Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 15-16 ліпеня
15-16 ліпеня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні ў Мінску
У Мінску быў затрыманы Аляксандр Кабак (15.12.1980). Вядома, што яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
У Віцебску затрыманы ксёндз Андрэй Вашчук
Сёння ў Віцебску быў затрыманы ксёндз Андрэй Вашчук, пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску. Святару інкрымінуюць ч. 1. арт. 24.23 КаАП (несакцыянаванае пікетаванне). Суд мусіць адбыцца на наступным тыдні. Меркавана, за рэпост «апошняга слова» палітвязня Зміцера Дашкевіча ў судзе.
Актывіста з Наваполацку ў трэці раз запар пакаралі суткамі за рэпосты. У ЦІПе ён перанёс гіпертанічны крыз
Андрэя Галавырына затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Вядома, што у гэты дзень над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак. 1 ліпеня, Андрэя зноў пакаралі 15-сутачным арыштам.
Праваабаронцам стала вядома, што 15 ліпеня, Галавырына ў трэці раз запар асудзілі на 15 сутак.
Нагадаем, падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.
Старшыню Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міколу Шараха асудзілі на 15 сутак арышту
@profbelonline паведамляе, што судзілі яго за аватарку ў Facebook. Верагодна, размова ідзе пра фотаздымак, унізе якога прычэплены сцяг Украіны.
Вайсковаму эксперту Ягору Лебядку прысудзілі 15 сутак арышту
Яго судзілі паводле арт. 24.3 КаАП РБ (непадпарадкаванне міліцыянтам).
Кроў на пратаколе і 25 сутак па двух артыкулах — у Іванаве асудзілі яшчэ аднаго затрыманага на тыдні
"Нашай Ніве" стала вядома, што мясцоваму жыхару Андрэю Дражыну прызначылі 25 сутак арышту. Мужчыну судзілі адразу па двух «народных» артыкулах — за пікетаванне і непадпарадкаванне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Пад пікетаваннем меўся на ўвазе намаляваны на гаражнай браме герб Пагоня, які яшчэ ў 2007 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Брама з гербам была нябачная як з дарогі, так і з боку суседзяў. Пагоня там месцілася ўжо каля 10 гадоў. Але сілавікі заўважылі яе толькі падчас пазаўчорашняга ператрусу.
Падчас затрымання сілавікі паклалі Дражына на падлогу і надзелі кайданкі. Мужчыну падрапалі нос — пашкоджанні відаць на «пакаяльным» відэа. Апроч гэтага, у Андрэя з'явіліся сінякі на руках і нагах. Праз разбіты нос было шмат крыві. Кажуць, што кроў была нават на пратаколах.
У Драгічыне затрымалі больш за 20 чалавек, большасць з іх — прадпрымальнікі
«Людзі, якіх затрымалі, займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. З тых, каго магу назваць, — Андрэй і Ірына Малашыцкія. Самі яны людзі добрыя, працавітыя. У іх ёсць у горадзе сваё кафэ, крамы. Наколькі ведаю, яны яшчэ здавалі памяшканні іншым прадпрымальнікам.
Усім, да каго прыйшлі, аформілі адміністрацыйны артыкул 24.3 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы). Іх адправілі ў мясцовы ІЧУ, на наступны дзень быў суд. Далі невялікія штрафы (па 3-5 базавых) і адпусцілі», — расказае відавочца "Нашай Ніве".
Уладзіслава Карэцкага ў наваполацкай калоніі змяшчаюць у ШІЗА
У кранальным лісце да маці палітвязень Уладзіслаў Карэцкі паведаміў, што не змог артымаць перадачу ад маці, бо яго змяшчаюць у ШІЗА, але папрасіў яе не хвалявацца:
«Я был в ШИЗО, поэтому принять передачу не мог. Скорее всего, скоро опять туда уеду или уже уехал. На сколько — не знаю. Не волнуйся, там ничего страшного нет. У меня там всё нормально.
Спасибо за всё и извини за нервы. Я часто вспоминаю фразу из фильма: «Мама будет плакать, жалко». Я тебя люблю и надеюсь скоро увидеть дома. Я про всех помню и часто думаю. Скучаю».
Уладзіслаў — валанцёр штаба Віктара Бабарыкі, якога асудзілі да пяці гадоў калоніі па справе аб «лазарных указках».
Падтрымайце палітвязня: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Уладзіслаў Ігаравіч Карэцкі