Распальваў сацыяльную варожасць: жыхара Гомеля асудзілі на паўтара года калоніі
У Гомельскім абласным судзе 23 жніўня вынесены прысуд 31-гадоваму Іллю Гольцаву. Суддзя Васіль Бягун прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).
Іллю затрымалі напрыканцы студзеня — верагодна, за каментары ў сацыяльных сетках. Вядома, што ў кастрычніку 2021 года ў судзе Савецкага раёна Гомеля Гольцаву прысудзілі штраф — 10 базавых велічынь (на той момант — 290 рублёў) паводле арт. 19.11 (Выраб, распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) КаАП.
Судовы працэс распачаўся 18 жніўня.
23 жніўня суд прызнаў Іллю Гольцава вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.