viasna on patreon

"Суд працягваўся 1,5-2 хвіліны". Гісторыя затрымання пасля Маршу на "Дзяды"

2022 2022-12-15T16:47:46+0300 2022-12-15T16:47:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziady2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя на Дзяды ў Мінску, фота "Радыё Свабода"

Акцыя на Дзяды ў Мінску, фота "Радыё Свабода"

Першага лістапада 2020 года адбыўся Марш на Курапаты, пасля якога ўлады вырашылі распачаць крымінальныя справы на ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных сходаў. Нягледзячы на такую дадатковую пагрозу, Марш адбыўся, а затрыманых пратэстоўцаў сапраўды абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

"Вясна" паразмаўляла з адным з затрыманых першага лістапада пра ўмовы, у якіх яго ўтрымлівалі, пра падрабязнасці першых спробаў крымінальнага пераследу за ўдзел у Маршы за 2020 год, а таксама пра прычыны ад'езду з Беларусі. З меркаванняў бяспекі мы не пазначаем імя і прозвішча суразмоўцы.

Затрыманне

— Мяне затрымалі, калі я сыходзіў з Марша. Да мяне падбеглі ззаду, надзелі ззаду звязкі і паклалі на падлогу ў бусе. Нанеслі некалькі ўдараў дубінкай па нагах і ягадзіцах, знайшлі тэлефон, разблакавалі "па твары". Змесціва пры мне праглядалі ўжо ў Цэнтральным РУУС — вывучалі фотастужку, чаты з сябрамі і сваякамі, распытвалі пра фатаграфіі. Пытанні здаваліся цыклічнымі, я чуў, як іх жа па спісе задавалі і іншым затрыманым: пыталіся, чаму ходзім на Маршы, былі ўпэўнены, што толькі каб папрасіць потым палітычнага прытулку. Перад мной паставілі камеру і, мабыць, хацелі, каб я папрасіў прабачэння, але я казаў, што ішоў у кірунку мітынгу піць гарбату да дзяўчыны, шкадую, што затрымалі.

Гэта быў не першы месяц пратэстаў, таму я разумеў, што мяне могуць арыштаваць. Але ў РУУС, дзе я правёў каля 4-5 гадзін, большасць затрыманых не верылі, што будзе крыміналка. Мы сядзелі там у вялікім пакоі з аднымі дзвярыма і суцэльнай лаўкай усцяж сцяны — каля 50 чалавек. Наогул людзі пачуваліся нармальна, але ў аднаго хлопца было разбітае вока. На выхадзе з аўтазака ў РУУС сілавік біў усіх каленам у жывот, а гэты хлопец закрыў твар рукамі, каб унікнуць удару, — тады яго стукнулі каленам у твар.

Як толькі мы прыехалі ў Жодзіна, нас сустракаў калідор з амапаўцаў, якія білі ўсіх, хто праходзіў, дубінкамі па нагах. Больш фізічны гвалт да мяне не ўжываўся. У Жодзіне 12 чалавек сядзелі ў камеры, разлічанай на шасцярых. На ложках не было матрацаў, вокны былі зацемненыя жалезнымі фіранкамі — як быццам адмыслова, каб не было зразумела, які цяпер час сутак. Таму ж у камеры ўвесь час было уключанае святло. Нам не давалі спаць больш за чатыры гадзіны: я прыехаў каля другой ночы, а калі паспрабаваў заснуць, напэўна, у сілавікоў скончылася змена, і яны пачалі біць дубінкамі па прутах.

Суд і ад'езд

— Таму, калі мяне выклікалі на "суд", я не разумеў, які час сутак, хаця судом гэта было складана назваць.

Пасля сутак у Жодзіне мяне вывелі ў суседнюю камеру, дзе знаходзіўся суддзя чамусьці Крупскага раёна — у яе загадзя практычна на ўсіх ужо былі падпісаныя гатовыя вынесеныя прысуды паводле арт. 23.34 КаАП. Ва ўсіх маіх сукамернікаў быў адзін і той жа штраф — каля 10 базавых. Увесь "суд" працягваўся 1,5-2 хвіліны. Жанчына проста ўпісвала тваё прозвішча ў гатовы прысуд. Яшчэ ў РУУС мне сказалі, што я падазраваны паводле арт. 342 КК, як і ўсе затрыманыя ў той дзень, але азнаёміцца з дакументамі мне не далі.

Пазней мяне спрабавалі выклікаць яшчэ паводле арт. 23.4 КаАП у суд Крупскага раёна, але я не пайшоў. Пазней мне даслалі ліст дзіўнага зместу, што справа прыпыненая, бо пачалі разглядаць крымінальную. Але фактычна ўсе тры справы былі за адно затрыманне. Тэлефон мне так і не вярнулі — сказалі, гэта доказ у крымінальнай справе. 

Пасля суду я хацеў з'ехаць, але атрымалася не адразу. У снежні 2020 года мяне не прапусцілі праз расійска-ўкраінскую мяжу, таму што быў забаронены выезд з Беларусі. Пару месяцаў я правёў у Расіі: думаў, будзе прасцей выехаць адтуль. Але потым вярнуўся ў Мінск і восем месяцаў жыў з усведамленнем таго, што мяне могуць затрымаць кожны дзень. У нейкі момант гэтае адчуванне робіцца фонавым, і ты перастаеш ставіцца да гэтага сур'ёзна. Але калі сілавікі прыйшлі па мяне на фактычнае месца пражывання, я вырашыў, што трэба з'язджаць, і нелегальна перайшоў беларуска-літоўскую мяжу і падаўся на міжнародную абарону ў Польшчы.

Тут у мяне атрымалася знайсці працу ў сумежнай з маёй сферай спецыяльнасці. Я не шкадую пра тое, што здарылася. Нават калі б мне нічога не пагражала ў Беларусі, мне было б некамфортна знаходзіцца там цяпер, і я б усё адно з'ехаў. Калі сітуацыя ў краіне зменіцца, я б хацеў вярнуцца дадому — прынамсі, наведаць блізкіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства