viasna on patreon

Палітвязня Дзяніса Граханава, якога ў лютым на "хіміі" затрымаў КДБ, асудзілі па новай крымінальнай справе

2022 2022-07-07T10:33:07+0300 2022-07-07T16:59:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grehanov_07.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Гомеля 5 ліпеня разглядзелі крымінальную справу 44-гадовага палітвязня Дзяніса Граханава, асуджанага раней на паўтара года "хіміі" за надпіс "Не забудзем" каля "Пушкінскай" у Мінску. 15 лютага 2022 года Дзяніса затрымаў КДБ наўпрост у папраўчай установе пад Камянцом. Пазней палітвязню прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза Лукашэнкі). Пяць месяцаў да суда яго ўтрымлівалі ў гомельскім СІЗА. Па хадайніцтву пракурора суд амаль адразу зрабілі закрытым. Суддзя Вольга Церахава канчаткова прызначыла Граханаву па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — адзін год і сем месяцаў зняволення. 

Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org
Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

Дзяніса Граханава супрацоўнікі КДБ затрымалі 15 лютага ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 45 пад Камянцом, куды яго накіравалі адбываць тэрмін за нанясенне надпісу "Не забудзем" каля "Пушкінскай". Тады ў палітычных "хімікаў" масава прайшлі ператрусы і допыты з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце "Волейбол по выходным", які ўлады ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў. Гэты чат аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на "хімію". Пасля затрымання Граханава перавялі ў гомельскі СІЗА-3 і распачалі супраць яго новую крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.

Масавы пераслед палітзняволеных "хімікаў": што вядома цяпер

"Вясна" прыводзіць хроніку пераследу асуджаных да "хіміі" палітзняволеных.

Падрабязнасцей з судовага пасяджэння няма, бо суд амаль адразу зрабілі закрытым. Справу разглядзелі меньш, чым за дзве гадзіны. Паводле інфармацыі "Гомельскай Вясны", пракурор Булыбенка прасіў суд пакараць Дзяніса адным годам і сямю месяцамі зняволення, але суддзя Церахава прысудзіла паўтара года. Палітвязню канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — адзін год і сем месяцаў пазбаўлення волі.

Нагадаем, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска 8 снежня 2020 года Дзянісу прысудзілі паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ і вызвалілі ў залі суда. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса "Хуліганства, здзейсненная групай асобаў" за абнаўленне надпісу 9 верасня "Не забудем!" каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму.

За другі надпіс "Не забудзем!" на Пушкінскай мінчукоў асудзілі да "хіміі" і калоніі строгага рэжыму

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 8 снежня асудзіў яшчэ трох чалавек па крымінальнай справы за абнаўленне надпісу 9 верасня "Не забудем!" каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму. 


Падтрымайце Дзяніса бандэролькамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Дзянісу Леанідавічу Граханаву

Палітвязень Дзяніс Граханаў: Гэта быў паказальны працэс, каб запалохаць іншых людзей

"Вясна" сустрэлася з ім і распытала, як ён правёў паўтара месяца пад вартай і што думае пра крымінальную справу супраць яго.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства