viasna on patreon

Арцёма Анішчука не выпусцілі на волю — яго ўзялі пад варту па новай справе

2022 2022-06-30T14:22:26+0300 2022-06-30T14:54:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anischuk_909.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асуджаны да двух гадоў калоніі фігурант па справе "пяцёркі, якая пашкодзіла машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца" Арцём Анішчук мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня, але гэтага не адбылося. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", яго ўзялі пад варту па новай крымінальнай справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Цяпер Анішчука абвінавачваюць у "абразе міліцыянта" ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 году. Справа ўжо перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Арцём Анішчук. Фота: spring96.org
Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Нагадаем, Арцёма Анішчука асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі і этапавалі ў магілёўскую калонію №15, дзе ён зазнаў катаванні. Яго ў верасні перавялі з магілёўскай калоніі ў бабруйскую калонію № 2, дзе ён таксама падвяргаўся ціску. Там Арцём даведаўся, што супраць яго магілёўскімі следчымі праводзіцца праверка па факце "абразы міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце".

28 чэрвеня, за дзень да вызвалення, Арцёму ўручылі пастанову пракурора Магілёва, згодна з якой Анішчука узялі пад варту ўжо па новай крымінальнай справе. Пры гэтым на момант здзяйснення «злачынства» дзейнічала старая рэдакцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса, якая не прадугледжвала меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Новая справа нібыта была ўзбуджаная 27 снежня 2021 году, і толькі 20 траўня Арцём стаў падазраваным па ёй. 8 чэрвеня яго этапавалі ў следчую турму № 4 на 10 дзён для «правядзення следчых дзеянняў», дзе яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 369 КК. Справу ўзбудзілі за паведамленне ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 года, але пад варту яго вырашылі ўзяць цяпер — калі Арцём мусіў выйсці на волю. Вядома, што справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Жонку Арцёма Вольгу 28 снежня мінулага затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Перад гэтым ёй тэлефанаваў следчы з Магілёва і хацеў, каб яна дала паказанні супраць Арцёма: "Сказаў нібыта за абразу ў сеткі інтэрнэт". Па словах следчага, Вольга праходзіць сведкай па справе.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Анішчукоў правялі ператрус, але яны нават не пакінулі пастанову, дзе мусілі быць пазначаны падставы для ператрусу і артыкул Крымінальнага кодэкса. Арцём і адвакаты напісалі скаргі ў Генпракуратуру аб незаконным утрыманні пад вартай.

Падтрымаць Арцёма грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі можна па адрасе:

Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Арцём Ігаравіч Анішчук

Храналогія пераследу Арцёма Анішчука:

Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 3 лютага вынес прысуды па крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой.

Арцём Анішчук у магілёўскай калоніі праглынуў металічныя прадметы, каб яго спынілі катаваць

Падчас сустрэчы высветлілася, што ў дачыненні да яго ажыццяўляюцца гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару з боку адміністрацыі ПК-15.

Жонка зняволенага Арцёма Анішчука: Пасля пракурорскай праверкі мужа збіваў начальнік калоніі

Пра катаванні і ціск на мужа праваабаронцам распавяла ягоная жонка Вольга.

"Будзеш сядзець ад званка да званка". Катаванні, бясконцыя ШІЗА, ціск: што вядома пра асуджаных па "справе пяцёркі"

"Вясна" пагаварыла са сваякамі зняволеных па справе "пяцёркі" і распавядае, як адміністрацыі калоній ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання для іх.

ШІЗА і правакатар: ціск на Арцёма Анішчука ў калоніі працягваецца

Праваабаронцам "Вясны" вядома, што ціск на зняволенага працягваецца ў бабруйскай калоніі №2.

Супраць Арцёма Анішчука ўзбудзілі новую крымінальную справу і этапавалі ў магілёўскую турму

Анішчук стаў падазраваным па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і яго перавялі з калоніі ў следчую турму № 4 для "правядзення следчых дзеянняў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства