viasna on patreon

Беларусь, 25 сакавіка… Хроніка затрыманняў Фота Відэа Дапоўнена

2019 2019-03-25T17:47:00+0300 2019-03-26T08:18:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dv-2019-03-25.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аўтазакі на Кастрычніцкай плошчы Мінска 25 сакавіка 2019 года. Фота: Павел Падкарытаў.

Аўтазакі на Кастрычніцкай плошчы Мінска 25 сакавіка 2019 года. Фота: Павел Падкарытаў.

101 гадавіну стварэння Беларускай народнай рэспублікі адзначаюць сёння беларусы ва ўсім свеце. У Мінску на 25 сакавіка запланавана некалькі лакальных мерапрыемстваў.

Адукацыйная вечарына ў гонар 101-х угодкаў стварэння БНР адбудзецца для дарослых і дзетак у Мінску. Арганізатары абяцаюць у гульнявой форме пазнаёміць дзетак з вартымі гістарычнымі падзеямі і выбітнымі асобамі Беларусі. Вечарына пачнецца ў 18-00 і пройде па адрасе:  вул. Авангардная, 27/1.

Шэраг палітыкаў, сярод якіх Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі, Ігар Барысаў, збіраюцца прайсціся ад Кастрычніцкай плошчы да дома на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасць БНР.

Праваабаронцы цягам дня збіраюць інфармацыю пра магчымае супрацьдзеянне супрацоўнікаў міліцыі грамадзянскай актыўнасці і прэвентыўныя затрыманні актывістаў.

Ад самага ранку 25 сакавіка ў цэнтры Мінска ў розных месцаў было заўважана некалькі аўтазакаў.

Дом актывісткі Вольгі Нікалайчык – у аблозе. Яе ад самага ранку пільнуюць супрацоўнікі міліцыі.

Марына Касінерава піша ў фэйсбуку:

"Мы з Вячка Касінер едзем на маршрутцы на трэніроўку, за намі бусік з АМАПам, на першым сядзенні мужчына здымае на камеру. Номер буса: 9326-HI-7, форд".

Сёння ў Цэнтральным судзе судзілі Максіма Вінярскага за акцыю ў абарону палітвязняў 26 лютага, якая праходзіла на Кастрычніцкай плошчы. Суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла актывісту 1020 рублёў штрафу (40 базавых), паведамляе Белсат. 

Мікалай Статкевіч паведаміў Белсату, што ні ён, ні яго паплечнікі не планавалі на 25 сакавіка пратэстных акцый:

"Мы нічога не планавалі, бо ствараць трэці аргкамітэт святкавання Дня Волі – гэта смешна. Нам жа іншыя абяцалі, што зладзяць шэсце ў цэнтры, аднак да апошняга маўчалі. Адныя паехалі ў Горадню, іншыя пайшлі на другі Бангалор.

І чаму тут цешыцца? Нам паказалі, што не хочуць, каб хоць нешта піскнула ў цэнтры. Загналі ў рэзервацыю. Стварылі са святкавання нейкую новую іншую рэальнасць, быццам нешта змянілася. Але ў рэальнасці нічога не памянялася".

У Віцебску дысыдэнта Барыса Хамайду затрымалі каля 11-й гадзіны 25 сакавіка на рагу “сіняга дому”. Ён трымаў у руках сцяг гораду Віцебску і самаробны плякат з цытатай расейскага пісьменьніка Івана Буніна: “Город (Витебск) древний и нерусский”. Гэткім чынам Барыс Хамайда павіншаваў віцяблян з Днём Волі. Як паведамляе "Віцебская Вясна", затрымлівалі Хамайду людзі ў цывільным, якія назваліся яму міліцыянтамі. Апазыцыянэр прастаяў з плякатам каля 10 хвілін, пакуль супрацоўнікі ў цывільным чакалі міліцэйскай машыны.

Журналіст «Белсата» і радыё «Рацыя» Вітаўт Сіўчык вывесіў у сябе ў акне насупраць плошчы Перамогі бел-чырвона-белы сцяг, паведамляе TUT.BY. Ён правісеў тры гадзіны, перш чым да дома прыехаў пад'ёмны кран, людзі на якім спрабавалі зняць або спілаваць дрэўка са сцягам, а ў дзверы пачалі грукаць невядомыя. 

sivchik_flag.jpg
Фота з Фэйсбуку Вітаўта Сіўчыка

Калі людзі на кране з пілой падняліся да акна Вітаўта Сіўчыка, ён зняў сцяг.

— Яны дагэтуль знаходзяцца пад маім домам. Чакаю, пакуль ад’едуць, тады зноў вывешу, — сказаў журналіст у 15.40.

Вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі на вокны 25 сакавіка заклікалі арганізатары гарадзенскага канцэрта да Дня Волі.

Тым часам, каля "Чабурэчнай" па вуліцы Валадарскага былі заўважаныя два аўтазакі. 

У 17.40 з'явіліся аўтазакі, міліцэйскія бусы, машыны ДАІ і супрацоўнікі ў цывільным каля Кастрычніцкай плошчы. 

Актывістка Алена Таўстая прыкавала сябе да слупа на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, перадае Радыё Свабода. 

alena_taustaja.jpg
Актывістка Алена Таўстая. Фота Радыё Свабода

Як растлумачыла жанчына, яна прыкавала сябе кайданкамі да слупу, бо «Дзень Волі ў няволі» — прымеркавала акцыю да затрыманняў 24 сакавіка. Да актывісткі падышлі міліцыянты, праверылі дакумэнты, перакусілі ланцунг кайданкоў адмысловым інструмэнтам і затрымалі яе менш як праз 10 хвілінаў пасля пачатку акцыі.

Лявон Вольскі з сябрамі хоча адзначаць Дзень Волі ў цэнтры Мінску.

Каля 18 гадзінаў на плошчы з'явіліся лідэры Правацэнтрысцкага руху Мікалай Казлоў і Віталь Рымашэўскі. У прамым эфіры Радыё Свабоды іх затрымалі супрацоўнікі ў цывільным і пасадзілі ў чорны мікрааўтобус. У ім ужо знаходзіўся айцец Вікенцій

На плошчы знаходзіцца Анатоль Лябедзька.

Палітыкі акцэнтавалі ўвагу, што не заклікалі людзей на несанкцыянаваную акцыю, а проста хацелі прайсці да Валадарскага, 9 і ўскласці там кветкі. 

Да журналістаў падыйшоў прадстаўнік УУС Мінгарвыканкама ў форме і спецыяльнай камізэльцы, які папрасіў прадстаўнікоў СМІ адысці далей і не перашкаджаць руху грамадзянаў, якія ідуць з працы. 

Затрыманыя таксама Міхаіл Савіцкі, які паспеў пагутарыць з Радыё Свабода, і два невядомых чалавека, адзін з якіх быў з бела-чырвона-белым шалікам.

zatrymanne_25.03.19_1.jpg
Затрыманне Міхаіла Савіцкага. Фота Радыё Свабода

Да Лявона Вольскага і іншых музыкаў на месцы правядзення меркаванага канцэрту каля 18.30 падыйшлі міліцыянты і папярэдзілі, што калі тыя пачнуць граць, на іх адразу ж складуць пратаколы. Амаль адразу іх затрымалі: Лявона Вольскага, Зміцера Вайцюшкевiча, Ігара Варашкевiча, Паўла Аракеляна.

zatrymanne_25.03.19_2.jpg
Паўла Аракеляна саджаюць у міліцэйскі бус. Фота TUT.BY

Затрыманы таксама грамадзянін, які прадставіўся СМІ як Андрэй. На ім быў шалік з пагоняй. Пазней стала вядома, што гэта Андрэй Рогаў

Вядома, што сярод затрыманых на Кастрычніцкай плошчы таксама Юрый Палейка.

Двойчы цягам дня супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі актывістку Ніну Багінскую: напачатку на плошчы Якуба Коласа, затым на вуліцы Валадарскага.

zatrymanne_25.03.jpg
Юрый Палейка. Фота з сайта Белсат

На месцы, дзе быў павінен адбыцца невялікі канцэрт Лявона Вольскага, сабраліся людзі. Яны разам спяваюць песні NRM. 

Як паведамляюць назіральнікі БХК і "Вясны", аўтазакі і мікрааўтобусы рушылі ад Кастрычніцкай плошчы ў бок вуліцы Камсамольскай.

Супрацоўнік міліцыі папярэджвае прысутных аб адміністрацыйнай адказнасці і пагражае прымяненнем фізічнай сілы і спецсродкаў з боку міліцыі. 

Лявона Вольскага і іншых музыкаў тым часам вязуць у Цэнтральны РУУС. Некаторыя людзі, якія прыйшлі паслухаць канцэрт, распавядаюць журналістам, што спачатку Вольскага абвінавацілі ў тым, што ён з'яўляецца арганізатарам несанкцыянавага масавага мерапрыемства, але потым міліцыянты сказалі, што трэба ўдакладніць яго асобу і асобы іншых музыкаў у аддзяленні міліцыі. Сярод затрыманых і жонка Лявона Вольскага - Мар'яна

Тым часам аўтазакі з'ехалі на вуліцу Валадарскага. 

Тым часам, каля 20.00 гадзінаў у Курапаты прыехала міліцыя. Як паведамляе Яўген Батура на сваёй старонцы ў фэйсбуку затрымліваюць абаронцаў Курапатаў Дзяніса Урбановіча і Валерыя Рабцава. Іх павезлі ў РАУС Бараўлянскага раёна. 

***

Каля 21 гадзінаў затрыманых пачалі выпускаць з РУУС. Павел Аракелян распавёў, што каля двух гадзінаў іх трымалі на вуліцы. Усяго было 15 чалавек затрымана. Міліцыянты складалі пратаколы затрымання і пратаколы прафілактычнай размовы на ўсіх. Наступнымі выйшлі Лявон Вольскі з жонкай, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, а за ім Сяргей Васількоў. Алену Талстую адвезлі ў ІЧУ да суда.

Сярод тых, хто выходзіць, і Юрый Палейка, які распавёў, што быў жорстка затрыманы, калі ішоў сустракаць жонку з працы.

Выйшлі палітыкі Віталь Рымашэўскі і Мікалай Казлоў.

А вось Алену Талстую не адпусцілі, а адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. У знак пратэсту жанчына аб'явіла галадоўку. 

Таксама ноч у пастарунку правядуць Дзяніс Урбановіч і Валеры Рабцаў. Меркавана над імі заўтра адбудуцца суды. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства