viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу мірных сходаў 25 сакавіка ў Мінску

2019 2019-03-27T13:16:54+0300 2019-03-28T10:06:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/monitoring_25.03_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 сакавіка 2019 года ў Мінску прайшлі некалькі мірных сходаў, прысвечаных 101 гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

monitoring_25.03_1.jpg
Затрыманне Міхаіла Савіцкага. Фота Радыё Свабода

Высновы:

  1. 25 сакавіка 2019 года ў Мінску прайшлі не менш за тры мірныя сходы. Усё сходы насілі мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/цы не выкарыстоўвалі заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і вайне, не ўжывалі і не правакавалі гвалт. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. У ходзе мірных сходаў адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць частку супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, так як яны былі ў цывільнай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў. Знаходжанне супрацоўнікаў/ніц міліцыі на мірных сходах у цывільнай форме адзення не дазваляе ўдзельнікам/цам разумець іх функцыі і паўнамоцтвы, а таксама не спрыяе камунікацыям і эфектыўнаму рашэнню складаных або канфліктных сітуацый, не дазваляе праваахоўным органам весці сваю дзейнасць празрыста і адказна.
  3. Перашкодаў працы незалежных назіральнікаў/ніц і СМІ не зафіксавана, што з'яўляецца станоўчай практыкай. Разам з тым у супрацоўнікаў/ніц адсутнічае комплекснае разуменне функцый і задач незалежнага назірання, яны не інфармаваныя пра магчымую прысутнасць назіральнікаў/ніц.
  4. У назіральнікаў/ніц няма звестак пра падачу арганізатарамі заявы ці паведамлення на правядзенне мірных сходаў 25 сакавіка ў Мінску. Аднак, паколькі тры прааналізаваных сходы былі нешматлікімі, статычнымі і непрацяглымі па часе, яны не патрабавалі дэталёвага ўзгаднення з уладамі і праваахоўнымі органамі. Разам з тым, папярэдняе паведамленне уладам пра планаваны мірны сход з'яўляецца добрай практыкай, якая спрыяе эфектыўнай камунікацыі ўсіх зацікаўленых бакоў.  
  5. Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе пра 15 затрыманых 25 сакавіка ў Мінску. Большасць з іх было адпушчана з РУУС увечары таго ж дня без складання пратаколаў пра парушэнне заканадаўства.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні пра магчымасці выканання назіральнікамі/цамі і журналістамі/камі сваіх функцый, пра паводзіны арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў/ніц. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

25 сакавіка ў Беларусі адзначаецца традыцыйнае свята "Дзень Волі" у гонар гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017 і 2018 гадах фіксаваліся шматлікія рэпрэсіі, у тым ліку затрыманні незалежных назіральнікаў/ніц (http://spring96.org/be/news/86502, http://spring96.org/be/news/89532). У бягучым годзе 23 сакавіка ў Гродне і 24 сакавіка ў Мінску прайшлі святочныя мерапрыемствы ў форме канцэртаў. Арганізатары канцэрта ў Мінску публічна ў сацыяльных сетках выказалі жаданне 25 сакавіка а 18:30 прайсці шэсцем ад Кастрычніцкай плошчы і ўскласці кветкі каля дома 9 па вуліцы Валадарскага, дзе была абвешчаная БНР.

Падчас правядзення мірных сходаў вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль шэсць назіральнікаў/ніц, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам. Двое з іх прадстаўлялі Міжнародную Сетку Назіральнікаў (ION). Яны былі пазначаныя шэрымі камізэлькамі з надпісам "Observer Назіральнік" і мелі пры сабе пасведчанні.

21 сакавіка па факсе і электроннай пошце ў ГУУС Мінгарвыканкама ад «Беларускага Хельсінкскага Камітэта» быў адпраўлены ліст з інфармацыяй пра намер назіральнікаў/ніц прысутнічаць на масавых мерапрыемствах 24 і 25 сакавіка ў Мінску і пра важнасць незалежнага назірання на мірных сходах. Таксама ў лісце ўтрымлівалася просьба праінфармаваць супрацоўнікаў/ніц на мерапрыемствах пра прысутнасць назіральнікаў/ніц, забяспечыць іх бяспеку, а таксама садзейнічаць працы, падаючы патрэбную інфармацыю.

Раніцай і на працягу ўсяго дня 25 сакавіка ў сацыяльных сетках і СМІ з'яўлялася інфармацыя пра наяўнасць спецтранспарту (аўтазакаў) у цэнтры горада. У тым ліку некалькі аўтазакаў былі прыпаркаваныя каля Кастрычніцкай плошчы і на плошчы Я. Коласа.

Падчас мірных сходаў былі адзначаныя наступныя факты:

  1. Паводле інфармацыі СМІ каля 17:20 святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (айцец Вікенцій) і актывістка А. Талстая правялі акцыю на Кастрычніцкай плошчы. А. Таўстая прыкавала сябе ланцугом да слупа і трымала ў руках плакат з надпісам: «Дзень Волі ў няволі. Свабаду народу!». Айцец Вікенцій трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг. Прадстаўнікам/ніцам СМІ яны растлумачылі, што акцыя прысвечаная затрыманням 24 сакавіка. Супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільнай форме адзення праверылі іх дакументы, з прыцягненнем супрацоўнікаў МНС перакусілі ланцуг і праводзілі актывістаў у мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Агульная працягласць акцыі склала каля 10 хвілін. Затрыманых даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна, увечары айца Вікенція адпусцілі, склаўшы пратакол затрымання. А. Талстая затрыманая да суда, па наяўнай інфармацыі актывістка абвесціла галадоўку ў знак пратэсту.

  2. Незалежныя назіральнікі/ніцы былі спыненыя двума супрацоўнікамі праваахоўных органаў у цывільнай форме адзення на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы, каля дома 25 па праспекце Незалежнасці а 18:15. Супрацоўнік пытаўся, з якой мэтай назіральнікі/ніцы ідуць на плошчу і ці ёсць у іх дазвол. Пасля кансультацыі па рацыі назіральнікам/ніцам дазволілі прайсці на месца правядзення мірнага сходу, дзе яны знаходзіліся з 18:20 да 18:45. На Кастрычніцкай плошчы знаходзіліся не менш 39 супрацоўнікаў у цывільнай форме адзення, 4 аўтазакі, 2 мікрааўтобусы, машына міліцыі, не менш за 18 журналістаў/так. На бліжэйшых скрыжаваннях знаходзіліся супрацоўнікі ДАІ ў форме. Назіральнікі/ніцы не фіксавалі затрыманняў асабіста, з блізкай адлегласці. З відэа і фота, апублікаваных у СМІ і сацыяльных сетках, бачныя наступныя асаблівасці затрыманняў на Кастрычніцкай плошчы: затрымлівалі ўсіх, хто меў пры сабе кветкі альбо сімволіку (бел-чырвона-белыя сцягі і стужкі, герб "Пагоня"). Да затрымліваемых пад'язджаў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў, усярэдзіне якога знаходзіліся супрацоўнікі ў форме АМАП. Сумесна з супрацоўнікамі ў цывільнай форме адзення, чалавека хутка садзілі ў мікрааўтобус, і мікрааўтобус ад'язджаў.

    На месцы знаходзіўся прадстаўнік інфармацыйнай групы ГУУС Мінгарвыканкама (у сіняй камізэльцы, з гучнагаварыцелем), які растлумачыў назіральнікам/цам, што ў дадзены момант на Кастрычніцкай плошчы несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў не адбываецца і парэкамендаваў астатнюю інфармацыю шукаць на наступны дзень у паведамленнях прэс-службы ГУУС або ў журналістаў. Падчас размовы з рацыі былі чуваць перамовы супрацоўнікаў праваахоўных органаў наступнага зместу: "Мужчына з шалікам дае інтэрв'ю, калі журналісты адыдуць, яго бярэм".

    Варта адзначыць, што паводле Кіруючых прынцыпаў, маніторынг мірных сходаў з'яўляецца важнай крыніцай незалежнай інфармацыі пра паводзіны ўсіх бакоў сходу. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстаная рознымі спосабамі, у тым ліку, як аснова для дыялогу паміж уладамі, праваахоўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю. Справаздачы па назіранні дапамагаюць ацаніць эфектыўнасць дзеючага заканадаўства i паўнату выканання дзяржавай пазітыўных абавязацельстваў па абароне свабоды мірных сходаў.

  3. 25 сакавіка ў сетцы інтэрнэт з'явілася інфармацыя, што вядомыя беларускія музыкі (Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Павел Аракелян і Ігар Варашкевіч) плануюць правесці канцэрт у цэнтры Мінска, на пешаходнай вуліцы (вул. Камсамольская). Пачатак быў анансаваны на 18.30, да гэтага часу на месцы збору прысутнічалі не менш за 60 чалавек, у тым ліку журналісты/кі (дадзеныя атрыманы з фота і відэа, размешчаных ў сетцы інтэрнэт). Паводле інфармацыі СМІ да музыкаў перад пачаткам канцэрта звярнуліся супрацоўнікі міліцыі з папярэджаннем, што канцэрт будзе расцэнены як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Музыкі былі затрыманыя супрацоўнікамі ў форме АМАП і супрацоўнікамі ў цывільнай форме адзення (у аднаго з іх быў нацельны відэарэгістратар), іх праводзілі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Пасля ад'езду мікрааўтобуса, прысутныя людзі пачалі спяваць песні і пляскаць у далоні. Незалежныя назіральнікі/цы прысутнічалі на месцы мірнага сходу з 18:50. Супрацоўнік міліцыі ў форме з выкарыстаннем гучнагаварыцеля папярэдзіў прысутных пра тое, што сход не дазволены ўладамі; пра магчымасць прыцягнення да адказнасці за парушэнне заканадаўства; патрабаваў разысціся; указваў на магчымае прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да тых, хто сабраўся.
    Удзельнікі/цы камунікавалі са СМІ, працягвалі спяваць песні, выкарыстоўвалі лозунгі: "Жыве Беларусь!" , "Ганьба!". На месцы сходу знаходзіліся не менш за 15 прадстаўнікоў/ніц СМІ, не менш за 3 супрацоўнікаў міліцыі ў форме, не менш за 11 супрацоўнікаў у цывільнай форме адзення, у тым ліку з ручнымі відэакамерамі. На прылеглых вуліцах знаходзіўся міліцэйскі транспарт: аўтазакі і мікрааўтобусы. Каля 19:15 людзі пачалі разыходзіцца, да 19:25 на месцы заставаліся журналісты/кі і супрацоўнікі ў цывільнай форме адзення. Вядома, што затрыманых музыкаў адпусцілі ўвечары 25 сакавіка без складання пратаколаў пра парушэнне заканадаўства.

Рэкамендацыі:

Арганізатарам:

  • апавяшчаць гарадскія ўлады і/або праваахоўныя органы пра запланаваны мірны сход.

Супрацоўнікам/цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас мірных сходаў у форменным абмундзіраванні, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/цамі мірнага сходу;
  • не ініцыяваць прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах, паколькі гэта з'яўляецца адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека;
  • кіравацца міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды сходаў пры ажыццяўленні аховы правапарадку;
  • не затрымліваць арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц на мірных сходах і пасля іх, адвольна і неабгрунтавана абмяжоўваючы права на свабоду сходаў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў нацыянальнае заканадаўства для прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды сходаў.

Органам выканаўчай улады:

  • садзейнічаць рэалізацыі свабоды сходаў у Беларусі, не ўстанаўліваць празмерных адміністрацыйных працэдур, устрымацца ад адвольных абмежаванняў месцаў правядзення мірных сходаў, не патрабаваць аплаты паслуг па ахове правапарадку, медыцынскага абслугоўвання і ўборцы тэрыторыі.

Органам судовай улады:

  • не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах, паколькі гэта з'яўляецца адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства