#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.
Палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" этапавалі ў калоніі
2 мая стала вядома, што Алеся Бяляцкага этапавалі ў папраўчую калонію №9 у Горках, Валянціна Стэфановіча — у папраўчую калонію №15 у Магілёве, а Уладзя Лабковіча — у папраўчую калонію №17 у Шклове.
21 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе красавіка адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе "Вясны" суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім прызначаны вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі (праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну). Судовая калегія пад старшынствам Святланы Бандарэнка пакінула скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў без задавальнення, а пратэст пракурора, які прасіў змяніць фармулёўку прысуда, задаволіла.
Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў (на канвертах трэба пісаць "каранцін"):ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу ПК № 17, 213004, Шклоў, 1-я Заводская, 8, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу |
"Вясноўцы займалі такую ж праактыўную пазіцыю на працэсе, як і на волі, ведучы праваабарончую дзейнасць"
Юрыст "Вясны" выказаўся наконт крымінальнай справы супраць нашых калегаў:
"У справе "Вясны" 284 тамы. Ведаючы сваіх калегаў, упэўнены, што яны гэтаксама, як і дзяржаўнае абвінавачанне, абскардзілі прысуд. Нягледзячы на тое, што абскарджанне прысуду па палітычнай справе цяпер не з'яўляецца эфектыўным сродкам прававой абароны, яны будуць гэта рабіць для таго, каб яшчэ раз заявіць сваю пазіцыю — пазіцыю пратэсту супраць таго, што адбываецца з імі і вакол. На працягу судовага разбору мы назіралі, што вясноўцы займалі такую ж праактыўную пазіцыю на працэсе, як і на волі, ведучы праваабарончую дзейнасць. Гэта патрабаванне зняць кайданкі, гэта ацэнка працэсу як палітычна матываванага заказу, гэта неаднаразовае патрабаванне весці працэс на беларускай мове".
Чытаць цалкам:
"Вясноўцы займалі такую ж праактыўную пазіцыю на працэсе, як і на волі, ведучы праваабарончую дзейнасць"
Уладзь Лабковіч даслаў ліст на волю
"Хрыстос уваскрос! Вось і пішу ўжо традыцыйны ліст. Учора быў Вялікдзень. Маці перадала смачны куліч, які яна робіць сама, а затым асвяціла яго ў касцёле. Раней мы заўсёды ў гэты дзень ездзілі да маці.
Вялікі вам дзякуй за вашую чароўную пасылачку. Усё надзвычай смачнае. Кожная такая вестачка моцна сагравае", — напісаў Уладзь Лабковіч.
Праваабарончаму цэнтру "Вясна" споўнілася 27 гадоў — акцыя ў Вільні
26 красавіка 2023 года — 37 гадоў з дня Чарнобыльскай трагедыі і 27 гадоў з дня заснавання Праваабарончага цэнтра "Вясна". Таму вясноўцы зладзілі акцыю ў Вільні, у якой выкарысталі лозунгі з плакатаў "Чарнобыльскага шляху" за ўсю гісторыю яго правядзення і былі ў цішотках з выявамі палітзняволеных калегаў.
Так, на адным з плакатаў было напісана: "Народ — не реактор. Если рванет, его не остановишь".
"Сімвалізм у тым, што гэта плакат, які выкарыстоўваўся ў 90-м годзе ў Гомелі. Плакат трымае праваабаронца Вясны у майцы з выявай Леаніда Судаленкі, які таксама з Гомеля", — патлумачылі арганізатаркі мерапрыемства".
"Мы не хочам быць заложнікамі", – вясноўцы на акцыі ў Вільні
Былая зняволеная распавяла пра Марфу Рабкову
Былая палітзняволеная распавяла "Салідарнасці" пра два гады ў зняволенні, а таксама пра тое, як трымаецца Марфа Рабкова і іншыя жанчыны.
"Марфа вельмі моцны чалавек. Кожны дзень да яе прыходзіў ГУБАЗіК і пагражаў: «Калі ты не здасі людзей ці не падпішаш тое, мы прад'явім вось такі артыкул».
Быў момант, калі яны клалі перад ёй тэлефон і казалі, што яна можа патэлефанаваць бацьку ці бабулі ў абмен на прызнанне. Нягледзячы на тое, што бацька ў яе хварэў на анкалогію, а бабуля была ў дрэнным стане, яна не ішла на такія ўмовы.
У нейкі момант яе выклікаў псіхолаг, даў ліст з весткай аб смерці бабулі, а на наступны дзень прыйшоў ГУБАЗіК і сказаў: «Вось бачыш, мы прапаноўвалі табе патэлефанаваць, але ты ўпарцішся»".
За мінулыя два тыдні не было навінаў пра валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка, асуджанага разам з Марфай
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:Марыі Аляксандраўне Рабковай: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 |
За мінулыя два тыдні не было навінаў і пра кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленку
Напішыце Леаніду!ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра вясноўцаў і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
3. Падпішыце петыцыю за вызваленне вясноўцаў і ўсіх палітвязняў Беларусі!
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org