viasna on patreon

Палітзняволенай Дар'і Лосік запрасілі 2 гады калоніі Дапоўнена

2023 2023-01-18T17:06:00+0300 2023-01-19T11:09:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/losik_darja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсцкім абласным судзе 18 студзеня пачынаюць разглядаць крымінальнаю справу супраць Дар‘і Лосік — жонкі палітвязня Ігара Лосіка. Судовы працэс вядзе суддзя Мікалай Грыгаровіч, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Кацярына Пакала. Дар'ю абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу "Белсат" вясной 2022 году, "у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня". Сёння роўна тры месяцы, як палітзняволеную ўтрымліваюць за кратамі. У зняволенні на Дар'ю аказваецца ціск — вагу пасылак залічваюць у агульную вагу перадач, а таксама блакуюць ліставанне. Пракурорка запрасіла для палітзняволенай два гады пазбаўлення волі. Прысуд будзе агучаны 19 студзеня. "Вясна" распавядае ў чым абвінавачваюць Дар'ю Лосік і як улады пераследуюць сям'ю палітвязняў ужо два з паловай гады.

Фота
Дар'я Лосік

"Дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам". У чым вінавацяць Дар'ю Лосік

Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка пасля ператрусу ў кватэры. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Дар‘і далі патэлефанаваць бацькам, маці дзяўчыны хутка прыехала на месца, але яе нават не пусцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку аб тым, што быў праведзены ператрус. Пасля затрымання Дар'ю павезлі ў Брэст і змясцілі ў СІЗА-7.

Лосік выставілі абвінавачванне паводле ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Паводле матэрыялаў справы Дар'я дала інтэрв'ю "Белсат", які ад 3 лістапада 2021 года быў прызнаны ўладамі "экстрэмісцкім фармаваннем". У інтэрв'ю Дар'я нібыта "пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня, а таксама дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад".  

Пракурорка Кацярына Пакала
Пракурорка Кацярына Пакала

Судовы працэс вядзе суддзя Мікалай Грыгаровіч. Як стала вядома "Брэсцкай вясне", дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурорка Кацярына Пакала.

"Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам". Як праходзіў суд?

Паводле "БелТА", на першым судовым пасяджэнні адбыўся допыт Дар'і, падчас якога яна цалкам прызнала сваю віну. На судзе праглядзелі і відэазапіс інтэрв'ю "Белсату". Пасля гэтага суд перайшоў да спрэчак бакоў.

Дзяржабвінаваўца сцвярджала, што ў Дар'і Лосік нібыта быў прамы намер на "аказанне садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці". Змякчальнымі абставінамі прызналі наяўнасць на ўтрыманні ў Лосік маленькай дачкі. У выніку пракурорка запрасіла для Дар'і два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму:

"З улікам характару ўчыненага злачынства, высокай ступені грамадскай небяспекі экстрэмісцкай дзейнасці, садзейнічанне якой ажыццяўляла абвінавачаная, мяркую, што мэты крымінальнай адказнасці ў дачыненні да абвінавачанай, яе выпраўлення і папярэджання здзяйснення новых злачынстваў, як з яе боку, так і з боку іншых асоб, будуць дасягнуты толькі пры прызначэнні абвінавачанай Лосік пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Пры гэтым мяркую, што тэрмін пакарання варта абраць мінімальным, прадугледжаны санкцыяй дадзенага артыкула", — цытуе пракурорку "БелТА". 

Сама Дар'я ў судзе заявіла, што чыстасардэчна раскайваецца, піша "Брэсцкая газета". Пры гэтым яна падрабязна распавяла пра абставіны, звязаныя з гэтым інтэрв'ю:

"За некалькі дзён да таго мы з трохгадовай дачкой ездзілі на спатканне да мужа ў СІЗА Гомеля, дзе ён знаходзіўся ў той момант. Гэтага спаткання мы дамагаліся даўно — бо дачка не бачыла тату амаль два гады. Там, вядома ж, было мора эмоцый. За гэтыя дзве гадзіны, пакуль ішло спатканне, яна распавядала яму вершы, спявала песні. Гэта быў самы шчаслівы, самы пазітыўны дзень у нашым жыцці пасля вымушанай разлукі. І адначасова самы цяжкі, паколькі я не ведала, калі Ігар зноў зможа пабачыцца з Паўлінай, і як мне ўсё гэта растлумачыць дачцэ. На зваротным шляху, калі мы вярталіся ў Баранавічы, дачка разоў сто пыталася: "Чаму мы пакінулі тату там?". Давялося расказаць ёй, што ён у турме, што ён сумленны чалавек і яго пасадзілі за праўду".

Дар'я з Паўлінай на спатканні ў Ігара
Дар'я з Паўлінай на спатканні ў Ігара

Як распавяла Дар'я, вынікам яе цяжкіх эмацыйных перажыванняў стаў пост на старонцы ў Instagram, праз які, відавочна, журналісты «Белсату» даведаліся пра гэтае спатканне. Неўзабаве яны выйшлі на яе і прапанавалі пагутарыць з дапамогай відэасувязі.

"Мне вельмі хацелася выказацца, падзяліцца сваімі перажываннямі. І я, нядоўга думаючы, пагадзілася даць інтэрв'ю. Хоць я не прыхільнік менавіта гэтага СМІ і не правярала на яго прыналежнасць да так званых экстрэмісцкіх арганізацый. У момант самога інтэрв'ю, якое доўжылася каля дзесяці хвілін, на маім айфоне была ўключана толькі франтальная камера, я бачыла сябе і не бачыла тых, хто сядзеў па той бок экрана і задаваў мне пытанні. Ніякага негатыву я практычна не выказвала і наогул старалася пазбягаць ацэнак грамадска-палітычнай сітуацыі. Словы, якія я сказала: «Тыя, хто яго пасадзіў — баязлівыя людзі», былі сказаныя мною ў дачыненні да размовы з дачкой – так я тлумачыла Паўліне тое, што здарылася з маім мужам і ейным бацькам. Гэта ж я паўтарыла ў эфіры, калі мяне спыталі пра тое, як і што я сказала дачцэ пасля спаткання".

На пытанне суддзі, ці разумела яна, што дае інтэрв'ю экстрэмісцкаму фармаванню і што яго могуць паглядзець вялікая колькасць людзей, абвінавачаная цвёрда адказала: "Так, разумела. Але я пры гэтым нікога не абражала і не заклікала да здзяйснення якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў".

На пытанне суда, як яна ставіцца да ўсяго таго, што адбываецца, Дар'я адказала:

"Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сям'ю, у тым ліку маю малую дачку".

На судзе прысутнічалі бацькі Дар'і.

З лінгвістычнай экспертызы вынікала, што ў інтэрв'ю "ўтрымліваюцца негатыўныя ацэнкі нявызначаных асобаў", пры гэтым "заклікаў да гвалтоўных дзеянняў няма".

Падчас спрэчак бакоў пракурорка заявіла, што ў сваіх адказах на пытанні "Белсату" Лосік "наўмысна прадаставіла недакладныя звесткі аб сітуацыі ў Беларусі, пра абставіны затрымання і суда свайго мужа". Пры гэтым, як заўважыла "Брэсцкая газета", пра гэта гаворкі ў інтэрв'ю не было.Па словах пракуроркі, "суд прызнаў гэта інтэрв'ю экстрэмісцкім матэрыялам". Яна таксама заявіла, што "ў дзеяннях Лосік быў намер на аказанне садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці".

У ліку змякчальных абставінаў і абарона, і абвінавачванне прызналі тое, што Дар'я давала праўдзівыя паказанні на этапе расследавання, не мела сур'ёзных праблем з законам.

Адвакат звярнула ўвагу на цяжкі эмацыйны стан Дар'і пасля арышту мужа. І папрасіла суд вынесці ёй пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, каб даць магчымасць самой выхоўваць дачку.

«Так, я не адмаўляю тое, у чым мяне абвінавачваюць. Але прашу зразумець, што апошнія два гады былі вельмі цяжкімі ў маім жыцці. І цяпер мне балюча ўсведамляць, што мая дачка ідзе ў сад або на шпацыр не са мной, дзеліцца сваімі перажываннямі таксама не са мной. Асабіста я ніякай шкоды нікому не нанесла. Вельмі прашу суд улічыць гэты факт пры вынясенні прысуду. Гатовая панесці пакаранне, калі я заслугоўваю яго. Але мне б вельмі хацелася, каб яно не перашкодзіла маёй дачцэ ў бліжэйшы час убачыць мяне і сказаць: "Мама, ты смешная, я цябе вельмі люблю"».

Прысуд будзе агучаны 19 студзеня. 

Пераслед сям'і Лосікаў і ціск на іх у зняволенні

Сям'я Лосікаў. Калаж
Сям'я Лосікаў. Калаж "Радыё Свабода"

Журналіста "Радыё Свабода" і адміністратара тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года — яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі і масавымі пратэстамі ў Беларусі. З жонкай Дар’яй пазнаёміўся ў 2009 годзе — праз перапіску ў "ВКонтакте". Ажаніліся яшчэ студэнтамі. У сям’і расце маленькая дачка Паўліна.

Калі ў снежні 2020 году Ігару Лосіку прад'явілі новае абвінавачванне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках", то ў знак пратэсту Ігар Лосік абвясціў галадоўку, якую пратрымаў 42 дні. Дар'я ў знак салідарнасці з мужам таксама абвясціла галадоўку.

14 снежня 2021 года Ігара Лосіка асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 года Ігар быў этапаваны ў наваполацкую калонію № 1. У хуткім часе КДБ унёс Ігара ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". На маёмасць сям'і Лосікаў (у тым ліку на піяніна, бытавую тэхніку і мэблю) у ліпені 2022 года быў накладзены арышт. 

Адразу па прыбыцці ў калонію на Ігара пачала аказваць ціск адміністрацыя. Яго паставілі на прафулікі як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва», а таксама як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Акрамя гэтага, яму зрабілі вымову за тое, што дрэнна пагаліўся. Таскама ў ліпені паведамлялася, што яму нельга займацца спортам, спяць палітвязні толькі на другім ярусе «шконак», пры гэтым у пакоі ўвесь час гарыць святло, што замінае спаць ноччу.

На Дар'ю ў зняволенні таксама ціснуць. Адміністрацыя брэсцкага СІЗА-7 залічвае вагу пасылак для Дар’і ў агульную вагу перадач. Звычайна вязням можна перадаваць 30 кг перадачы ў месяц і дадаткова дасылаць неабмежаваную колькасць пасылак вагай 50 кг. Лісты ад Дар‘і амаль не даходзяць — толькі сваякам.

У лістах да сваякоў Ігар піша, што вельмі хвалюецца за жонку і просіць як мага больш пісаць пра яе. Бо пакуль Дар’я ў СІЗА, а муж у калоніі, ліставанне паміж імі забаронена.


Адрас для падтрымкі Дар'і: СІЗА-7, 224030, Брэст, Савецкіх памежнікаў, 37 

Дар'і Аляксандраўне Лосік

Адрас для падтрымкі Ігара: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8

Ігару Аляксандравічу Лосіку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства