viasna on patreon

Два гады калоніі прысудзілі за абразу Лукашэнкі былому следчаму ў Бярозе

2022 2022-10-18T18:06:52+0300 2022-10-19T09:30:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kurouski-2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Максім Куроўскі

Максім Куроўскі

Бярозаўскім раённым судом 17 кастрычніка асуджаны былы следчы райаддзела СК Максім Куроўскі. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Наталля Вакульчык.

40-гадовы Максім Куроўскі скончыў мясцовую школу ў Пружанах, пасля Акадэмію МУС. Працаваў оперупаўнаважаным групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі ў Пружанскім РАУСе.  Затым — следчым Пружанскага райаддзелу СК. Звольніўся са службы ў 2020 годзе.

Быў затрыманы напрыканцы ліпеня 2022 года.

Згодна з матэрыяламі абвінавачання, Максім Куроўскі ў адным з чатаў месенджара Telegram наўмысна размяшчаў паведамленні ў дачыненні да Лукашэнкі, непрыстойныя па форме і абразлівыя па змесце. Экспертыза выявіла, што каментары змяшчалі негатыўную ацэнку Лукашэнкі, прыніжалі ягоныя гонар і годнасць. Да таго ж Максім карыстаўся пры гэтым беларускай мовай.

Нядаўна адмысловым загадам прэзідэнта Куроўскага пазбавілі службовага звання.

Судовы працэс пачаўся яшчэ 11 кастрычніка.

У якасці акалічнасці, якая змякчае адказнасць абвінавачанага, суд прызнаў раскаянне ў зробленым, а таксама наяўнасць на ўтрыманні Максіма дваіх малалетніх дзяцей.

Тым не меней, прысудам суда Куроўскі прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта, яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У дачыненні да мабільнага тэлефона, які належыць абвінавачанаму, ужытая спецыяльная канфіскацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства