"Боль у нырках, сутаргі". Дзмітрыю Кубараву ў калоніі не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу і працягваюць змяшчаць у ШІЗА
Палітзняволенага дызайнера Дзмітрыя Кубарава за апошнія два з паловай гады ўжо двойчы асудзілі па "палітычных" справах. Агульны тэрмін пакарання для Кубарава склаў восем гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў сумна вядомай наваполацкай калоніі № 1. Увесь час адміністрацыя ўстановы цісне на палітвязня: начальнік Андрэй Пальчык асабіста ставіў Дзмітрыя на "расцяжку", яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА, нядаўна адправілі ў ПКТ, а цяпер яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Праз жудасныя ўмовы ўтрымання ў палітвязня пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, але ў калоніі яму не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. "Вясна" распавядае, як улады пераследуюць 27-гадовага палітвязня Дзмітрыя Кубарава і як нечалавечыя ўмовы ў ШІЗА і ПКТ паўплывалі на ягонае здароў'е.
Дзмітрый быў жорстка затрыманы 11 жніўня 2020 года і дастаўлены ў СІЗА КДБ. У ноч з 11 на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. У яго кватэры прайшоў вобшук, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, ваду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з растваральнікам.
Пасля сямі месяцаў у СІЗА яго асудзілі паводле артыкулу аб арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) на сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На судзе Дзмітрый не прызнаў сваю віну і заявіў пра катаванні пасля затрымання. У сярэдзіне верасня суд пастанавіў спагнаць з палітвязня на карысць "Мінсктранса" 45 181 рубель 42 капейкі. Паводле меркавання "Мінсктранса", Кубараў спыніў грамадскі транспарт на 107 маршрутах.
Але праз пяць месяцаў яго асудзілі яшчэ на тры гады зняволення за захоўванне ў кватэры сродку для вырабу "кактэйляў Молатава" (арт. 295-3 КК РБ). Агульны тэрмін пакарання для Кубарава склаў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За кратамі пялітвязень утрымліваецца больш за два з паловай гады.
Першы раз у наваполацкую калонію № 1 Дзмітрый трапіў летам 2021 года. Там ён знаходзіўся толькі некалькі тыдняў перад этапам на Валадарку, куды яго перавялі ў межах новай крымінальнай справы. Тады яго амаль адразу змясцілі ў ШІЗА за камунікацыю падчас этапу з адным з прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, палітзняволеным Віктарам Бабарыкам. Асабіста начальнік калоніі Андрэй Пальчык ставіў Кубарава на "расцяжку". Акрамя гэтага, палітвязня адразу пазбавілі званкоў, спатканняў і перадач.
"Начальнік калоніі асабіста ставіў на расцяжку асуджаных", — былы зняволены наваполацкай ПК-1
Рэгулярныя спагнанні па надуманых прычынах і неаказанне медыцынскай дапамогі
Канчаткова ў ПК-1 палітвязня перавялі ў студзені 2022 года пасля чарговага прысуду. За гэты час яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, а з 5 жніўня 2022 года перавялі ў памяшканне камернага тыпу на шэсць месяцаў. Пры гэтым вядома, што падчас адбыцця тэрміну ў ПКТ яго мінімум чатыры разы змяшчалі ў ШІЗА, тэрмін якога не залічваецца ў тэрмін ПКТ.
У штрафным ізалятары для "палітычных" створаны невыносныя ўмовы: у камерах вельмі холадна, увесь час скразняк, порцыя ежы ўрэзаная, цёплае адзенне не выдаецца, днём забаронена ляжаць нават на падлозе, а час ад часу заліваюць хлёрку.
За час у зняволенні ў палітвязня вельмі сапсавалася здароўе: пагоршыўся зрок, баляць нага і спіна, а нядаўна пачалося запаленне лімфавузлоў. Пры гэтым неабходная медыцынская дапамога яму зусім не аказваецца і яго працягваюць змяшчаць у штрафны ізалятар. Ад болю ў назе, які доўжыцца ўжо дзевяць месяцаў, Дзмітрый не можа нават залазіць на верхнюю "нару".
"Ключыца не так зраслася і костка ўпіраецца ў горла". Новыя сведчанні здзекаў са зняволеных у ПК-1
Вядома, што ў кастрычніку падчас адбыцця пакарання ў ШІЗА Кубараў захварэў — у яго пачаліся праблемы з лёгкімі. Адміністрацыя нават была вымушана перавесці яго ў санчастку на пяць дзён. Там яму збілі тэмпературу і зноў адправілі даседжваць "суткі" ў ШІЗА. Пра гэта распавёў і былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў, які таксама адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі:
"У Кубарава праблемы са здароўем відавочныя: гэта і спіна, якую яму пашкодзілі ў перыяд следства гэбэшнікі. У яго псіхалагічныя праблемы і псіхічныя. Бессань яго мучыць. Часты боль у нырках, сутаргі. Лячэння ніякага: толькі абязбольвальныя, калі выпрасіш. Перахварэў на запаленне лёгкіх ад пераахаладжэння ў ШІЗА, але, магчыма, гэта быў кавід (тэсты не робяць наогул). Пасля лячэння — зноў у халодную камеру ШІЗА, потым — у ПКТ".
Цяпер адміністрацыя калоніі выступіла ініцыятарам узмацнення пакарання Кубараву — яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. 27 студзеня ў калоніі адбылася камісія, па выніках якой палітвязню паведамілі, што па рашэнні суддзі яго могуць перавесці ў турму тэрмінам на тры гады. Але дата суда пакуль не прызначана.
Хроніка пераследу Кубарава:
"Нават за гэтай клеткай лічу сябе больш свабодным, чым многія людзі, якія сядзяць тут". Палітвязню Кубараву запрасілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму
Палітвязня Кубарава асудзілі яшчэ па адным артыкуле. Агульнае пакаранне — 8 гадоў узмоцненага рэжыму
Больш за 45 тысяч рублёў — столькі павінен выплаціць 25-гадовы палітвязень за «блакіроўку дарог» на пратэстах у Мінску
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:
ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8
Кубараву Дзмітрыю Уладзіміравічу