viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2022 2022-11-28T17:20:18+0300 2022-11-30T17:15:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/freeviasna_banner_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.

Справу "Вясны" перадалі ў пракуратуру, а пасля і ў суд

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд. Вядома, што Генеральная пракуратура ў сваю чаргу ўжо накіравала крымінальную справу ў суд.

Па гэтай жа справе будуць судзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці і Зміцера Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. Іх абвінавачваюць у кантрабандзе паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Дата суда пакуль не прызначаная. 

"Справу Вясны" накіравалі ў суд. Распавядаем, што праваабаронцам ставіцца ў віну

Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якія ўтрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года.

Тым часам, стала вядома, што адваката Віктара Мацкевіча, які абараняе ў тым ліку кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага, выклікалі 1 снежня ў Кваліфікацыйную камісію для праходжання пазачарговай пераатэстацыі. 

Літаратурная гісторыя Алеся Бяляцкага у Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні 

Алесь Бяляцкі вядомы не толькі як праваабаронца, але і як літаратар і даследчык беларускай літаратуры. Агулам ён выпусціў каля дзесяці кніжак, шмат матэрыялаў для якіх былі напісаныя падчас ягонага зняволення. У іх ён разважае пра падзеі асабістага і грамадскага жыцця, людзей побач з сабой, падарожжы, гісторыю і літаратуру Беларусі, стан у зняволенні.

Хутчэй за ўсё, прама цяпер Алесь занатоўвае навакольны свет, які яго атачае, для сваёй новай кніжкі. 

"Не загнаць мяне ў роспач": літаратурная гісторыя Алеся Бяляцкага

У Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні прапануем даведацца крыху больш пра Бяляцкага-літаратара на падставе тых кніжак, якія ён ужо апублікаваў.

На Варшаўскім кінафэсце прайшла акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім

20 лістапада на фестывалі беларускага кіно "Bulbamovie" перад праглядам фільма "Courage" Аляксея Палуяна гледачы праявілі салідарнасць з рэпрэсаванымі ў Беларусі. Усе прысутныя ўзнялі партрэты Алеся Бяляцкага, які ўжо год і чатыры месяцы ўтрымліваецца ў СІЗА за праваабарончую дзейнасць.

"Мы пачыналі акцыю ў Берліне з партрэтаў 450 вязняў, праз пару месяцаў ужо не было кінатэатраў, якія б маглі змясціць партрэты усіх беларускіх палітвязняў. Таму сёлета мы вырашылі засяродзіцца на адной асобе", — распавёў Аляксей Палуян.


Шэраг прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса ў Мінску сустрэліся з Наталляй Пінчук, жонкай Алеся Бяляцкага, а таксама з Валянцінай Аліневіч, маці палітзняволенага Ігара Аліневіча.

"Дыпламаты высока ацанілі дзейнасць Алеся Бяляцкага ў абарону дэмакратыі і мірнага развіцця ў Беларусі",гаворыцца ў фэйсбуку Амбсады Швецыі ў Міску. 

Акцыі салідарнасці да 500 дзён зняволення Бяляцкага прайшлі ў трох гарадах

У Эдынбургу (Шатландыя), Цюрыху (Швейцарыя) і Гаазе (Нідэрланды) прайшлі акцыі ў падтрымку лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцы Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў Беларусі. Мерапрыемствы ладзіліся нямецка-швейцарская арганізацыя «Libereco — Партнёрства за правы чалавека» і было прымеркаванае да 500 дзён зняволення кіраўніка "Вясны".

edenburg_akcija.jpg
Акцыя салідарнасці ў Эдынбунгу, 25 лістапада 2022 г.
curyh_akcija.jpg
Акцыя салідарнасці ў Цюрыху, 25 лістапада 2022 г.
gaaga_akcija.jpg
Акцыя салідарнасці ў Гаазе, 25 лістапада 2022 г.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Валянцін Стэфановіч: "Паказаў ім і іншыя помнікі архітэктуры, якімі такі багаты наш Наваградак — першая наша сталіца"

Палітзняволены праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч напісаў ліст з-за кратаў у адказ на дасланыя неабыякавымі людзьмі фотаздымкі з вандровак па Беларусі.

"Дзякуй вялікі за цудоўныя фоты! Я таксама вельмі люблю вандраваць па Беларусі і пры любой нагодзе стараўся наведваць розныя цікавыя мясціны. Асабліва з дзеткамі любіў вандраваць.

Наваградак і Наваградчына мне таксама вельмі падабаюцца. Апошні раз я наведваў Наваградак у 2018 годзе разам з дзвюма сваімі французскімі каляжанкамі. Там мы абсалютна выпадкова наведалі ў тым ліку і музей Халакоста, які мае вельмі цікавую гісторыю. Музей быў пабудаваны на грошы Фонда Кушнер. Гэта бабуля зяця Дональда Трампа. Яна была вязнем гета ў Навагрудку і ёй разам з яшчэ больш сотні вязняў пашанцавала збегчы адтуль праз выкапаны падкоп. Яны пазней далучыліся да габрэйскага партызанскага атраду братоў Бельскіх. Вось такі там існуе цікавы музей, сумны, канешне, бо ён пра жахлівыя старонкі нашай гісторыі. А яшчэ, вядома, я паказаў ім і іншыя помнікі архітэктуры, якімі такі багаты наш Наваградак - першая наша сталіца".

Няма навінаў ад юрыста Уладзіміра Лабковіча

Дасылайце лісты падтрымкі Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

26 месяцаў за кратамі знаходзіцца Марфа Рабкова

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення.

Былая палітзняволеная Вольга Рытус распавяла выданню Most пра сустрэчу з Марфай Рабковай за кратамі:

"Я яе спачатку не пазнала, таму што яна вельмі змянілася, вельмі схуднела — на 20 кілаграм, напэўна.

Яна такая чыстая, цудоўная, як быццам спусцілася з нябёсаў, хоць — аб чым я даведалася ў далейшым — сядзіць два гады. У Марфы была маленькая сумачка, кніжка, у яе былі такія кароткія фразы. Але ў гэтых фразах было столькі падтрымкі, сілы. Хоць яна была нядоўга, можа каля гадзіны, але яна неяк нас падтрымала: "Дзяўчаты, усё будзе добра!"

На Акрэсціна, напрыклад, у мяне былі думкі такія: "Ну навошта гэта ўсё мне было трэба, у мяне дзеці, у мяне сям'я, я гэта не вытрымаю". Калі я ўбачыла Марфу, я зразумела: не, я прайду гэты шлях і я хачу быць годным чалавекам, каб мяне гэтая сістэма не паламала, каб я выжыла ў гэтым свеце і вынесла адтуль нешта".

Няма ніякіх навінаў ад валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка.  

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

На праваабаронцу Леаніда Судаленку цісне адміністрацыя калоніі

Праваабаронца Леанід Судаленка ў калоніі знаходзіцца з 27 студзеня. Жонка Леаніда падзялілася яго апошнімі навінамі:

"Лісты не аддаюць. Хіба што мае лісты да яго даходзяць 1 раз на месяц. Яго з верасня зрабілі «парушальнікам» з усімі наступствамі (пазбаўленне кароткатэрміновага спаткання, пазбаўленне права на пакупкі ў краме). Адным словам, выхоўваюць. Леанід працягвае пісаць скаргі па сваёй справе, паколькі ўсплылі пэўныя абставіны, але ўсё гэта беспаспяхова пры цяперашняй уладзе".

Нагадаем, 3 лістапада 2021 года праваабаронцам "Вясны" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У верасні Таццяна выйшла на волю па памілаванні.

Напішыце Леаніду!

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА вызначаны ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго набыў моц. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства