Яны змагаліся за свабоду сваіх мужоў і самі апынуліся за кратамі: гісторыі Вольгі Анішчук і Дар'і Лосік
Жонка асуджанага да 15 гадоў калоніі палітзняволенага журналіста "Радыё Свабода" Ігара Лосіка Дар'я ўжо як месяц утрымліваецца пад вартай. Яе затрымалі за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу "Белсат" вясной 2022 году і цяпер, па папярэдняй інфармацыі, абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Жонку палітзняволенага Арцёма Анішчука, які раней зазнаў катаванні ў магілёўскай калоніі і быў асуджаны па двух крымінальных справах, Вольгу затрымалі 4 лістапада і змясцілі На Акрэсціна — у агульнай суме яе арыштавалі за перасылы з "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў на 24 дні. На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася з ёй "пакаяльнае" відэа, дзе называецца сапраўдная прычына затрымання Вольгі — "нагнятала ўкідамі і фэйкамі сітуацыю вакол пенітэнцыярнай сістэмы, закідвала дзяржорганы надуманымі скаргамі". Гэтыя дзве жанчыны адважна змагаліся за свабоду сваіх мужоў. "Вясна" распавядае гісторыі Вольгі Анішчук і Дар'і Лосік.
Затрымліваецца другі раз, праводзілася праверка па публікацыях у СМІ
Мінчука Арцёма Анішчука асудзілі яшчэ з чатырма мінчукамі 3 лютага 2021 года да двух гадоў калоніі за пашкоджанне машыны супрацоўніку ДВП Аляксандра Гейца. Яго адправілі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15, дзе ён зазнаў катаванні і збіццё. Там супраць яго заводзілі крымінальную справу па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і аказваўся ціск. Каб спыніць гвалт і ціск у адносінах да сябе, яму прыйшлося праглынуць металічныя прадметы. Гэта выклікала вялікі грамадскі рэзананс — Арцёма перавялі ў бабруйскую калонію. Па фактах публікацый у СМІ ў адносінах да Вольгі праводзілася праверка па артыкуле за паклёп на начальніка калоніі № 15 Аляксея Лазарэнку.
Арцём мусіў выйсці на свабоду напрыканцы чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін у два гады, але яго зноў затрымалі і асудзілі па новай крымінальнай справе па арт. 369 КК за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрымання. Арцёму засталося адбываць яшчэ каля года зняволення. Свой тэрмін ён працягвае адбываць у бабруйскай калоніі.
Агулам 24 дні арышту
Раней Вольгу ўжо затрымлівалі — 28 снежня мінулага года яе адпусцілі пасля допыту. Цяпер Вольгу затрымалі 4 лістапада і правялі ператрус у яе дома. Пазней ёй прызначылі 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост з "Нашай Нівы". Але 14 лістапада яна не выйшла на волю пасля "сутак" — яе перазатрымалі па новым пратаколе. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі з ёй "пакаяльнае" відэа. На ім жанчына кажа, што была падпісана на "экстрэмісцкія" каналы і рабіла з іх рэпосты. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што Анішчук "кандыдатка правесці Новы Год у ІЧУ, бо зафіксаваны дзясяткі рэпостаў". Таксама, паводле сілавікоў, Вольга "нагнятала ўкідамі і фэйкамі сітуацыю вакол пенітэнцыярнай сістэмы, закідвала дзяржорганы надуманымі скаргамі".
16 лістапада ў судзе Заводскага раёна Мінска суддзя Алена Капцэвіч Вользе прызначылі 14 сутак арышту. Гэтым разам яе абвінавацілі ў рэпосце з тэлеграм-канала "Зеркало".
"Калі дазнаецца пра падтрымку мужа, то ёй будзе лягчэй пераносіць гэтае выпрабаванне"
"Вольга — чалавек з вялікім сэрцам і шчырай душой. Яна вельмі кахае Арцёма і таму, натуральна, што рабіла ўсё магчымае для яго вызвалення. Вольга вельмі хвалявалася за Арцёма, а ён — за яе. Прасіў заўсёды праз лісты перадаць ёй прывітанні і вельмі радаваўся пустым мілым паштоўкам, якія мог бы даслаць сваёй жонцы.
На жаль, цяпер нельга падтрымаць Вольгу асабіста, бо на Акрэсціна ўжо другі год не прымаюць перадачы і не перадаюць лісты, дзяўчына там знаходзіцца нават без асабістых сродкаў гігіены і зменнага адзення. Але можна падтрымаць Арцёма тэлеграмамі і лістамі з цёплымі словамі. Вольга заўсёды казала, што яна адчувае мужа нават на адлегласці. Калі яна дазнаецца пра падтрымку мужа, то ёй будзе лягчэй пераносіць гэтае выпрабаванне", — распавядае знаёмая сям'і Дзіяна.
Адрас для падтрымкі Арцёма:ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Арцём Ігаравіч Анішчук |
Затрымана паводле крымінальнага артыкула, галадала ў знак салідарнасці з мужам
Журналіста "Радыё Свабода" і адміністратара тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года — яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі і масавымі пратэстамі ў Беларусі. З жонкай Дар’яй пазнаёміўся ў 2009 годзе — праз перапіску ў "ВКонтакте". Ажаніліся яшчэ студэнтамі. У сям’і расце маленькая дачка Паўліна.
Калі ў снежні 2020 году Ігару Лосіку прад'явілі новае абвінавачванне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках", то ў знак пратэсту Ігар Лосік абвясціў галадоўку, якую пратрымаў 42 дні. Дар'я ў знак салідарнасці з мужам таксама абвясціла галадоўку.
14 снежня 2021 года Ігара Лосіка асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 года Ігар быў этапаваны ў наваполацкую калонію № 1. У хуткім часе КДБ унёс Ігара ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". На маёмасць сям'і Лосікаў (у тым ліку на піяніна, бытавую тэхніку і мэблю) у ліпені 2022 года быў накладзены арышт.
Жонку палітвязня Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю Лосік абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам "Белсат" вясной 2022 году. Паводле якога артыкулу абвінавачваюць жонку палітвязня, афіцыйна не паведамляецца.
28 лістапада будзе 13 гадоў першаму спатканню Лосікаў, а 30 лістапада Дар'і споўніцца 31 год. Дар'я не можа ліставацца са сваім мужам, бо у Беларусі забаронена ліставанне паміж установамі зняволення. Дома пару чакае іх чатырохгадавая дачка.
"Не переживайте сильно за меня. Все осталось так же, просто я теперь с обратной стороны этого всего. Обняла!" — напісала Дар'я 27 кастрычніка з СІЗА.
"Яны свецяцца ад шчасця, калі кажуць адзін пра аднаго"
Каляжанка Ігара Наста Пілюгіна кажа, што Дар'яй кіравала каханне ў барацьбе за мужа:
"Дар’я не магла кінуць Ігара ў бядзе. Яна казала, што толькі яна зможа найлепш дапамагчы яму ў зняволенні, таму і змагалася за Ігара да апошняга. Лосікі амаль 13 гадоў разам, дужа блізкія, у іх ёсць сапраўды вялікае каханне. Мне падаецца, Даша і Ігар нават адчуваюць адно аднаго псіхалагічна на адлегласці. Да таго ж, у іх ёсць маленькая Паўлінка, у якой забралі маму і тату. І Дар’я да апошняга хацела вярнуць тату іх доўгачаканай і любімай дзяўчынцы".
Паводле Насты менавіта каханне і ўражвала яе ў Дар'і:
"Даша з Ігарам так кахаюць адзін аднаго. Па ім нават бачна, як яны свецяцца ад шчасця, калі думаюць ці кажуць адзін пра аднаго. Даша яшчэ вельмі мужная і адказная жонка. Калі яна была на волі, то не баялася нікога, бо каты забралі Ігара. Плюс яе ўменню мабілізавацца пры неабходнасці можна павучыцца.А яшчэ Даша класна водзіць машыну. Яна руліць. Ва ўсім".
Падтрымайце палітзняволеных мужа і жонку:Дар'ю можна падтрымаць лістамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі:СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Лосік Дар’я Аляксандраўна Рэквізіты пераводу праз АРІП: УНП: 200292322 код BIC: BAPBBY2X IBAN: BY49BAPB36429921800110000000 Ігара можна падтрымаць тэлеграмамі і лістамі:ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Лосік Ігар Аляксандравіч |