Мужчыну асудзілі за ўдзел у Маршы і бойку з прычыны "палітычнай абстаноўкі" у 2020 годзе
Стала вядома, што трэцяга красавіка 2023 году ў судзе Маскоўскага раёну Мінску агучылі вырак Дзмітрыю Лебедзеву. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 149 (Наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэксу і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1850 рублёў).
Згодна з арт. 342 КК, яму прызначылі два з паловай гады "хатняй хіміі", згодна з арт. 149 КК — адзін год "хатняй хіміі" і штраф у памеры 50 базавых велічыняў. Канчатковае пакаранне прызначанае шляхам частковага складання асноўных пакаранняў — "хатняй хіміі" — і поўнага далучэння дадатковага — штрафу. Акрамя таго, ён мусіць выплаціць дзяржаве выдаткі: 11 капеек.
Да прысуду Дзмітрый знаходзіўся пад вартай з 22 лістапада 2022 году, яго вызвалілі ў зале суда.
Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ў адным з Маршаў у 2020 годзе. Ягоныя дзеянні — у тым ліку, знаходжанне на праезнай частцы і дэманстрацыя пратэснага "V-падобнага сімвалу" — нібыта перашкодзілі руху транспарту і працы прадпрыемства. Таксама яго судзілі за інцыдэнт, падчас якога ён ударыў іншага чалавека кулаком у твар.
Дзмітрый Лебедзеў прызнаў віну і распавёў, што прыйшоў у краму на вуліцы Веры Харужай у Мінску і ўбачыў вялікі натоўп людзей, якія рушылі па праезнай частцы, былі пазначаныя пратэснай сімволікай і выкрыквалі лозунгі. Каб прыняць удзел у Маршы, ён далучыўся да натоўпу. Пазней, калі ён убачыў свой фотаздымак у адным з "экстрэмісцкіх" рэсурсаў, то пераслаў гэты фотаздымак сваёй знаёмай. Таксама ён пацвердзіў, што пазней праз славесны канфлікт ударыў пацярпелага ў твар. На той момант Лебедзеў быў п'яны. Пацярпелы дадаў, што канфлікт ўзнік з прычыны палітычнай абстаноўкі ў краіне ў 2020 годзе.