#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.
Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па "справе Вясны"
Пракурор прынёс апеляцыйны пратэст на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" прызначаныя жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. Пра гэта паведаміў у лісце на волю асуджаны да дзевяці гадоў калоніі Валянцін Стэфановіч. Нагадаем, пракурор Аляксандр Кароль запрашваў большыя на два гады кожнаму тэрміны зняволення і больш буйныя штрафы, але суддзя Марына Запаснік пастанавіла іншы прысуд. Разгляд апеляцыйнага пратэсту на прысуд па справе "Вясны" адбудзецца 21 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Разглядаць пратэст будзе суддзя Святлана Бандарэнка.
"Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі", – напісаў Валянцін Стэфановіч.
Паспейце падтрымаць праваабаронцаў "Вясны" да апеляцыі! Гэта можна зрабіць любым магчымым спосабам:
- Даслаць пасылку. Добрай падтрымкай будзе "медыцынская бандэроль", напрыклад, з абязбольнымі, гарачкапаніжальнымі, супрацьзапаленчымі і любымі вітамінамі. Такую бандэроль трэба падпісаць "з медыкаментамі".
- Зрабіць грашовы перавод. Грошы, якія будуць пералічаныя на іх рахунак у СІЗА, перойдуць з імі ў калонію.
- Даслаць тэлеграму праз пошту або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога).
Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
"Гарантаваць недатыкальнасць усіх актывістаў "Вясны"
Бельгійская арганізацыя “Дзеянні хрысціянаў за адмену катаванняў” (ACAT) прапануе звярнуцца да ўладаў Беларусі з заклікам адмяніць судовыя выракі зняволеным праваабаронцам “Вясны”, безумоўна вызваліць іх і ўсіх палітвязняў.
У звароце акцэнтуецца ўвага, што напачатку сакавіка былі вынесеныя суровыя прысуды лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і кіраўніку “Вясны” Алесю Бяляцкаму, яго намесніку Валянціну Стэфановічу і юрысту Уладзіміру Лабковічу. Гэта адбылося ва ўмовах вайны і ўзмацнення жорсткасці рэжыма Лукашэнкі, няспынных рэпрэсій і катаванняў у Беларусі, татальным падаўленні галасоў грамадства, якое пазбаўленае свабоды думкі і выказвання меркаванняў.
Прыхільнікі ACAT да ўладаў Беларусі: "Гарантаваць недатыкальнасць усіх актывістаў "Вясны"
Жонка Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук наведала Літву
Наталля Пінчук наведала Вільню ў межах двух тыдняў салідарнасці з палітзняволеным сябрам ПЦ "Вясна" і Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім у Польшчы і Літве.
У Вільні Наталля прэзентавала кнігі пра Бяляцкага: “Алесь” выдання Беларускага ПЭНа і “Алесь Бяляцкі на Свабодзе” выдання “Бібліятэкі Радыё Свабода”.
"Мы бачым, што імя Алеся нас аб'яднала ўсіх, сабрала ў гэтых сценах. І вельмі важна зараз гаварыць не толькі пра Алеся, а гаварыць пра ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.
Нам важна кожны раз падымаць голас — наш беларускі голас, каб нас чулі тут за мяжой", – прамовіла Наталля Пінчук падчас прэзентацыі.
"Імя Алеся нас аб'яднала". Як прайшла прэзентацыя кніг пра Алеся Бяляцкага ў Вільні
Наталля Пінчук выступіла і ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на сустрэчы "Алесь Бяляцкі – змагар за свабоду".
"Я б хацела выказаць падзяку ЕГУ за магчымасць выказацца пра палітзняволеных і таксама пра Алеся", – сказала Наталля Пінчук падчас сустрэчы.
Наталля Пінчук сустрэлася з Міністрам замежных справаў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам. Ён паабяцаў працягваць літоўскую падтрымку беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.
Таксама жонка Нобелеўскага лаўрэата сустрэлася са Святланай Ціханоўскай:
"Мела гонар паразмаўляць з Наталляй Пінчук. І пры асабістай сустрэчы яшчэ раз пераканалася, якая ж гэта мужная, смелая жанчына з добрым сэрцам.
Я ведаю, што гэта такое, калі твой муж за кратамі, калі не ведаеш, як ён сябе адчувае і як яму дапамагчы. І мяне сапраўды натхняе, што нягледзячы на выпрабаванні, Наталля не ачарсцвела і не паказвае нават стомленасці. Яна выпраменьвае столькі неймавернай цеплыні, што і мне становіцца лягчэй.
Захапляюся яе сілай і сілай Алеся Бяляцкага. Гэтыя людзі — сапраўдны гонар Беларусі", — пракаментавала Святлана Ціханоўская.
Наталля Пінчук і Святлана Ціханоўская разам выступілі на Другім саміце за дэмакратыю, які праходзіць пад патранатам Байдэна.
"Самы цяжкі ўрок, які мы засвоілі за гэтыя гады, — гэта тое, што свабода ніколі не даецца бясплатна, яна прыходзіць з патрабаваннямі. І незалежнасць таксама не гарантаваная назаўжды.
Гэтыя каштоўнасьці патрабуюць мужнасці, адказнасці і самаахвярнасці. Ім патрэбны людзі, гатовыя ставіць інтарэсы іншых на першае месца", — сказала Наталля Пінчук падчас свайго выступу ў анлайн-фармаце.
Акрамя гэтага, Амбасада ЗША ў Мінску прыняла Наталлю Пінчук на сустрэчы з дыпламатамі ў Вільні.
"Заклікаем улады ў Мінску вызваліць усіх палітзняволеных і чакаем таго дня, калі беларусы змогуць бяспечна вярнуцца дадому", — адзначылі прадстаўнікі Амбасады.
Больш за 800 дзён за кратамі правёў Леанід Судаленка
Больш за 800 дзён за кратамі знаходзіцца праваабаронца Леанід Судаленка. Нагадаем, праваабаронца "Вясны" з Гомеля Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 года. Пазней суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў Леаніда да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму. У студзені мінулага году праваабаронца быў этапаваны ў папраўчую калонію №3.
Нажаль, Леаніду Судаленко ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу.
Напішыце Леаніду!ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Сімвалічная "хросная" даслала ліст падтрымкі Марфе Рабковай
Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" Марфы Рабковай, даслала ліст падтрымкі праваабаронцы пасля разгляду яе апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе.
"Дарагая Марфа Рабкова!
Дзякуючы вашай мужнай і непахіснай адданасці правам чалавека, дэмакратыі і свабодзе, вы застаецеся неверагодна выдатным прыкладам для пераймання для мяне і многіх людзей ва ўсім свеце. Наша салідарнасць з вамі непарушная, і я запэўніваю вас, што мы працягваем думаць пра вас, звяртаць увагу на вашу сітуацыю і выступаць на вашым баку да таго часу, пакуль вы і вашыя паплечнікі нарэшце не атрымаеце справядлівасць і свабоду".
"Наша салідарнасць з вамі непарушная"
Нагадаем, праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову 15 сакавіка этапавалі ў гомельскую ПК-4. Валанцёр Андрэй Чапюк этапаваны ў івацэвіцкую ПК-22. Таму ім нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх ўступіў у сілу. Абодва ўнесеныя ў "тэрарастычны спіс", таму ім забароненыя грашовыя пераводы ў калоніі.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:Марыі Аляксандраўне Рабковай: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 |
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА вызначаны ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх ўступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @Viasnainfo, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і Алесю Бяляцкаму ў следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго набыў моц. Таксама нельга зрабіць грашовыя пераводы Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org