viasna on patreon

Бабруйчаніна будуць судзіць за "публічныя заклікі да арганізацыі мітынгу". Распавядаем, што гэта за артыкул

2023 2023-03-31T13:37:03+0300 2023-04-09T19:24:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pushkinskaya_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 4 красавіка пачнецца суд над мясцовым жыхарам Вадзімам Няхаем. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-3 (публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення незаконных сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання альбо ўцягванне асоб ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах). Што характэрна, па апошнім артыкуле Крымінальнага кодэкса ў Беларусі да гэтага нікога не судзілі. Разбіраемся з юрыстам, што гэта за артыкул і чаму ўлады яго раней не ўжывалі.

15 жніўня,
15 жніўня, "Пушкінская", развітванне з загінулым дэманстрантам Аляксандрам Тарайкоўскім на акцыі пратэсту 10 жніўня. Фота: spring96.org

Артыкул 369-3. Публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення незаконных сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання альбо ўцягванне асоб ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах

Публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, альбо ўцягванне асоб ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах шляхам гвалту, пагрозы прымянення гвалту, падману або выплаты ўзнагароджання, альбо іншая арганізацыя або правядзенне такіх масавых мерапрыемстваў, калі іх правядзенне пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей, прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання аднаму або некалькім асобам або прычыненне шкоды ў буйным памеры пры адсутнасці прыметаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 293 і 342 гэтага Кодэкса, —

караюцца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Паказальна, што склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 369-3, быў уведзены ў Крымінальны кодэкс яшчэ ў 2011 годзе, пасля падзей "Плошчы-2010", калі ўлады зрабілі выснову, што ад развіцця лічбавых тэхналогій, з дапамогай якіх збіраліся маўклівыя акцыі пратэсту, трэба адгарадзіцца заканадаўчым бар'ерам, не асоба задумваючыся над тым, якую пагрозу нясе гэты склад злачынства правам чалавека.

"Доўгі час улады трымалі інструментар для рэпрэсіяў у дачыненні да свабоды слова і сходаў у фармаце "мёртвага" артыкулу. Ён не ўжываўся, таму што ў шырокім арсенале рэпрэсіўных інструментаў былі прэвентыўныя затрыманні за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне ўдзельнікаў мірных сходаў.

Ужо пасля вызвалення ў 2015 годзе палітычных зняволеных, Мікалай Статкевіч стаў "пашыраць прастору свабоды" хай і нешматлікімі акцыямі ў цэнтры Мінска, але вельмі рашучымі і сімвалічнымі. У адказ на гэта ўлады ўвялі практыку пераследу грамадзян за анонсы такіх мерапрыемстваў на старонках у сацсетках.

Сэнс рэпрэсіі складаўся ў тым, што пакуль выканкам не менш чым за пяць дзён не дасць адабрэнне і не ўзгодніць акцыю, пра яе фармальна нельга пісаць публічна, называючы дату, месца і час. Падобныя палажэнні нацыянальнага закона "Аб масавых мерапрыемствах" крытыкаваліся праваабарончай супольнасцю на ўсіх пляцоўках, ацэньваліся як не сумяшчальныя з правамі чалавека Венецыянскай камісіяй, меркаваннямі Камітэта па правах чалавека па зваротах на пастановы судоў, якімі грамадзян рэпрэсавалі ў адміністрацыйным парадку па ч.2 арт. 23.34 КаАП", — распавядае юрыст.

Улады пад ціскам ЕС і ЗША пайшлі на змякчэнне рэпрэсіўнага патэнцыялу Нацыянальнага закона і ўвялі паведамляльны парадак для сходаў у спецыяльна пазначаных месцах, дзе мэтавая аўдыторыя сходу дакладна не пачуе і не ўбачыць нічога з таго, што адбываецца. Далей была гісторыя пра неабходнасць аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, медыцынскага персаналу і камунальных службаў.

"І вось пасля 2020 года ўлады не сталі цырымоніцца, і "ажывілі" арт. 369-3 КК, які ў прынцыпе для звычайнага чалавека складаны для ўспрымання, не кажучы ўжо пра прадказальнасць юрыдычных наступстваў. Склад злачынства, які прадугледжаны гэтым артыкулам, фармальна-матэрыяльны: гэта азначае, што ў рамках дадзенага артыкула можа быць некалькі складаў злачынстваў. То бок, на практыцы ён можа прымяняцца як за фармальнае парушэнне нацыянальнага закона, які рэгулюе парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, так і за дзеянні, якія цягнуць цяжкія наступствы.

Частка, якая можа прымяняцца за фармальнае парушэнне нацыянальнага закона, уяўляе найбольшую пагрозу для правоў чалавека. Логіка ўладаў пасля 2020 года такая, што за пост у сацыяльных сетках пра месца, час і дату правядзення мірнага сходу, ці нават проста за паведамленне пра тое, што трэба сабрацца, улады ўжо не будуць сябе абцяжарваць адміністрацыйным затрыманнем, і нават не будуць махаць санкцыяй арт. 369-3 КК, а проста бяруць пад варту чалавека, які такі пост апублікаваў".

Юрыст у гэтым заўважае адну тэндэнцыю: улады з дапамогай заканадаўчых механізмаў выпальваюць любую магчымасць для публічнай дыскусіі і сваёй крытыкі, па сутнасці зваротнай сувязі з грамадствам, з выкарыстаннем крымінальна-прававых нормаў, якія не толькі не з'яўляюцца прадказальнымі з пункту гледжання юрыдычных наступстваў, але яшчэ і грубейшым чынам парушаюць правы чалавека на заканадаўчым узроўні, па сутнасці, гэта адкрытая палітычная рэпрэсія ў дачыненні да ўсіх асобаў, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства