Ціск на палітвязняў, затрыманні: хроніка пераследу 28-30 студзеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-30 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Экс-палітвязня будуць судзіць за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду — гэта першы выпадак, вядомы праваабаронцам
2 лютага ў судзе Савецкага раёну суддзя Алена Жуковіч будзе разглядаць справу Аляксея Шчарбацюка паводле арт. 421 КК (Невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду). Верагодна, гаворка ідзе пра былога палітвязня, асуджанага да года калоніі за тое, што ён на балконе кватэры крычаў «Жыве Беларусь!» і «Лукашенко — петух!».
Паводле падлікаў праваабаронцаў, палітвязень скончыў адбываць пакаранне ў жніўні 2022 году.
Гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак, калі былога палітвязня збіраюцца судзіць паводле арт. 421 КК.
Жыхар Слоніма аштрафаваны на 20 базавых за лайкі ў Facebook
У судзе Слонімскага раёна адбыўся разгляд адміністратыўнай справы па ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ у дачыненні да мясцовага грамадскага актывіста Алеся Масюка. У віну яму ставілася тое, што некалькі гадоў таму ў Facebook ён паставіў «Падабаецца» на старонцы «Радыё Свабода» і іншых старонках, якія нядаўна былі ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Масюк віну не прызнаў.
Алеся прызналі вінаватым і прызначылі штраф у памеры 20 базавых (740 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.
Паведамляецца, што ў ізалятары Масюк (у адрозненні ад астатніх) спаў на дошках, бо пасцельныя прыналежнасці яму не давалі. Акрамя гэтага, яго два разы ноччу паднімалі, патрабавалі падысці да дзвярэй і назваць сваё прозвішча, дату нараджэння і артыкул, па якім затрыманы.
Пасля выхаду з ІЧУ Алесь накіраваў скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрымання. Масюк заявіў, што з рашэннем суда Слонімскага раёна катэгарычна не згодзен і збіраецца яго абскарджваць.
Сёння раніцай пасля вобшуку дома затрымалі спявачку Аляксандру Захарык
34-гадовай спявачцы інкрымінуюць арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). На дадзены момант, яна знаходзіцца на Акрэсціна.
У Мінску быў затрыманы 27-гадовы Ян Падсадчык
Ён быз затрыманы 29 студзеня ў Мінску. 30 студзеня мужчыну судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула ў судзе Заводскага раёну. Паводле якога канкрэтна артыкула — невядома.
Адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Іван Марозаў знаходзіцца на «Валадарцы»
Нагадаем, пра яго затрыманне стала вядома 9 студзеня.Тады паведамлялася, што мужчыне закідаюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спецназ, каб яны стаялі ў яго гаражы.
Які артыкул інкрымінуецца Марозаву — дакладна невядома.
Палітвязня Дзмітрыя Івашкова перавялі на турэмны рэжым
У пачатку снежня з палітвязнем знікла сувязь, а пазней высветлілася, што яго змясцілі ў ШІЗА на 20 сутак. Потым яго адправілі ў ПКТ на месяц, як "злоснага парушальніка рэжыму". Як сцвярджае начальнік магілёўскай калоніі, такіх "злоснікаў" у калоніі толькі 5.
Цяпер стала вядома, што днямі ў Магілёве адбыўся суд па ўзмацненню рэжыма Дзмітрыю. Суд пастанавіў перавесці яго на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. Але ў якой турме цяпер знаходзіцца палітвязень — пакуль невядома.
Нагадаем, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Дзмітрый Івашкоў быў затрыманы 27 верасня 2020 года. Яго, а таксама Юрыя Уласава, Таццяну Канеўскую і Аляксандра Шабаліна абвінавацілі ў "масавых беспарадках" і планах па "захопе выканкама". 4 траўня 2021 года яму прысудзілі 6 гадоў калоніі.
Палітвязня Руслана Садоўнічага, асуджанага да 3,5 гадоў калоніі, будуць судзіць па новай справе
Супраць Руслана Садоўнічага распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 364 КК (Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Судзіць яго пачнуць 31 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя — Дзмітрый Карсюк.
Руслан Садоўнічы выкладаў геаграфію ў школе. У 2020 годзе быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе. У Руслана 3 група інваліднасці па зроку.Яго абвінавацілі ў тым, што ён напісаў мноства абразлівых паведамленняў у адрас міліцыянтаў і іх блізкіх. 21 лютага 2022 года Руслана асудзілі да 3,5 гадоў калоніі. 28 чэрвеня КДБ унёс палітвязня ў "спіс тэрарыстаў".
Затрыманы гомельскі бард Андрэй Мельнікаў
Як паведаміў сын барда на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, Мельнікаў затрыманы да 5 лютага за "дробнае хуліганства", ён знаходзіцца ў ІЧУ Мінскага раёну. Сувязь з ім знікла ў чацвер, 26 студзеня.
Палітвязня Алега Рубца ўжо месяц трымаюць у ШІЗА
Па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца ў чэрвені 2022 года перавялі на тры гады ў следчую турму № 8 г. Жодзіна. Узмацненне рэжыму Алегу ініцыявала адміністрацыя наваполацкай калоніі №1. У лютым яго закінулі ў ШІЗА на 40 сутак. Пасля гэтага яго змясцілі ў ПКТ, а таксама пазбавілі перадач, званкоў і спатканняў.
Сёння роўна 900 дзён як хлопец знаходзіцца за кратамі. Стала вядома, што з 24 снежня яго змясцілі ў ШІЗА.
Нагадаем, Алега затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Рубцу прысудзілі 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.