viasna on patreon

Ад 2 да 2,5 гадоў калоніі: чатырох палітвязняў асудзілі за "перашкоду правядзенню рэферэндуму"

2022 2022-09-28T15:07:52+0300 2022-09-29T12:38:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hamicevich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Заводскага раёна Мінска 23 верасня агучылі прысуды адразу чатыром палітвязням — Міхаілу Хаміцэвічу, Мікалаю Каробка, Вячаславу Дашкевічу і Таццяне Заяц. Іх абвінавацілі па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме) за рассылку лістоў сябрам выбарчых камісій з заклікам лічыць сумленна галасы на рэферэндуме 27 лютага. Суддзя Анжэла Касцюкевіч прызначыла Мікалаю Каробку 2,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а астатнім — па два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Па справе адбылося пяць працэсаў, якія праходзілі ў адкрытым рэжыме.

hamicevich_90.jpeg
Міхаіл Хаміцэвіч, Мікалай Каробка, Таццяна Заяц, Вячаслаў Дашкевіч

Нагадаем, у КДБ Беларусі 20 лютага паведамілі аб затрыманні ўдзельнікаў груп, якія планавалі "зрыў рэферэндуму па зменах і дапаўненнях у Канстытуцыю". Супрацьпраўныя дзеянні гэтых людзей заключаліся ў рассылцы лістоў з заклікам да сябраў выбарчых камісій "лічыць галасы сумленна".

Што вядома пра асуджаных палітвязняў?

Усіх затрымалі 16 лютага — пад вартай яны ўжо сем месяцаў.

Вячаслаў Дашкевіч — 31-гадовы жыхар Мінска. Затрымліваўся яшчэ ў 2010 годзе падчас грубага разгону мірнай акцыі ў сталіцы. Быў арыштаваны на 15 сутак, потым у 2013 годзе яго затрымалі каля Савецкага РУУСа Мінска, дзе ён маніторыў затрыманні ў ходзе "Чарнобыльскага Шляху".  Тады яму суд прысудзіў пяць сутак арышту.

Міхаіл Хаміцэвіч — 33-гадовы ўладальнік фірмы. Вядома, што Міхаіла затрымлівалі ў Мінску 8 лістапада 2020 года. Яго тады арыштоўвалі на 15 сутак за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў па ч.1 арт 24.23 КаАП.

Былы палітвязень Арцём Майсіёнак, які ўтрымліваўся ў СІЗА-1 з Міхаілам Хаміцэвічам, распавядаў пра яго "Вясне":

"Міша Хаміцэвіч — вельмі прыязны хлопец, які 100% не пакрыўдзіць мухі. У яго першая група інсуліну, і яго ўвесь час водзяць у медпункт, каб ён калоў сабе інсулін. Міша заўсёды трымаўся на пазітыве".

35-гадовага Мікалая Каробку, якога паводле інфармацыі КДБ затрымалі пры перасячэнні польскай мяжы, вядома, што ён нібыта працуе таксістам. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, затрымліваўся 9 жніўня 2020 года. Вядома, што Мікалай скончыў фізічны факультэт БДУ, адзін год служыў у войску. Захапляецца спортам, кіно, класічнай музыкай. Быў назіральнікам у 2020 годзе: напярэдадні выбараў яго затрымалі і адміністратыўна арыштавалі на шэсць сутак.

38-гадовая Таццяна Заяц таксама неаднаразова затрымлівалася за ўдзел у пратэстных акцыях.

Распачата 9 крымінальных спраў, звязаных з правядзеннем рэферэндуму: каго затрымалі?

Супрацьпраўныя дзеянні гэтых людзей заключаліся ў рассылцы лістоў з заклікам да сябраў выбарчых камісій "лічыць галасы сумленна".

Падтрымайце палітвязняў грашовымі пераводамі, бандэролькамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Міхаіл Валер'евіч Хаміцэвіч, Мікалай Аляксандравіч Каробка, Вячаслаў Васільевіч Дашкевіч, Таццяна Паўлаўна Заяц)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства