viasna on patreon

Ліквідацыя незалежных прафсаюзаў, затрыманні: хроніка пераследу 12-13 ліпеня Дапоўнена

2022 2022-07-13T23:05:00+0300 2022-07-14T10:57:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/liabiadik.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12-13 ліпеня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Паводле інфармацыі @spiski_okrestina, 12 ліпеня затрыманы у Смалявічах затрыманы вядомы навуковец-фізік і вайсковы аналітык Ягор Лебядок. Падрабязнасці высвятляюцца.

liabiadik.jpeg
Ягор Лебядок

Слесара затрымалі за бойку з міліцыянерам у пераходзе станцыі метро «Кастрычніцкая» ў 2020 годзе

На відэа, выкладзеным у праўладным тэлеграм-канале, слесар расказвае, што пры пераходзе на станцыі метро «Кастрычніцкая», ён быў «удзельнікам масавай бойкі», падчас якой «нанёс цялесныя пашкоджанні» міліцыянту, піша "Медыязона".

Судзячы па апісанні, гаворка ідзе аб бойцы, якая адбылася 26 кастрычніка 2020 — як расказвалі відавочцы, тады "забег адзін мужчына ў форме і стаў збіваць чалавека. Людзі яго адбілі, а пасля міліцыянт пачаў уцякаць па эскалатары і яго пачалі біць".


Затрыманні ў Іванаве

Алена Пуцыковіч, Іванава.
Алена Пуцыковіч, Іванава.

13 ліпеня ў Іванаве затрымалі больш за дзве мясцовыя жыхаркі. Супрацоўнікі мінскага ГУБАЗіКа павезлі ў кайданках у невядомым кірунку, па якой справе — невядома. У іх прайшлі ператрусы. Вядома, што затрымалі Падымака Тамару і Кіевец Марыну. Акалічнасці затрымання высвятляюцца.

Раніцай была затрыманая настаўніца Алена Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хіміі» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Па інфармацыі суседзяў, пры затрыманні былі чутныя стрэлы — міліцыянты маглі страляць у сабаку, бо пазней каля дома стаяла хуткая і ветэрынарная дапамогі. Раней мясцовыя сілавікі ўжо пагражалі стральбой у сабак.

Затрыманняў у горадзе сёння шмат, ужо вядомыя прозвішчы чацвярых затрыманых, сярод якіх, паводле папярэдняй інфармацыі, былы міліцыянт.

Вядома, што перадачы для затрыманых не бяруць — дазваляюць перадаць толькі медыкаменты.

Таксама ў Іванава затрыманыя Аляксандр Юшкевіч, Вадзім Дарагакупец, Дзіяна (прозвішча высвятляецца).


Затрыманыя інжынер Playtika і бізнес-аналітык Nexus

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць аб затрыманні DataOps-інжынера Playtika Руслана Пятровіча і бізнес-аналітыка Itexus Дар'і Фамічовай. Гэта адбылося яшчэ 8 ліпеня.

У "пакаяльным" відэа Пятровіч кажа, што ў жніўні 2020 года нібыта ўдзельнічаў у мітынгах. Фамічова прамаўляе падобны тэкст.


У Беларусі пачаўся працэс ліквідацыі незалежных прафсаюзаў

Рашэннем Вярхоўнага суда ў Беларусі 12 ліпеня ліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны "экстрэмісцкай арганізацыяй".

14 ліпеня Вярхоўны суд прыме рашэнне па Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе металістаў (СПМ). 18 ліпеня — па Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных прафесійных аб’яднанняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.


За рэпост пяцігадовай даўніны — штраф у 960 рублёў

У горадзе Іванава 22 чэрвеня суд разгледзеў справу па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) з-за рэпоста пяцігадовай даўніны, піша брэсцкая "Вясна". Так, паводле рашэння суда, 27 сакавіка 2017 года Мікалай Б. зрабіў на сваёй фэйсбук-старонцы рэпост з "Радыё Свабода". Гэта было выяўлена 26 траўня 2022 года. Нагадаем, 3 снежня 2021 года суд прызнаў фэйсбук-старонку "Радыё Свабода" экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У выніку, суддзя Кудласевіч прызначыў Мікалаю 30 базавых велічыняў штрафу (960 рублёў) за "захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў".


Справу журналісткі Ціны Палынскай перадалі ў пракуратуру

Ціна Палынская

Нагадаем, сілавікі прыйшлі да полацкай журналісткі у нядзелю, 5 чэрвеня. Нагодай для ператрусу стаў крытычны пост у фэйсбуку пра візіт у Беларусь патрыярха Кірыла.

Палынская паведаміла, што на яе можа быць заведзена крымінальная справа.

"Справа выведзена ў кампетэнцыю Следчага камітэта. Усё будзе вырашаць лінгвістычная экспертыза. Адначасна будуць даследавацца мае паводзіны ў сацсетках на працягу ўсяго… неспакойнага часу", — напісала журналістка.

У аўторак следчыя прапанавалі Ціне прыйсці да іх забраць камп'ютар. Калі журналістка прыйшла па сваю тэхніку, дык даведалася, што справа яе зусім не закрытая, як яна спадзявалася, а перадаецца далей у пракуратуру.

Ціна спадзяецца, аднак, што ў пракуратуры ёй таксама пашанцуе на "добрых людзей":

"Пакуль што ўсе, каго я сустрэла за гэтую гісторыю, — добрыя людзі. Не тыя, каму за радасць мучыць іншых".


У Магілёве асудзілі кнігарню за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 ліпеня разглядзеў адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) супраць кнігарні "Асвета". Па інфармацыі «MAYDAY TEAM», кіраўніцтва кнігарні «Асвета» прыцягнулі да адказнасці за дзве кнігі Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры». Дырэктарка кнігарні растлумачыла на судзе, што на гэтую пасаду яна была прызначана толькі 24 траўня і не ведала пра наяўнасць «экстрэмісцкіх» кніг у краме.

Па яе словах, ні выдавецтва «Харвест», якому належыць кніга, ні Міністэрства інфармацыі Беларусі не папярэдзілі кіраўніцтва крамы аб тым, што кнігі варта зняць з продажу.8 чэрвеня пракуратура выявіла факт парушэння, а пазней склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Магілёўская суддзя Аксана Ратнікава прызначыла штраф кнігарні «Асвета» ў памеры 150 базавых велічыняў (4 800 рублёў).

Нагадаем, у 2022 годзе ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» кнігуВіктара Ляхора "Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры", зборнік артыкулаў пад рэдакцыяй Анатоля Тараса "Беларусь на раздарожжы", выданне Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова "Беларуская нацыянальная ідэя" і кнігу Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы". Таксама неаднаразова з'яўляліся звесткі пра забарону ў Беларусі антыўтапічнага рамана “1984” Джорджа Оруэла.

14 чэрвеня пракуратура Савецкага раёна Мінска запатрабавала выдаліць "экстрэмісцкія кнігі" з пляцовак kufar.by, Ozon.ru и Bestbooks.by. У ведамстве паведамлялі, што распачалі адміністрацыйны працэс "па фактах распаўсюду названай інфармацыйнай прадукцыі" паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.


Двое слуцкіх хлопцаў абвінавачваюцца ў здзеку з дзяржаўнага сцяга

Па дадзеных следства, ноччу 2 ліпеня ў Слуцку двое хлопцаў ва ўзросце 19 і 23 гадоў сарвалі дзяржаўны сцяг з будынку паліклінікі. Маладыя людзі нібыта зламалі дрэўка, кінулі палатно на зямлю, тапталі яго нагамі, разразалі, а пасля выкінулі. Тое, што адбывалася, здымаў на тэлефон іх знаёмы.

Хлопцам прад'яўлена абвінавачанне паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яны знаходзяцца пад вартай. Прозвішчы затрыманых высвятляюцца.


Яўген Батура не выйшаў на волю пасля 10 сутак на Акрэсціна — яго перавялі ў СІЗА-1 

Актывіст Яўген Батура. Фота: tut.by
Яўген Батура. Фота: tut.by

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Дзіяна Серадзюк:

"Дарагія, Жэня на Валадарцы, сёння для яго прынялі перадачу. Пішыце яму: 220030, СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага, 2. Батуру Яўгену Анатольевічу.

А 31 ліпеня ў яго Дзень народзінаў, думаю, ён будзе рады вашым цёплым віншаванням".

Нагадаем, мужчыну затрымалі 29 чэрвеня. Родным Яўгена патэлефанаваў следчы і паведаміў, што Батура затрыманы, бліжэйшыя 10 сутак правядзе на Акрэсціна. Вядома, што яму выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у Маршы МТЗ ад 14 жніўня 2020 года.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства