Скарга асуджанай за паклёп на амапаўку пенсіянеркі з Гродна пакінутая без задавальнення
Судовая калегія Гродзенскага абласнога суда 6 снежня разгледзела апеляцыйную скаргу пенсіянеркі Гелены Ярмусік, асуджанай за паклёп на службовую асобу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса.
Жанчына спрабавала абскардзіць прысуд, вынесены ёй 20 кастрычніка судом Кастрычніцкага раёна Гродна.
Згодна з матэрыяламі справы, Гелена Ярмусік у сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” пасля прагляду ў публічным доступе публікацыі з фотавыявай супрацоўніцы аператыўнай роты АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама якая знаходзілася ў форменным абмундзіраванні, распаўсюдзіла інфармацыю, якая змяшчае абвінавачванне ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, паколькі заканадаўцам забойства аднесена да катэгорыі асабліва цяжкіх злачынстваў.
Свае дзеянні патлумачыла эмацыйным узрушэннем у сувязі прачытанай ёй інфармацыяй аб прычыненні супрацоўніцамі АМАП не знаёмай ёй жанчыне цялесных пашкоджанняў.
Суд вынес Гелене Ярмусік пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) на тэрмін адзін год, а таксама пастанавіў спагнаць 500 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелай супрацоўнікы АМАП.
У апеляцыйнай скарзе Ярмусік паведамляе, што суд не ўлічыў, што яна дасягнула пенсійнага ўзросту, не атрымлівае пенсію, пражывае на выпадковыя заробкі, пакутуе захворваннямі. Не ўлічана таксама, што яна цалкам прызнала віну, раскаялася ў зробленым, выбачылася перад пацярпелай і станоўча характарызуецца. Яна прасіла змяніць прысуд і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе штрафу.
Аднак судовая калегія Гродзенскага абласнога суда пастанавіла прысуд пакінуць без змены, а апеляцыйную скаргу – без задавальнення.