Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Замест палітзняволенага праваабаронцы яе атрымала яго жонка Дапоўнена
У Осла 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека — адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду — ён ужо 17 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы. Таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.
7 кастрычніка 2022 года Нарвежскі Нобелеўскі камітэт паведаміў, што старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Разам з Алесем Бяляцкім прэмію атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз.
Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру
Прэмію міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобеля, прысуджаюць "асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзейных войскаў, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі".
Алесь — трэці чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся за кратамі. За шматгадовую праваабарончую дзейнасць Алесь знаходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 года — ужо 17 месяцаў. Праваабаронцу з калегамі абвінавачваюць у “кантрабандзе арганізаванай групай” у 2016-2020 гадах і “фінансаванні актыўных групавых дзеянняў, што груба парушалі грамадскі парадак” падчас масавых акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Таму сёння, 10 снежня, у Осла Нобелеўскую прэмію міру замест старшыні "Вясны" артымала ягоная жонка Наталля Пінчук. У гэты дзень упершыню ў гісторыі прэміі Нобелеўская прамова прагучала на беларускай мове.
"Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы", — Наталля Пінчук перадала словы Алеся Бяляцкага
«Вашы Каралеўскія Міласці, Вашы Каралеўскія Высокасці, шаноўныя сябры Нобелеўскага камітэту, шаноўнае спадарства.
З вялікім хваляваннем выпадае мне гонар выступіць тут на ўшанаваньні лаўрэатаў прэміі Міру за 2022 год. Сярод іх і мой муж Алесь Бяляцкі.
На жаль, ён ня можа прыняць узнагароду асабіста. Ён за кратамі ў Беларусі. Таму я стаю за гэтай трыбунай.
Хачу выказаць вялікую падзяку:
Нарвежскаму Нобелеўскаму камітэту, рашэнне якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасці стаяць у сваёй праўдзе і дае надзею ўсім беларусам, што можна разлічваць на дэмакратычную салідарнасць у барацьбе за свае правы.
Дзякуй усім, хто падтрымліваў Алеся, яго сяброў і ягоную справу ўсе гэтыя гады і падтрымлівае цяпер.
Шчыра віншую Цэнтр грамадзянскіх свабодаў і Міжнароднае таварыства «Мэмарыял» з заслужанай узнагародай. Алесь і ўсе мы ўсведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Ня толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасцярогай, бо сённяшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасці і незалежнасці.
На жаль, улада з грамадствам размаўляе толькі пры дапамозе сілы — гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаваньняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялёг няма размовы. Пераследуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сістэмы, асабліва для тых, хто марыў быць свабоднымі людзьмі!
У такой сытуацыі невыпадкова, што за дэмакратычныя перакананні і праваабарончую дзейнасць улады арыштавалі Алеся і яго паплечнікаў з Праваабарончага цэнтру «Вясна»: у вязніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія зараз яшчэ пад следствам і пракурорскімі абвінавачваннямі, трэція вымушаны былі эміграваць за мяжу. Але створанага звыш дваццаці пяці гадоў таму Алесем і яго аднадумцамі Праваабарончага цэнтру «Вясна-96» — не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
Алесь ня мог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён паспеў сказаць мне літаральна пару сказаў. Таму падзялюся з вамі ягонымі думкамі — і гэтымі, і запісанымі раней. Гэта фрагмэнты яго ранейшых выказванняў, твораў, развагаў. Тут яго думкі аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах міру і свабоды.
То перадаю слова Алесю.
Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе. Я ўспамінаю сваіх сяброў — праваабаронцаў з Кубы, Азэрбайджану, Узбэкістану, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сотудэ́ з Ірану. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем (Joseph Zen) з Ганконгу. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто ня можа спыніць прагу людзей да волі. Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолягі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў... Суды працуюць як канвэер, асуджаных развозяць па калёніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца...
Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадзкім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіцьцё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне.
Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог.
— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.
— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.
Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі.
Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не змяніліся, ня страцілі каштоўнасць, не патускнелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не бярэ іржа.
Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця. Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для свету цывілізацыйным уяўленням. Мы ж ня марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі «людзьмі звацца», як сказаў наш класік Янка Купала. Тут — і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцця, беларуская мова і нашая гісторыя.
Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад, дык гэта надзея і мара.
Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі празь вялікія жыццёвыя выпрабаваньні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцьця.
Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Поле трэба добра ўгнойваць, камяні выбіраць... А тое, што пакінула ў Беларусі камуністычная ўлада за 70 гадоў, можна назваць выпаленай зямлёй... Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар... Але на пачатку 90-х зьявіліся тысячы і дзясяткі тысяч...
9 жніўня 2020 году ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу. У двубоі сышліся Дабро і Зло. Зло — добра ўзброенае. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіралі сотні тысяч людзей.
Улады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны мэханізм катаванняў і забойстваў — Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка і многіх іншых.
Гэта найвышэйшы і нечуваны па сваёй жорсткасці ўзровень рэпрэсіяў. Людзі праходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты.
Камэры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадзкія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!
Выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам дадзены карт-блянш, каб праз страх спыніць людзей. Але грамадзяне Беларусі патрабуюць справядлівасці. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў. Ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадзтва ня будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаныя па руках і нагах. Людзі прачнуліся...
Зараз пэрманэнтная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь ня ў чыстым выглядзе ўва ўсім рэгіёне. Халодная сьцюжа з Усходу сутыкнулася з цяплом еўрапейскага рэнэсансу.
Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцьце Айчыны было тоесным паняццю свабоды.
Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расею і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу.
Расейскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка. Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць «інтэрнацыяналу дыктатураў».
Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я — не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе. Як магу, трымаю мір у маёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.
А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Ня бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна.
Я цытавала Алеся Бяляцкага. І завяршу выступ воклічамі ягонай душы: Свабоду беларускаму народу! Свабоду Вясьне! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»
Як павіншаваць Алеся Бяляцкага з атрыманнем Нобелеўскай прэміі міру?
Спосабы віншавання і падтрымкі Алеся вельмі абмежаваны беларускімі ўладамі. Але мы заклікаем вас працягваць выказваць сваю салідарнасць як з Алесем Бяляцкім, так і з астатнімі палітычнымі зняволенымі, якія пераследуюцца за сваю мірную дзейнасць, наступнымі спосабамі:
- лістом, паштоўкай ці тэлеграмай (з дамашняга тэлефона можна па нумару 166);
- грашовым пераводам праз пошту ці інтэрнэт-банкінг з беларускай карткі;
- пасылкай з рознымі прыемнымі дробязямі;
- медыцынскай бандэролькай з вітамінамі.
Акрамя гэтага, можна:
- падпісаць петыцыю Libereco за вызваленне Алеся Бяляцкага і беларускіх палітвязняў;
- напісаць адкрыты ліст і адправіць яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info;
- зрабіць пост пра Алеся з хэштэгам #FreeAles #FreeViasna;
- зладзіць акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім, калі вы знаходзіцеся ў бяспечнай краіне;
- падтрымаць данатамі «Вясну» на Patreon.
Жонка Алеся Бяляцкага пра рэакцыю мужа на Нобелеўскую прэмію міру: "Ён моцна ўражаны гэтай навіной"
Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу