"Гэта ўсё ёсць у нашай гісторыі": як палітвязні спрычыняліся да святкавання Дня Волі ў розныя часы
Дзень Волі – не толькі гістарычная дата для беларусаў. Угодкі абвяшчэння незалежнай вольнай Беларускай Народнай Рэспублікі заўсёды былі для ўладаў чарговай нагодай для рэпрэсій. Шмат хто з цяперашніх палітвязняў так ці інакш спрычыняўся да святкавання 25 сакавіка: у гэты дзень яны сядзелі на "сутках" пасля затрыманняў на мірных сходах, арганізоўвалі святкаванні і чыталі на іх прамовы, назіралі за мірнымі сходамі. "Вясна" распавядае пра ўдзел палітзняволеных у святкаванні Дня Волі ў розныя часы.
Два гады таму, 25 сакавіка 2020 году, старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю Беларускаму Радыё Рацыя так ахарактарызаваў важнасць гэтага важнага для беларусаў дня:
“Я проста перакананы, што Свята Волі 25 Сакавіка заўсёды было той „чырвонай анучай”, на якую вельмі нервова рэагаваў нелегітымны кіраўнік дзяржавы.Калі глядзець, пачынаючы з 1994 года, то большасць святаў на 25 Сакавіка заўсёды праходзілі з затрыманнямі, з разгонамі. І мяне затрымлівалі таксама. Гэта ўсё ёсць у нашай гісторыі. Давайце ўзгадаем, што было на 25 Сакавіка ў 2017 годзе, калі цэнтр Менска быў фактычна акупаваны сіламі АМАПу, спецназу, унутраных войск.Тады былі затрыманыя некалькі соцень чалавек. Сённяшнія ўлады ўспрымаюць Дзень Волі як непасрэдную пагрозу для іх “сталінска-савецкай спадчыны”.Яны бачаць свой пачатак з Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ад камуністаў, якія задушылі фактычна Беларускую Народную Рэспубліку. І вельмі моцна абмежавалі нашу незалежнасць, практычна знішчылі яе, што пасля прывяло да масавых рэпрэсій. Сотні тысяч забітых беларусаў на сумленні тагачаснай камуністычнай улады. А сённяшняя ўлада ў Беларусі – гэта іхны прамы нашчадак. Тым не менш, свята застаецца і яно святкуецца па-рознаму і ў розных умовах”.
Сярод удзельнікаў святочных акцый ва ўсе часы было нямала цяперашніх палітвязняў: гістарычныя фотаздымкі нагадваюць, што барацьба беларусаў за незалежнасць пачалася далёка не ў 2020 годзе.
Алесь Пушкін: распачынаў традыцыю святкавання Дня Волі ў 1989 годзе
Публічна ў Беларусі ўпершыню адсвяткавалі Дзень Волі ў 1989 годзе. Тады студэнты Тэатральна-мастацкага інстытуту зладзілі ў Менску перформанс, і адным з удзельнікаў быў Алесь Пушкін. Ён вынес на ганак інстытуту бусла з паперы. 71 балёнік сімвалізаваў 71 год БНР. Пушкіна і яшчэ 35 чалавек тады затрымалі. Мастаку прысудзілі 15 содняў. З таго часу 25 сакавіка Беларусі адзначаецца штогод.
Пасля гэтага Алесь Пушкін неаднаразова прымаў удзел у шэсцях на 25 сакавіка. На гэтым фота ён з жонкай Янінай у 1998 годзе.
Алесь Бяляцкі: у 1991 годзе вывесіў сцяг на музеі Багдановіча
24 сакавіка 1991 года тады дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі разам з інжынерам музея Алесем Астраўцовым вывесіў на балконе музея бел-чырвона-белы сцяг напярэдадні Дня Волі.
Павел Севярынец: у 2014 годзе нагадаў, як не дапускаць расійскага прасоўвання ў Беларусь
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі "Беларуская Хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец падчас святкавання Дня Волі ў 2014 годзе нагадаў, што ў беларускай мове "воля – гэта свабода, але таксама воля – гэта рашучасць".
Тады палітык прапанаваў, як не дапусціць расійскага прасоўвання ў Беларусь: "Мы можам праводзіць акцыі салідарнасці, мы можам рабіць інфармацыйныя акцыі, мы можам выпускаць улёткі і можам праводзіць творчыя мерапрыемствы. Мы можам наладжваць салідарнасць і з Украінай, і з агулам беларускім рухам. Гэта барацьба будзе доўгай. (...) Але ў нас з вамі ёсць надзея. Я заклікаю вас байкатаваць расійскія тэлеканалы, якія хлусяць пра Ўкраіну і пра Беларусь. Я заклікаю вас байктаваць беларускія афіцыёзныя тэлеканалы. Заклікаю вас байкатаваць расійскія тавары і паслугі, бо менавіта яны ёсць адной з крыніцаў агрэсія, якую Расія ажыццяўляе ў дачыненні да суседніх народаў".
Андрусь Асмалоўскі: ратаваў сцяг у 2017 годзе
«Я не мог трываць, што наш сцяг топчуць быкі ў міліцэйскай форме», — казаў Андрэй Асмалоўскі ў інтэрв’ю СМІ ў 2017 годзе. Падчас акцыі на Дзень Волі, калі пачаўся разгон і затрыманні, бел-чырвона-белы сцяг быў адкінуты на асфальт і апынуўся побач з аўтазакам, пад нагамі амапаўцаў. Тады Андрэй падняў яго, узняў угару і крыкнуў «Уздымаем сцяг назад!» За гэта мужчыну адразу затрымалі. Праўда, у той жа вечар ён быў адпушчаны дадому нават без пратакола.
Мікола Статкевіч: ускладаў кветкі замест затрыманых у 2019 годзе
Мікола Статкевіч шмат разоў удзельнічаў у акцыях, прымеркаваных да Дня волі. Перад і падчас іх яго неаднаразова затрымлівалі. А, напрыклад, у 2017 годзе, калі ён быў лідарам Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, Статкевіч узяў на сябе адказнасць за правядзенне акцыі. А ў 2019 годзе, калі падчас святкавання Дня Волі былі затрыманыя шматлікія ўдзельнікі акцыі і музыканты, якія выступалі падчас мерапрыемства, Мікалай Статкевіч разам з актывам “Народнай Грамады” прыпыніў урачыстую вечарыну ў гонар Дня волі і замест затрыманых усклаў кветкі да месца ў Менску, дзе працавалі бацькі-заснавальнікі БНР.
Кацярына Андрэева: затрыманая за стрым у 2017 годзе
Журналістка Кацярына Андрэева была затрыманая ў 2020 годзе на стрыме з Плошчы Пераменаў. Аднак гэта не першае яе затрыманне на працоўным месцы: падчас святкавання Дня Волі ў 2017 годзе затрымалі наўпрост падчас стрыму. Пасля Кацярына распавядала пра гэта ў эфіры “Белсата”.
Павел Белавус: ладзіў святкаванні
Павел Белавус быў адным з арганізатараў самага масавага Дня Волі ў XXI стагоддзі – у 2018 годзе. Тады на канцэрце ў Менску адначасова прысутнічалі 11 тысяч чалавек – да шматтысячных Маршаў у 2020 годзе гэта быў небывалы масштаб мерапрыемстваў такога кшталту.
Зміцер Дашкевіч: атрымаў штраф за прамову ў 2019 годзе
Змітра Дашкевіча затрымалі на дазволеным мітынгу-канцэрце ў гонар Дня Волі 24 сакавіка 2019 году ў Кіеўскім скверы сталіцы. Дашкевіч выступіў з рэзкай прамовай, пасля якой яго затрымалі людзі ў цывільным на вачах у дзяцей і цяжарнай жонкі. У прамове ён казаў сярод іншага: «Гэта свята і для „шунявак“, і для „іхтамнетаў“, і для прапагандыстаў, бо, каб не 25 сакавіка і незалежнасць, дзе б яны зладзейнічалі?» Тады суддзя Іван Касцян аштрафаваў Дзмітрыя Дашкевіча на 45 базавых велічыняў (1147,5 рублёў).
Мікалай Казлоў: выступаў на канцэрце ў 2019 годзе
Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі разам з паплечнікамі выступаў на канцэрце, прысвечаным 101-годдзю са Дня абвяшчэння БНР.
Вітольд Ашурак: пісаў ліст з калоніі ў 2021 годзе
25 сакавіка 2021 году Вітольд Ашурак напісаў з калоніі:
«Пішу табе вечарам 25 сакавіка. Увесь дзень слухалі праз вакно, як пібікаюць машыны ў Гродне. Але, зразумела, што нічога не бачылі. Тэлевізара няма. Радзіва таксама. Пра інтэрнэт увогуле маўчу. Карацей ты разумееш, у якім інфармацыйным вакууме я знаходжуся ў той самы момант, калі ў краіне адбываюцца важныя падзеі».
Таксама ў сацсетках Вітольда захавалася фота, якое ён апублікаваў 26 сакавіка 2019 году з подпісам “Вывешваць беларускія сьцягі над будынкамі крута! А над усім горадам – яшчэ лепш!”
Павел Юхневіч: збіраецца выходзіць на волю ў 2025 годзе
Павел Юхневіч – актывіст “Еўрапейскай Беларусі”, якога асудзілі да пяці гадоў калоніі. Сёлета ён даслаў з няволі ліст, у якім распавёў, што выйдзе з калоніі 25 сакавіка 2025 году. “Хіба не сімвалічна?” – запытаў ён.
Таксама ён распавядаў, што быў “палявым камандзірам вулічнага супраціву ў Менску” і пратэставаў яшчэ калі быў школьнікам:
"25 сакавіка 2000 году нам, як і ўсім менскім школьнікам, забаранілі пакідаць школу. Але я сышоў на святкаванне Дня Волі і быў затрыманы — пачаліся «разборкі». Памятаю, калі прыйшоў з маці ў школу, у кляснай кіраўніцы так трэсліся рукі, што ключы ў іх звінелі".
Удзел палітзняволеных вясноўцаў
Праваабаронцы “Вясны” не толькі адзначалі і адзначаюць зараз гэты дзень. За рэдкім выключэннем, штогод 25 сакавіка і напярэдадні гэтай даты ў “Вясну” сцякаецца з розных гарадоў інфармацыя пра парушэнні правоў чалавека, напружана працуюць юрысты, валанцёры, журналісты. Часта сярод затрыманых у гэты дзень былі і вясноўцы, якія займаліся маніторынгам мірных шэсцяў і мітынгаў.
Алесь Бяляцкі неаднаразова выступаў на мітынгах з нагоды святкавання Дня Волі. Вось адзін з ягоных выступаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску ў 1997 годзе.
20 год таму, праваабаронцы “Вясны” прымалі ўдзел у мітынгу ў Купалаўскім парку, прысвечаным Дню Волі. У той дзень, калі грамадзяне вырашылі прайсці да помніка Якубу Коласу, каб ускласці кветкі, яны былі жорстка разагнаныя сілавікамі. За плошчаю Перамогі супрацоўнікамі міліцыі было затрымана каля ста ўдзельнікаў мітынгу і журналістаў. Многім з арыштаваных дапамогу аказвалі праваабаронцы.
Захаваліся фотаздымкі затрымання Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча на адным з Дней Волі на Плошчы Свабоды.
“Вясноўцаў” затрымлівалі і падчас ажыццяўлення назірання. Так, цяпер палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка нават зрабіла сэлфі ў аўтазаку, калі назіральнікаў “Вясны” затрымалі падчас Дня Волі ў 2018 годзе.
Але нягледзячы на пастаянны ціск, праваабаронцы выпусцілі некалькі справаздачаў па маніторынгу мірных сходаў 25 сакавіка ў розныя часы. З імі можна азнаёміцца па спасылках.
Справаздача па маніторынгу мірных сходаў 25 сакавіка 2019 году ў Мінску
Справаздача па маніторынгу мірных сходаў 25 сакавіка 2018 гадоў ў Мінску
Справаздача па выніках маніторынгу акцыі “Дзень Волі” ў Мінску 25 сакавіка 2017 году
Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзень Волі – 2016”
25 сакавіка 2016 года ў Мінску адбылося масавае мерапрыемства з 17 па 20 гадзін.
Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзень Волі – 2015”
Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства (дэманстрацыі і мітынга), прысвечанага 96-й гадавіне абвяшчэння БНР
Справаздача назіраньня за масавым мерапрыемствам 25 сакавіка 2012 г. у Менску па адзначэньні Дня Волі
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаныя ілюстрацыі з сайтаў "Вытокі", "Радыё Свабода", "Наша ніва".