viasna on patreon

Палітзняволеная Яніна Малаш: жанчына з "велізарным сэрцам" і характарам "як быццам сапраўдны танк"

2022 2022-08-18T11:54:51+0300 2022-08-18T12:42:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malash-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яніна Малаш — актывістка Свабоднага прафсаюза металістаў. Яе затрымалі 19 красавіка 2022 года, пасля допыту яна не выйшла на волю. Па папярэдніх звестках, ёй інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

У 2020 годзе Яніна працавала на МЭТЗ імя Казлова зборшчыцай дэталяў для электратрансфарматараў, адкуль яе звольнілі праз палітычныя прычыны ў лістападзе 2020 года. Да затрымання яна была сябрай незалежнага прафсаюза.

У інтэрв'ю "DW" яна распавядала, што 16 верасня 2020 года атрымала вымову за тое, што паўгадзіны прастаяла ў ланцугу салідарнасці недалёка ад прахадной:

"Паколькі ў нас палітычныя матывы не могуць быць нагодай для забастоўкі, напісалі, што я адсутнічала на працоўным месцы. Мяне не было ўсяго паўгадзіны, і я павінна была была атрымаць папярэджанне. Да гэтага ў мяне не было дысцыплінарных спагнанняў", — распавядала яна.

Яніна Малаш таксама хадзіла да намесніка дырэктара завода з патрабаваннем правесці для працоўных сапраўдны інструктаж па тэхніцы бяспекі і адмаўлялася працаваць, пакуль гэтага не будзе зроблена. Паводле яе слоў, як правіла, інструктаж ніхто не праводзіць, і ўсе проста распісваюцца ў часопісе, што нібыта азнаёмлены з правіламі. З-за вырашэння гэтых пытанняў Яніна не працавала пару гадзін. Пазней на Малаш склалі дакладную, пасля чаго звольнілі, пакуль жанчына была ў адпачынку.

Тым не менш, апынуўшыся ў складанай сітуацыі, Яніна Малаш атрымала падтрымку аднадумцаў, што дазволіла ёй вырашыць як фінансавыя, так і жыллёвыя пытанні (яна жыла ў завадскім інтэрнаце і вымушаная была выселіцца адтуль на працягу месяца пасля звальнення).

Жанчына меркавала, што яе могуць затрымаць, аднак людзі, якія яе ведаюць, упэўненыя, што яна "ішла з высока паднятай галавой":

— Мы не ведаем, у якіх умовах яна знаходзіцца, але ўпэўненыя, што яна там не здаецца і зжываецца з існуючымі умовамі. Зараз Яніна будзе стаяць на сваёй думцы і не адступіць. Для яе галоўнае — каб усё было добра з дачкой, — кажуць яны.

Дачку яна выхоўвае па сваіх жа прынцыпах: дзяўчынка расце копіяй Яніны па характары — жанчына вучыць яе быць самастойнай і разлічваць толькі на сябе. Яніна з тых, хто супраць таго, каб браць грошы ў бацькоў, для яе каштоўныя самастойнасць і здольнасць людзей браць адказнасць за сваё жыццё. Але разам з неймаверным характарам — "як быццам сапраўдны танк, які ніколі не здаецца" — жанчына мае "велізарнае сэрца, месца ў якім хопіць усім". Яніна таксама любіць спяваць, асабліва ў яе выкананні касмічна гучыць "Купалінка".  

malash_fota.jpeg
Фотаздымак кветак, які зрабіла Яніна. Крыніца: сацсеткі Малаш

Цяпер ад Яніны прыходзіць мала адказаў, падтрымаць яе можна лістамі салідарнасці, пасылкамі і грашовымі пераводамі. Яна "крамень і не любіць нюні і плач", таму найлепшай падтрымкай для яе будзе абмеркаваць любімыя тэмы: вандроўкі, працоўны рух і агульнае жыццё вакол нас. 

Падтрымаць яе лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Яніна Сцяпанаўна Малаш

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства