Справаздача назіраньня за масавым мерапрыемствам 25 сакавіка 2012 г. у Менску па адзначэньні Дня Волі
На дадзеным масавым мерапрыемстве знаходзіліся 4 назіральнікі з пасьведчаньнямі, пра якіх было загадзя папярэджана ГУУС Менгарвыканкама. Па выніках назіраньня і запаўненьня тэматычнай анкеты, можна адзначыць наступныя моманты:
1. Усе назіральнікі адзначаюць, што напярэдадні акцыі былі вядомыя арганізатары дадзенага мерапрыемства, пра само мерапрыемства паведамлялася ў СМІ і было вядома пра дазвол з боку ўладаў. Мэта цалкам адпавядала крэтэрыю мірнай масавай акцыі – сьвяткаваньне Дня Волі.
2. Колькасьць удзельнікаў ацэньваецца прыблізна 3,5 тысячы чалавек.
3. Паводзіны ўдзельнікаў адзначаюцца як мірныя: рухаліся ўздоўж праезжай часткі, выконвалі патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі, не парушалі грамадзкі парадак, спакойна адказвалі на заўвагі, з боку супрацоўнікаў міліцыі, нават калі яны былі і неабгрунтаванымі, часам выходзілі на праезжую частку ў месцах звужэньня тратуараў, але не заміналі руху транспарту.
4. Факты прэвентыўных затрыманьняў на падыходах да месца правядзеньня заўважаныя не былі, як пад час і пасьля мерапрыемства. Як стала вядома пазьней, быў затрыманы актывіст БХД Вадзім Кабанчук, які быў дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна г. Мінска.
5. Большасьць супрацоўнікаў міліцыі былі ў форме з надпісамі МУС, спецназ і АМАП, але ня ўсе мелі індэнтыфікацыйныя бэйджы.
6. Фактаў парушэньня працы СМІ не было выяўлена, акрамя аднаго эпізода, калі чалавека з фотаапаратам адвялі ў бок.
7. Трэба адзначыць, што са словаў арганізатараў, былы затрыманы аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай, што насіла направамерны характар.
Такім чынам, можна заўважыць абсалютна мірны характар дадзенага мерапрыемства з боку ўдзельнікаў, асобныя эпізоды беспадстаўных паводзінаў з боку супрацоўнікаў міліцыі. Важна таксама адзначыць, што на момант правядзеньня акцыі прэвентыўна былі затрыманыя шэраг актывістаў – каля 20, што відавочна з’яўляецца ганебнай практыкай з боку ўладаў і носіць незаконы характар.