viasna on patreon

Гомельскага грузчыка асудзілі на два гады калоніі па "справе Зэльцэра"

2022 2022-10-31T20:07:05+0300 2022-10-31T20:31:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel-chygunachny-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 26 кастрычніка вынес прысуд грузчыку Гомельскага вінзавода Дзмітрыю Малашанку, абвінаваціўшы яго ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс вёў суддзя Яўген Шаршнёў, дзяржабвінаваўца – пракурор Канстанцін Шапачкін. 

Дзмітрыя Малашанку затрымалі супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці 30 верасня 2021 года, на другі дзень пасля таго, як ён пакінуў каментар пад пастом з відэа затрымання і забойства IT-спецыяліста Андрэя Зэльцэра у пабліку “Моцныя навіны” у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.

Пра Малашанку вядома, што ён удзельнічаў у велапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі і прымаў удзел у якасці дружынніка ў свой выходны дзень на выбарах у 2020 годзе. А яшчэ мужчына ў судзе шчыра не разумеў за што яго судзяць.

Пад суд Дзмітрый Малашанка трапіў за два каментары “У краіне страшней, чым у Самалі” і “Калі б была ў мяне стрэльба і да мяне ламаліся б такія людзі, я б таксама абараняў свой дом, толькі б барыкады зрабіў”.

Падчас допыту ў КДБ пад ціскам Дзмітрый даў паказанні, што ўсведамляў, хто гэтыя людзі на відэа і што ідзе затрыманне ўзброенага злачынца супрацоўнікамі міліцыі.

Падчас суду Дзмітрый спачатку прызнаў віну ў поўным аб'ёме, але падчас працэсу высветлілася, што насамрэч мужчына глядзеў толькі кавалак відэа, бо “збіраўся на працу і спяшаўся, навіну не чытаў і людзей, якія ўскрывалі кватэру Зельцара прыняў за злачынцаў”, таму і напісаў такі каментар. 

Дзмітрый Малашанка таксама не прызнаў, што мог такім чынам дыскрэдытаваць супрацоўнікаў органаў наогул і канкрэтна тых, хто пранікаў у кватэру, а “проста выказаў сваё асабістае меркаванне”, на што “мае права”.

Судовая экспертыза прадаставіла суду заключэнне, што каментары не распальваюць варожасці і не маюць пабуджальнага характару дзеянняў, але ў той жа час у іх выяўляецца негатыўная ацэнка палітычнай сітуацыі ў краіне ў цэлым і негатыўная ацэнка прафесійных дзеянняў супрацоўнікаў органаў у прыватнасці.

Суд прызнаў Дзмітрыя Малашанку вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады і штрафам у памеры 100 базавых велічыняў з канфіскацыяй тэлефона.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства