viasna on patreon

Маці палітзняволенага Аляксандра Францкевіча: "Сын сказаў, што вытрывае ўсё годна"

2022 2022-09-15T11:17:45+0300 2022-09-15T11:33:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/franckevich_12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 верасня палітзняволенага актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча асудзілі да 17 гадоў калоніі. На наступны дзень на кароткатэрміновым спатканні з ім змагла сустрэцца ягоная мама.

Да гэтага Таццяна Францкевіч бачыла сына толькі ў лістападзе 2021 года, калі следчы Цыбульскі і старшая лейтэнантка юстыцыі Сурава дазволілі ёй першае спатканне з Сашам праз паўтара года пасля ягонага затрымання. Пазней, калі ўсім абвінавачаным па справе далі сустрэцца са сваякамі яшчэ раз, Таццяне і мужу Марфы РабковайВадзіму Жаромскаму — у гэтым адмовілі. Адмовілі Таццяне і ў другім спатканні пасля прысуду.

Гадзіна спаткання

«Саша малайчына, абодва разы трымаўся вельмі добра, усміхаўся, — дзеліцца ўражаннямі пасля спаткання Таццяна Францкевіч. — Мы размаўлялі пра ўсё, і гадзіны было мала. Сын ведае пра падзеі ва Украіне і з надзеяй глядзіць на цяперашнюю сітуацыю. Ён не сумуе і кажа: «Мама, якая розніца 3 гады, 10, 15 ці 17 — усё адно не будзем столькі сядзець, не перажывай». Такая ўпэўненасць падтрымлівае і мяне: думала, буду там плакаць, але, дзякуй богу, вытрывала. Сказаў, што вытрывае ўсё годна — а для мяне гэта самае галоўнае. Мяне трохі збянтэжыў строгі рэжым, але Саша супакоіў і сказаў, што быў гатовы да гэтага і ўсё пераадолее».

У лістах палітвязень таксама распавядаў, што чакае прэсінг у калоніі — бесперапынныя ШІЗА і ПКТ.

«Але нічога, трымаемся, мы ж дзекабрысты і анархісты, — усміхаецца Таццяна. — Ведаю, што далей будзе цяжка, але абы вытрымала ягонае здароўе. Пасля двух гадоў зняволення сын для тых умоваў выглядае нармальна: адно што — я заўважыла чорныя кругі пад вачыма, дый схуднеў ён трошкі».

У СІЗА палітзняволены намагаецца займацца фізічнымі нагрузкамі. Наколькі зразумела Таццяна, у камеры на Сашу не аказваюць дадатковага ціску, толькі лісты не даходзяць ні ад каго, акрамя як ад яе: ні ад дзяўчыны, ні ад цёткі, ні тым больш ад незнаёмых людзей. Саша дзякуе ўсім, хто яго падтрымлівае і піша яму лісты, хоць ён іх і не атрымлівае.

«Але на спатканні я перадала яму, як шмат чалавек непакоіцца пра яго, — кажа Таццяна. — І ён сказаў, што выдатна разумее, што лістоў няма, не таму што яму і іншым палітвязням не пішуць, а таму што іх проста не аддаюць. Раней з гэтым было прасцей, але, я чула, на «Валадарцы» памяняўся цэнзар. Але пакуль заўсёды даходзяць грашовыя пераводы — Сашу можна падтрымаць імі. Сын вельмі ўдзячны сваёй настаўніцы, якая дапамагае яму і ўвесь час кажа, што ён адзін з найлепшых ейных вучняў.

Пасля затрымання сына я выслала яму сваю фатаграфію з надпісам "Я твой анёл-ахоўнік". І Саша сказаў, што кожны раз перад сном ён глядзіць на яе: здымак дапамагае сыну вытрываць усе цяжкасці турэмнага жыцця. А я ўвесь час яму паўтараю, што буду змагацца за яго да апошняга».

Абвяшчэнне прысуду

Сашава маці паспела трапіць на абвяшчэнне прысуду сына, хоць у той дзень шмат якіх родных проста не пусцілі ў залу пасяджэння, а некаторых яшчэ і затрымалі пасля прысуду.

«Яны зладзілі ўсё хітра, — кажа Таццяна. — Спачатку доўга трымалі ля цэнтральных дзвярэй, павольна правяралі ўсе пашпарты. Паставілі металарамку на чацвёртым паверсе ўжо перад залай пасяджэнняў, аглядалі ўсіх і чапляліся: убачылі ў мяне складны грабянец і спыталі, што гэта такое. У выніку я паспела заскочыць у залу за суддзём у апошні момант — і за мной ужо нікога не пусцілі. Некаторыя родныя і блізкія засталіся за дзвярыма, хаця зала засталася паўпустой.

Калі яны хацелі паказаць хлопцам, што іх ніхто не падтрымлівае, у іх гэта не выйшла: калі дзверы адчыняліся, яны ўскоквалі і глядзелі на сваякоў, якія там стаялі. Нашы дзеці малайцы і трымаліся вельмі бадзёра, спрабавалі махаць рукамі нават у кайданках. А калі выходзілі з залы, выгукнулі: «Жыве Беларусь! Слава Украіне!»

"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі", — у апошнім слове Францкевіч

Моцнае апошняе слова 32-гадовага палітзняволенага анархіста Аляксандра Францкевіча, асуджанага ўчора да рэкорднага турэмнага тэрміну па гэтай справе.

Таццяна распавядае, што затрымліваць людзей пачалі ўжо пасля судовага пасяджэння. Напрыклад, ейную сястру Наталлю, маці былога палітвязня Іллі Лабацэвіча, затрымалі, калі яны разам пісалі заяву на спатканне з Сашам.

«У кабінет забеглі два ціхары і запыталіся ў Наташы: «Гэта вы хацелі пагутарыць з уладамі? Хадзем», — прыгадвае Таццяна. — Наста Лойка стаяла побач і спытала, чаму сястру затрымліваюць. Ёй адказалі: «Ах, вы і тут таксама абараняеце?» — ды затрымалі і яе. Калі ў кабінет, куды адвялі затрыманых, прыйшоў нейкі начальнік і спытаў, што яны там робяць, Наташа адказала: «На экскурсію да вас прыйшлі». Потым кожнага заводзілі ў кабінет, размаўлялі, каб больш нідзе і нічога. Дзвюм дзяўчынкам з Брэста было дрэнна — мабыць, праз прэсінг. Аднаму хлопцу далі трошкі пад рэбры. А начальнік гэты пералічыў усіх і кажа: «15. Гэты мая ўлюбёная лічба — затрымліваць па 15 чалавек».

Але нічога, усё гэта мы праходзілі ў 2010 годзе — пройдзем і цяпер».

Падтрымаць Аляксандра лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства