У Мінску асудзілі пластычнага хірурга Аляксея Дужага за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Савецкага раёна Мінска 28 красавіка вынесены прысуд пластычнаму хірургу Аляксею Дужаму, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Палітзняволенага Аляксея Дужага затрымалі 14 лютага 2023 года наўпрост на працоўным месцы. Пра затрыманне хірурга стала вядома 15 лютага. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Белыя халаты. News", пасля затрымання яго арыштавалі на 15 сутак, а потым на яшчэ 12 сутак паводле арт. 19.11 КаАП – «выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Хірурга затрымлівалі таксама 20 верасня 2020 года на "Маршы справядлівасці" ў Мінску.
Вядома, што ў канцы мінулага года ў кватэры лекара ў Гомелі прайшоў ператрус.
Суд прысудзіў пластычнага хірурга Аляксея Дужага да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ адкрытага тыпу.