viasna on patreon

"Рэжым на ўсю моц ваюе з жанчынамі — толькі перамог у гэтай вайне не будзе". Дзень маці ў няволі

2022 2022-10-14T14:48:58+0300 2022-10-14T16:11:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/protest_89.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы ў Дзень маці заклікаюць павіншаваць палітзняволеных жанчын, якіх краты разлучылі са сваімі дзецьмі. Летась "Вясна" рабіла падобны матэрыял пра палітзняволеных жанчын — тады іх колькасць была меншай амаль у два разы. Цяпер у Беларусі налічваецца 163 палітзняволеных жанчын, яшчэ 234 жанчыны асуджаныя да "хатняй хіміі". Суды да гэтага часу адпраўляюць у калоніі цэлыя сем'і, пакідаючы дзяцей без двух бацькоў, жанчын працягваюць катаваць у засценках ГУБАЗіКа і трымаць у перапоўненых камерах на Акрэсціна, кідаць у ШІЗА. "Вясна" у Дзень маці нагадвае гісторыі палітзняволеных маці і распавядае, як можна павіншаваць іх, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе барацьбу дзяржавы з жанчынамі па палітычных матывах.

protest_89.jpeg
Ілюстрацыя schino4ka

Сёння ў калоніі адпраўляюць цэлыя сем'і

У месцах няволі цяпер утрымліваюцца 163 палітзняволеныя жанчыны. За ўдзел у пратэснай дзейнасці пасля 2020 года да "хатняй хіміі" асудзілі яшчэ 234 жанчыны. Крымінальны пераслед маці цяпер адбываецца ў асноўным за ўдзел у Маршах — іх ідэнтыфікуюць па фотаздымках. Суддзі адпраўляюць у калоніі цэлыя сем'і. Толькі ўчора ў Мінску адбыліся суды адразу над чатырма сямейнымі парамі.

Так, 13 кастрычніка, суд Партызанскага раёна прызначыў палітзняволенай Алене Паўловіч і яе мужу Дзмітрыю два гады і паўтары гады калоніі адпаведна. Такое рашэнне вынес суддзя Міхаіл Макарэвіч, нягледзячы на тое, што ў сям'і двое непоўнагадовых дзяцей.

У судзе Маскоўскага раёна судзяць палітвязня Антона Маслыку і ягоную жонку Кацярыну Еўдакімаву. У сям'і трое дзетак. Пракурор запрасіў для абодвух па 1,5 гады калоніі, хоць Кацярына знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка звяртае ўвагу на тое, што пазбаўленне волі іншадумцаў уяўляе сабой парушэнне міжнароднага права ў выглядзе дыскрымінацыі па прыкмеце палітычных перакананняў:

"Само па сабе пазбаўленне волі — гэта цяжкае пакаранне, яно можа прымяняцца толькі ў мэтах абароны грамадства ад небяспечных замахаў і для пазбяганне рэцыдыву злачынстваў. Пазбаўленне волі да суда – наогул крайняя мера, якая павінна прымяняцца ў выключных выпадках.

Пазбаўленне волі жанчын прычыняе пакуты не толькі ім, але і сем'ям, у першую чаргу – дзецям. Гэта ўсё трэба ўлічваць у цэлым, вызначаючы правілы аб крымінальнай адказнасці, але рэаліі такія, што жанчыны нароўні з мужчынамі падвяргаюцца пазбаўленням, звязаным з усталяванымі ў месцах пазбаўлення волі парадкамі: нізкааплатнай і неаплатны прымусовай працы, неабгрунтаваным абмежаванням ў сацыяльных кантактах, часта – жорсткаму, зневажальнаму абыходжанню.

У дачыненні да палітвязняў павінна дзейнічаць іншая логіка-гэтыя людзі не здзейснілі злачынстваў (альбо іх віна не была даказаная з захаваннем стандартаў справядлівага суда або пакаранне прызначанае выбарча жорсткім у параўнанні з іншымі асуджанымі пры наяўнасці палітычных матываў), таму яны не павінны пазбаўляцца волі, іх утрыманне ў няволі – адвольнае.

У сучаснай Беларусі пазбаўленне волі ўдзельнікаў пратэсных акцый і іншадумцаў уяўляе сабой парушэнне міжнароднага права ў выглядзе дыскрымінацыі па прыкмеце палітычных ці іншых перакананняў, мэтай або вынікам якой стала адмаўленне роўнасці з пункту гледжання правоў чалавека. Пералічаныя абставіны даюць разуменне таго, што сёння крымінальны пераслед – гэта асноўны і найбольш жорсткі інструмент падаўлення пратэснай актыўнасці і іншадумства ў Беларусі".

Крымінальны пераслед маці дзяржавай

Паводле праваабаронцы, тэндэнцый па змякчэнні пакаранняў і пераследу маці ў Беларусі не назіраецца:

"Магчыма, што хто-небудзь з суддзяў здзейсніў, як ім здавалася, высакародны ўчынак і не адправіў у калонію, турму або ў ПУАТ адну або некалькіх жанчын, але гэта ўсяго толькі спроба закласці аснову ў апраўданне ўласнага злачынства – асуджэнне заведама невінаватага чалавека.

Мы павінны гаварыць на ўвесь свет пра іншыя выпадкі: Вольгі Залатар, якую адны злачынцы катавалі, а іншыя – асудзілі да пазбаўлення волі за рэалізацыю сваіх правоў і свабод, Паліны Шарэнда-Панасюк, якую правялі праз карцэр у СІЗА, турму і рэгулярна адпраўляюць у штрафны ізалятар, асуджаную да пяці гадоў калоніі Юлію Лаптыновіч, дзяцей якой улады пазбавілі двух бацькоў. Цяперашні рэжым на ўсю моц ваюе з жанчынамі, іх дзецьмі, мужамі і бацькамі – вось толькі перамог у гэтай вайне не будзе. Кожны вінаваты ў злачынствах рэжыму мае шанец патрапіць пад сапраўдны справядлівы суд".

Самым гучнай і жорсткай, напэўна, з'яўляецца справа супраць палітзняволенай Вольгі Залатар, якую на волі чакаюць пяць непоўнагадовых дзяцей.

Вольга Залатар з сям'ёй
Вольга Залатар з сям'ёй

У межах крымінальнай справы яе затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу на заняткі па цымбалах. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар, а пазней перавялі ў СІЗА-1. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі "за актыўную пратэсную дзейнасць, яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты".

Як распавядаў ужо былы адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў яна заяўляла, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізічная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.

"Падчас допытаў у следчага Вольга тройчы паказвала на факты катаванняў. У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблакаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе звесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага, казала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы з ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджанняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах".

Мачалава яго пазбавілі ліцэнзіі за тое, што распавёў пра катаванні над Вольгай, а потым адваката асудзілі па надуманых прычынах у межах крымінальнай справы.

3 снежня 2021 года суддзя Анастасія Папко асудзіла Вольгу да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Цяпер жанчына адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.

У турме № 1 утрымліваецца палітзняволеная маці з Пружанаў Юлія Лаптановіч – у яе трое дзетак.

Ігар і Юлія Лаптановічы з дзецьмі
Ігар і Юлія Лаптановічы з дзецьмі

8 ліпеня Гродзенскі абласны суд прызнаў палітзняволеную вінаватай па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе муж Ігар Лаптановіч таксама з'яўляецца палітвязнем. 4 жніўня 2021 года ў Брэсце па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію — да трох гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. Тады Следчы камітэт цынічна напісаў пра справу супраць жанчыны "Паміж выхаваннем дзяцей і экстрэмізмам двойчы выбрала экстрэмізм".

У палітзняволенай, пакуль яна ўтрымлівалася ў СІЗА-7, выявіўся апендыцыт, ёй зрабілі аперацыю.

Трое дзетак Лаптыновічаў гадуюцца без двух бацькоў.

На палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк, маці двух дзяцей, у калоніі аказваецца ціск. Яе трымаюць у ШІЗА 60 сутак запар. Акрамя гэтага, адвакат жанчыны не можа да яе патрапіць ужо тры месяцы. 

Паліна Шарэнда-Панасюк з сям'ёй
Паліна Шарэнда-Панасюк з сям'ёй

Паліну затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА. Ёй прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў.

9 чэрвеня 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста вынесены прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк — два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 7 красавіка ў гомельскай калоніі Паліну асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле.

Для грамадства і праваабаронцаў "палітычныя кейсы" супраць маці з'яўляюцца асабліва балючымі і ўразлівымі.

"Рэпрэсіўнае "правасуддзе" дзейнічае без уліку гендэрных фактараў, без уліку інтарэсаў дзяцей абвінавачаных-жанчын. Часта яно дэманстратыўна не ўжывае магчымасцяў крымінальнага закона для прызначэння пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, і гэта яшчэ раз падкрэслівае справядлівасць сцвярджэнняў аб тым, што пазбаўленне волі па палітычных матывах адбываецца мэтанакіравана для прычынення асаблівых пакут і выбарча ў параўнанні з іншымі крымінальнымі справамі без такога матыву. Улады разумеюць, што жанчыны куды больш уразлівыя ў розных аспектах і наўмысна эксплуатуюць гэтую ўразлівасць", – адзначае Павел Сапелка.

Як можна павіншаваць палітзняволеных жанчын

Актуальны спіс палітзняволеных можна знайсці на адмысловым сайце "Вясны". Усіх палітвязняў можна павіншаваць лістамі і паштоўкамі салідарнасці, тэлеграмамі. Тым, хто ўтрымліваецца ў следчым ізалятары, можна таксама адправіць пасылку з прыемнасцямі ці зрабіць грашовы перавод. Жанчынам на "хіміі" можна нават зрабіць дастаўку ежы, падарункаў у папраўчую ўстанову, папярэдне ўзгадніўшы з імі час, бо ў ПУАТ можна карыстацца тэлефонамі і сацсеткамі. Жанчын, якія ўжо знаходзяцца ў калоніі, можна павіншаваць толькі лістамі і тэлеграмамі.

Таксама важна адрасна падтрымліваць сем'і палітзняволеных, а ім самім прапаноўваць дапамогу па віншаваннях сваіх родных.

"Былыя палітвязні часта распавядаюць, што за кратамі вельмі хваляваліся за тое, што іх родныя на волі засталіся без падтрымкі, а яны самі з'яўляюцца цяжарам для сям'і. Для многіх падтрымка іх сямей нашмат важней за іх асабістую. Таму варта надзяляць не менш увагі падтрымкі сем'ям палітвязняў – дапамогай з перадачамі, адзеннем для дзетак, прадуктамі і проста добрым словам. Калі палітвязні будуць ведаць, што пра іх сем'і на волі клапоцяцца, ім будзе лягчэй за кратамі.

Я хацела бы звярнуць увагу яшчэ на тое, што Дзень маці тычыцца ўсіх палітвязняў. Маці ў няволі думаюць пра сваіх дзяцей, а ўсе палітвязні – пра сваіх маці. Гэта вельмі эмацыйна складанае свята для ўсіх. Ёсць гісторыі, калі палітзняволеныя, якіх адправілі за краты, з'яўляліся адзінымі карміцелямі і апекай для сваіх маці, яны заяўляць пра гэта на судах і просяць не пазбаўляць іх волі, але суддзі ўсё адно прызначаюць ім калонію. Дзеці са зробленымі ў школах кампазіцыямі і малюнкамі да Дня маці не могуць, як астатнія, прыйсці дадому і адразу падарыць іх маці, а адпраўляюць іх у турмы.

Таму заклікаем у Дзень маці падтрымаць дзяцей палітзняволеных жанчын і павіншаваць маці палітвязняў, якія не маюць цяпер магчымасці паўнавартасна гэта зрабіць", –адзначае праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук.

Спіс, гісторыі і актуальныя адрасы палітзняволеных жанчын

Дзень маці ў няволі: гісторыі жанчын, якія апынуліся па той бок кратаў ад сваіх дзяцей

У Дзень маці "Вясна" ўзгадвае гісторыі жанчын, якія апынуліся па той бок кратаў ад сваіх дзяцей, а некаторыя – наогул разам з дзецьмі за кратамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства