viasna on patreon

Зняважаны даішнік Вольніч: тры чэрвеньскія справы спынілі, а адну — не

2022 2022-07-20T15:48:57+0300 2022-07-20T15:48:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volnich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Вясне" сталі вядомыя рашэнні яшчэ па чатырох крымінальных справах паводле абвінавачвання ў абразе ганцавіцкага інспектара ДАІ Ігара Вольніча. Судовыя працэсы праходзілі сёлета з 23 па 28 чэрвеня. У трох з гэтых спраў абвінавачаныя былі вызваленыя ад адказнасці праз заканчэнне тэрмінаў даўнасці.

volnich.jpg
Ігар Вольніч затрымлівае ўдзельніка акцыі

20 чэрвеня 2020 года на цэнтральнай плошчы горада Ганцавічы адбылася мірная акцыя "Ланцуг салідарнасці". Інспектар ДАІ Ігар Вольніч, які прыбыў туды, праславіўся брутальным затрыманнем: ён прыціснуў галаву аднаго з удзельнікаў акцыі каленам да асфальта.

Сам жа Вольніч мяркуе, што ў той дзень прыбыў на плошчу дзеля "забеспячэння бяспекі дарожнага руху", бо там праходзіў "несанкцыянаваны мітынг". Ён "браў удзел у затрыманні асобы, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення і не выконвала патрабаванні начальніка Ганцавіцкага РАУС".

Менавіта такія паказанні Вольніч у якасці пацярпелага агучыў падчас судовага працэсу над Надзеяй Дуванавай. Яе абвінавацілі ў абразе Вольніча (арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады") — жанчына пакінула каментар у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" пад допісам пра ягоныя дзеянні.

Судовы працэс над жанчынай праходзіў 26 чэрвеня ў судзе Ганцавіцкага раёна. Сваю віну Дуванава прызнала. Суддзя Уладзімір Космач асудзіў яе да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай "хатняй хіміі") тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. Таксама Дуванава павінна выплаціць Вольнічу кампенсацыю ягоных маральных пакут у памеры 1 500 беларускіх рублёў.

Аднак тры справы за "знявагу" Вольніча так і не скончыліся прысудам. Пра гэта распавяла "Берасцейская Вясна".

Так, сёлета 23 чэрвеня ў судзе Лунінецкага раёна распачаўся судовы працэс паводле крымінальнай справы ў дачыненні да Мікалая Сікорскага. Згодна з абвінавачваннем, Мікалай напісаў свой каментар пра Вольніча 21 чэрвеня 2020 года. А 30 чэрвеня 2022 года суддзя Аксана Зоткіна пастанавіла: справу ў дачыненні да Сікорскага спыніць праз сканчэнне тэрміна даўнасці (2 гады).

У той жа дзень, 23 чэрвеня, у судзе Ганцавіцкага раёна распачаўся працэс над Дзмітрыем Вагіным — свой каментар пра Вольніча ён напісаў, паводле абвінавачвання, 22 чэрвеня 2020 года. Суддзя Уладзімір Космач вырашыў спыніць справу, аднак пастанавіў канфіскаваць тэлефон, з якога Вагін пісаў каментар, у даход дзяржавы.

А 28 чэрвеня, таксама ў Лунінецкім судзе, праходзіў працэс над Сяргеем Тарасавым. У адпаведнасці з абвінавачваннем, ён пакінуў каментар пра Вольніча 22 чэрвеня 2020 года. Суддзя Зоткіна пастанавіла спыніць справу праз заканчэнне тэрміна даўнасці.

Мінуў тэрмін даўнасці. Падборка крымінальных спраў за "абразы", дзе абвінавачаных так і не асудзілі

Тут сабраны крымінальныя справы, якія сталі вядомыя праваабаронцам апошнім часам і ў якіх крымінальны пераслед у дачыненні да абвінавачаных быў спынены.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства