viasna on patreon

Без зменаў. Адбылася апеляцыя па справе "Вясны"

2023 2023-04-21T16:53:00+0300 2023-04-21T18:35:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna_za_kratami.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 21 красавіка адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе "Вясны" суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам Алесю БяляцкамуВалянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. Судовая калегія пад старшынствам Святланы Бандарэнка пакінула скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў без задавальнення, а пратэст пракурора, які прасіў змяніць фармулёўку прысуда, задаволіла. 21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" уступіў у сілу – хутка іх этапуюць у калоніі.

Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч
Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч

Пракурор прынёс пратэст, а палітзняволеныя праваабаронцы абскардзілі прысуд. Суд па іх разгляду прызначылі менш, чым за два месяцы. 

На судзе стала вядома, што Кароль прасіў змяніць прысуд у частцы прызначэння тэрміну толькі Уладзіміру Лабковічу. На яго думку, прызначэнне Лабковічу пакарання ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса з'яўляецца няслушным, бо па ім можа быць прызначана пакаранне ад 7 да 12 гадоў. Пракурор настойваў, што суд не выявіў прычын для прызначэння Лабковічу тэрміну ніжэй ніжняй мяжы, прадугледжанага Крымінальным кодэксам. Таму Кароль у сваім пратэсце мяркуе неабходным прызначыць Лабковічу пакаранне паводле часткі 4 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса у выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі. Выніковы тэрмін Уладзіміру Лабковічу, на думку дзяржабвінаваўцы, павінны застацца ранейшым – сем гадоў пазбаўлення волі. Судовая калегія з ім пагадзілася і задаволіла пратэст.

Алеляцыйныя скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў пакінуты без задавальнення.

Разгляд скаргаў праходзіў у адкрытым рэжыме, але саміх вясноўцаў у суд не даставілі, таму яны не маглі ў поўнай меры абараняць свае правы. 21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў уступіў у сілу – хутка іх этапуюць у калоніі. 


Коратка пра судовы працэс па справе "Вясны" 

Валянцін Стэфановіч на судзе
Валянцін Стэфановіч на судзе

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня 2023 года амаль два месяцы разглядала суддзя Марына Запаснік. Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання". Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". У прыватнасці, праваабаронцаў вінавацілі ў аплаце штрафаў рэпрэсаваным, рахункаў за харчаванне ў ізалятарах і працы адвакатаў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй.

У матэрыялах справы 284 тамы. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце "Вясны" і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі "Вясны" па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) – незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. 

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні.

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

“Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.

Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары":

"Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію".

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям. 

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча.Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".

Трэцяга сакавіка суддзя Марына Запаснік прызначыла заснавальніку Праваабарончага цэнтра "Вясна" і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі, намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH  Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі, праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна. Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў), старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай". Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса. Падчас прысуду іх рукі былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі.

Пракурор прынёс апеляцыйны пратэст на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка.

Пад вартай праваабаронцы ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.

"Вясноўцы займалі такую ж праактыўную пазіцыю на працэсе, як і на волі, ведучы праваабарончую дзейнасць"

Напярэдадні апеляцыі мы пагутарылі з юрыстам "Вясны" наконт крымінальнай справы супраць нашых калегаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства