viasna on patreon

Кіроўцу таксі з Ліды асудзілі да 9 гадоў калоніі за паведамленні ў тэлеграме і "вожыкі" ў гаражы

2022 2022-10-03T15:08:36+0300 2022-10-03T15:08:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vilchevsky_edvard.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гродзенскім абласным судзе 3 кастрычніка вынеслі жорсткі прысуд 28-гадоваму кіроўцу таксі з Ліды Эдварду Вільчэўскаму — дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен заплаціць пацярпеламу 2000 рублёў кампенсацыі. За каментары ў сацсетках і знойдзеныя падчас ператрусу "вожыкі" яго асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Прысуд вынес суддзя Мікалай Рачынскі.

Эдвард Вільчэўскі
Эдвард Вільчэўскі

Эвдарда асудзілі паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках); арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Згодна з версіяй абвінавачвання Вільчэўскі, "з'яўляючыся актыўным удзельнікам тэлеграм-чатаў "Беседы белорусской революции", "Банда Луки", "Лида 97%" здзейсніў актыўныя дзеянні, накіраваныя на стварэнне ўмоваў для ажыццяўлення паказанага злачынства, у перыяд з 24 чэрвеня па 7 кастрычніка 2020 года пакідаў экстрэмісцкія паведамленні, якія змяшчаюць падахвочванні, жаданні, зацікаўленасці і гатовасці да стварэння ўзброеных аб'яднанняў дзеля процідзеяння супрацоўнікам праваахоўных органаў, падахвочвання да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды, гвалту над асобай з прычыны выканання грамадскага абавязку, у тым ліку ў дачыненні да супрацоўнікаў ГУУС з прычыны выканання імі службовай дзейнасці".

Арганізацыя "масавых беспарадкаў" праз каментары

На судзе стала вядома, што Вільчэўскаму ставілі ў віну наступныя паведамленні, якія кваліфікавалі як арганізацыю масавых беспарадкаў паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

24 чэрвеня 2020 года: "Упэўнены, аднак, у тым, што, як бы мы ні хацелі, але мірам не ўхіліць вусатага. Неабходна гэта ўсім нам зразумець і прыняць. Гэта як пад ляжачы камень вада не цячэ, разумееце? Вось і мы хочам прыйсці на плошчу, пастаяць, памахаць сцягамі, павыкрыкваць лозунгі, і тыпу нас калі будуць мільёны, то ніхто не будзе чапаць. Ну прачніцеся, шаноўныя. Мы ўжо не ў казцы, неабходны выразны план дзеянняў. І ведаеце, чаму нас могуць быць не мільёны? Таму што плану вось няма, у нас няма плану. А калі няма плану <нрзб>. І гэту простую праўду павінны зразумець і прыняць усе мы. Нам дэманструюць ужо сёння, што будзе разгон. Ніхто не збіраецца з мірам аддаваць уладу, гэта вам усім сказалі наўпрост. Я за мір, за дабро, супраць крыві, але па гэты бок барыкад настроеныя вельмі варожа і рашуча, і якімі б мы ні былі мірнымі, рана ці позна, пражывучы з вусатым яшчэ год ці пяцігодку, вы ўсе гэта ўсвядомееце, але ўжо будзе позна. Таму прапаную звярнуцца па дапамогу дзеля забеспячэння нас у выпадку неабходнай абароны зброяй. Я не ва ўсім магу разбірацца, але калі дзейнічаць, то дзейнічаць, а не соплі жаваць. Мардабоем перад куляй міліцыі. Дзейнічайце, вырашайце, рабіце планы атак, іначай усё, што пачата, то дарэмна. Вось чалавек правільна ўсё напісаў, не будзе мірных разгонаў, рыхтуйцеся толькі да гвалту".

24 чэрвеня 2020 года: "Увогуле разгон будзе па-любому, ніхто вас не будзе шкадаваць, усё будзе максімальна жорстка, таму, калі 9-10 жніўня супрацоўнікі МУС не пяройдуць на бок народа, войска не падтрымае нас, адкажам сваім ударам. Першае, закупляйцеся бензінам і газай, хай стаіць на ўсялякі выпадак, раптам прыдасца. Другое, прыносьце пярцовыя балончыкі, электрашокеры, кастэты, біты, чакі, любое ўзбраенне, якое маеце. Калі пачаўся хапун, і ціхары цягнуць таварыша з натоўпу, знішчайце іх. Прыносьце фарбу і іншае ў шарыках ці яйкі, чым можна сапсаваць бачнасць амапаўцу ў шлеме і са шчытом, а таксама пазначыць ціхара. У вас павінна быць маска на твар, магчыма, пальчаткі. Вопратка пажадана скураныя курткі ад гумовых куль. Дымавыя шашкі самаробныя, выбуховыя пакеты. Захоўвайце шкляныя бутэлькі для кактэйляў. Усе павінны абараняць адно аднаго, так, як хацелі б, каб абаранялі вас. Тэлефоны лепш пакідаць дома, каб праз іх вас не вызначылі, па магчымасці ставіць машыны ў даступных месцах, у машыне мець мантыроўку, лом для разборкі пасля тратуарнай пліткі, кусачкі для абразання колавых вусікаў на службовых аўтамабілях або нажы. Намагайцеся менш трапляцца на відэакамеры, а лепш іх зафарбоўваць фарбай па магчымасці. Падчас бойкі з амапаўцамі і МУС зацягвайце іх у натоўп, абясшкоджвайце і забірайце амуніцыю для сябе: каска, рацыя, балончыкі, камізэлька, кайданкі, пісталет і іншае. Падчас перакрыцця дарог АМАПа можа бракаваць, а нас будзе шмат, таму заходзім акрамя фронту яшчэ і з тылу, падтрымка ва ўсіх кірунках. Падтрымка людзей з вокнаў кватэр і лесвічных пляцовак спатрэбіцца, аблівайце іх кіпенем і гарачай алівай, бензінам, можаце выкінуць на іх канапу, лядоўню. Блакаваць вуліцы для пад'езду падмацавання, дробнае ДТЗ, напрыклад, ці прабіць колы грамадскаму транспарту і працоўным аўтамабілям, а таксама <нрзб>. Машыны МУС трэба падпальваць. У гэтыя дні горад павінен быць згуртаваным. Адбіваем таварышаў. АМАП ці ціхары — знішчайце іх сваёй зброяй. Галоўная дапамога горада — не даць даехаць да натоўпу вадамётам. Калі прыехаў вадамёт, скідайце на яго з вокнаў фарбу для пагаршэння бачнасці, а таксама лёгка-ўзгаральныя сродкі. Гэта на выпадак, калі будзе гвалт з боку ўлад. Лукашыст не сыдзе".

26.06.2020: "Я за. Будзем, выява агню/полымя, іх бязлітасна, гледзячы, <нецэнзурнае слова>, у вочы, як яны, выява агню/полымя".

14.07.2020: "Іх заклікі гэта другараднае, лідараў нам не трэба, наеліся аднаго за 20 гадоў, самі ўсе разграмім".

16.07.2020: "Толькі сілавы супраціў дапаможа, і яго час разгойдваць".

08.08.2020: "Пры змене ўлады ўсіх сабак, людзей прыкарытнікаў, хто ўдзельнічаў супраць беларускага народа, гатовы першым расстраляць без разбору"; "Час кактэйлі прыносіць і паліць, <нецэнзурнае словы>, атрымліваць асалоду ад мігцення агеньчыкаў"; "Надышоў час адказаць на гвалт. Трэба выходзіць бліжэй да ночы, калі вас складаней злавіць і адшукаць, і рабіць бясчынства з гэтымі мусарамі"; "Абвяшчаю ноч падпаленых Табакерак, падпаленых мусароў".

09.08.2020: "Мужыкі, уначы можна мусароў падагрэць агеньчыкам, каб не нудзіліся"; "Кактэйль Молатава можа вырашыць шмат праблем"; "Мужыкі, выходзім далей да перамогі, нездарма ж людзі гінулі, патрапілі ў лякарню і былі зняважаныя гэтай уладай і прыкарытнікамі. Вы самі ўсё бачылі, што вам яшчэ казаць. Ці хтосьці з чата зноў скажа, што я кадэбэшнік і ўвесь час <нрзб>".

10.08.2020: "Час вяртацца <нрзб> кактэйлі. Калі нас не паказваюць, то адчуюць пах дыму і плямы крыві".

11.08.2020: "Мужыкі, калі нас сёння грузілі ў аўтазакі, людзі кідалі ў зак усё, што было, вельмі хацелася, каб народ зрабіў усё, каб нас вызвалілі, падпаліць яго. Дзякуй усім, хто выходзіць, мы зможам"; "Падносьце шкляныя бутэлькі на барыкады, адпрацаваную аліву, анучы і бензін".

12.08.2020: "Прыносьце ланцугі, у каго ёсць стрэльба для падводнага палявання, таксама нясіце. Не забываем пра пальчаткі".

У чаце "Ліда 97%" 12.08.2020: "Выходзім а 16-й гадзіне. Бачыце мусароў, уцякайце, пасля вяртайцеся, будзьце ўважлівыя, не стойце блізка да дарогі, гледзіце, могуць мусара бегчы з аднаго боку, і вы пачняце ўцякаць ад іх як раз туды, куды яны збіраліся вас гнаць. Туды пад'едзе <нрзб>".

Распальваў "іншую сацыяльную варожасць" праз тэлеграм

Акрамя гэтага, Вільчэўскаму інкрымінавалі тое, што з 24 чэрвеня па 7 кастрычніка 2020 года ён пакідаў ў тэлеграм-чатах "Беседы белорусской революции", "Банда Луки", "Лида 97%" паведамленні, тым самым здзяйсняў наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 2 арт. 130 КК).

Згодна з версіяй абвінавачвання, "замахваючыся на мірнае і талерантнае стаўленне грамадства да прадстаўнікоў улады, якія маюць адрозненні светапогляднага і іншага характару, вылучаючы сацыяльную прыналежнасць і правакуючы грамадства Беларусі з мэтай публічнага ўздзеяння на грамадскую свядомасць, распальванне варожага стаўлення да прадстаўнікоў груп, вылучыў аб'яднанне людзей, што не ўтваралі адносна ўстойлівай супольнасці, прадстаўнікі якой маюць агульныя сацыяльна значныя прыкметы, заснаваныя на ролі ў грамадскім жыцці, прыналежнасці да пэўнай прафесіі, супрацоўнікаў ОУС і члены іх сем'яў, а таксама сацыяльна-палітычных поглядаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, якія актыўна выступалі за выкананне правапарадку і захаванне дзейснага дзяржаўна-канстытуцыйнага ладу Беларусі" размясціў каля 20 паведамленняў.

Напрыклад, 11.08.2020: "Пакуль АМАП на плошчы, іх жонкі і дзеці дома. Мабыць пагрукаем ім у акенца?"

13.08.2020: "Ну што, мусара, адчуваеце, як рэжым падае, улада хаваецца і сыходзіць з-пад ног? Гэта пахне самасудам ад народа. Хто за народ, у вас ёсць час перайсці".

Абраза намначальніка салігорскага АУС

Таксама Вільчэўскаму інкрымінавалі абразу прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК. Так, 4 жніўня 2020 года ў тэлеграм-чаце "Банда Луки" ён пакінуў каментар у дачыненні да намесніка начальніка АУС Салігорскага райвыканкама Салаўя: "Нейкі <нрзб> у форме".

"Вожыкі" ў гаражы, знойдзеныя падчас ператрусу

Згодна з абвінавачваннем, з 11 жніўня 2020 па 24 красавіка 2022 гады Эдвард здзейсніў актыўныя дзеянні, накіраваныя на пошук прыстасаванняў, прыладаў для ажыццяўлення паказанага злачынства, якое выявілася ў вырабе прызначаных для пашкоджання колаў транспартных сродкаў металічных канструкцый з цвікоў — "вожыкаў" — у колькасці не менш за 12 штук, якія былі выяўленыя і канфіскаваныя супрацоўнікамі падчас ператрусу ў гаражы. Знаходку кваліфікавалі як падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках паводле ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 КК.

Каментар пра ўчастковую з Віцебска

Паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) кваліфікавалі каментар ад 16 жніўня 2020 у тэлеграм-чаце "Банда Луки" пра ўчастковую инспектарку міліцыі па справах непаўнагадовых АУС адміністрацыі Першамайскага раёна горада Віцебска Рыбаковай (Рошчынай): "Дык што, мы яе па коле пусцім? Усяго толькі 4000 чалавек".

Ці прызнаў віну?

На судзе Эдвард прызнаў віну цалкам. Пад вартай мужчына знаходзіцца з 19 красавіка 2022 года.

На судзе мужчына распавядаў, што «паддаўся эмоцыям і ўплыву "газет"».

14 ліпеня Эдварда ўключылі ў "спіс тэрарыстаў". Суд над ім пачаўся 26 верасня. Мужчына ўтрымліваецца ў гродзенскай турме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства