацыі Беларускай партыі «Зялёныя»

Раней ім адмовілі ў перарэгістрацыі. Старшыню Дзмітрыя Кучука запрасілі 17 ліпеня ў Вярхоўны суд «ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбіральніцтва».


Ціск на палітвязняў

Палітвязень Уладзімір Гарох у зняволенні моцна схуднеў і губляе зубы. Уладзіміра непакоіць артроза-артрыт каленных суставаў. Таксама пачалі моцна выпадаць зубы — на верхняй сківіцы засталося ўсяго шэсць зубоў. Таксама ён настолькі схуднеў, што хадзіў, трымаючыся за сцены, паведамляе hrodna.life. Усю зіму, паводле слоў сына, Уладзімір правёў у ШІЗА. За апошнія паўгода яму ўдалося перадаць усяго адну перадачу. Сын звязвае гэта з дрэнным харчаваннем і адсутнасцю вітамінаў. Жонцы Уладзіміра таксама прыйшлося пакінуць Беларусь. У красавіку 2023 года сілавікі прыйшлі да яе дадому. Сын палітвязня пакінуў Беларусь яшчэ ў жніўні 2020 года. 

Уладзімір Гарох. Фота: TUT.BY

Два тыдні няма звестак пра Паўла Севярынца, якога мусілі адправіць у турму.Паводле ініцыятывы Шклоўскай калоніі №17, дзе палітвязень адбываў пакаранне, 23 чэрвеня палітзняволенаму змянілі рэжым утрымання. Па рашэнні Шклоўскага райсуду ён павінны адбыць наступныя тры гады ў турме. Перавесці Севярынца на новае месца зняволення мусілі цягам 10-ці дзён, але сваякі нічога не ведаюць пра ягоны лёс. На думку маці палітвязня, Таццяны Севярынец, непасрэдна перад этапам ён мог трапіць у ШІЗА, дзе забароненае ліставанне. Такім чынам з ім маглі абысціся ў ПК-17, дзе яшчэ ў красавіку зняволенага палітыка, журналіста і літаратара паставілі на ўлік як злоснага парушальніка рэжыму. Паводле заканадаўства, менавіта з калоніі мусілі б паведаміць, куды пераводзяць іхнага былога вязня. Але родныя не атрымалі паведамленняў ні з ПК-17, ні ад самога Паўла, піша «Віцебская Вясна».

Павел Севярынец на судзе 25 траўня. Фота: Belapan


«Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава» прызнаны ў Расіі «непажаданай арганізацыяй»

Пра гэта паведамляе Генпракуратура РФ. Таксама ў спіс «непажаданых арганізацыяй» трапілі Human Rights House Foundation, Human Rights House Tbilisi, Educational Human Rights House Chernihiv, Human Rights House Crimea, Human Rights House Yerevan.

Паведамляецца, што дзейнасць гэтых арганізацый «накіравана на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці РФ, дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі, дыскрэдытацыю ўнутранай і знешняй палітыкі, фармаванне грамадскай думкі аб неабходнасці змены ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Сцвярджаецца, што з пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі арганізацыі займаюцца дыскрэдытацыяй знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі і Узброеных Сіл Расіі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства