viasna on patreon

У Мінску асудзілі айцішніка, які пагражаў гвалтам былому начальніку ГУБАЗіКа і яго сям'і

2023 2023-03-29T12:08:52+0300 2024-12-02T16:16:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shakirau-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Шакіраў

Ілля Шакіраў

У судзе Партызанскага раёна Мінска 13 сакавіка разгледжаная крымінальная справа грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, вядучага інжынера-праграміста аднаго з прадпрыемстваў Іллі Шакірава. Яго абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, начальніка ГУБАЗіК МУС Карпянкова (арт. 364 КК).

Суд павінен быў разглядаць і іншыя абвінавачанні, вылучаныя Шакіраву: абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369). Справаводства па іх было спынена судом за заканчэннем тэрмінаў даўнасці згодна КК, які дзейнічаў па стане на 2020 год, аб чым хадайнічала адвакатка.

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Супічэнка.

Іллю Шакірава затрымалі 30 лістапада 2022 года.

На праўладных тэлеграм-каналах праз некалькі дзён з'явілася «пакаяльнае відэа» з 35-гадовым Іллём Шакіравым. На ім айцішніка прымушаюць назваць свой вялікі заробак, а таксама “прызнацца” ў тым, што ён пакідаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі.

Па матэрыялах абвінавачання, Шакіраў у лістападзе 2020 года ў прызнанай ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкай тэлеграм-групе (чаце), у мэтах перашкоды законнай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў і з помсты за выкананне начальнікам ГУБАЗіК МУС Карпянковым службовай дзейнасці, наўмысна пагражаў ужываннем гвалту ў дачыненні да яго і ягоных блізкіх, размясціўшы каментар, які змяшчае прыкметы вербальнай агрэсіі.

"Факт давядзення пагрозы да ведама пацярпелага пацвярджаецца абвешчанымі паказаннямі пацярпелага, які цалкам прызнаў сваю віну. Пагроза прымянення гвалту выказалася ў выказванні абвінавачаным намеры нанесці шкоду жыццю і здароўю пацярпелага і яго блізкім. Судом таксама ўлічваецца і абстаноўка, якая склалася ў краіне, калі дэструктыўнымі сіламі праводзіцца мэтанакіраваная праца, накіраваная на ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту," - лічыць бок абвінавачання.

Пакрыўджаны міліцыянер таксама вылучыў патрабаванне аб спагнанні матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 2 000 рублёў.

Суд прызначыў Іллю Шакіраву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Матэрыяльную кампенсацыю абвінавачаны аплаціў добраахвотна да пачатку судовага працэсу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства