viasna on patreon

"Краіна з небам над кратамі". У межах Тыдня супраць катаванняў "Вясна" прэзентавала тры даклады пра сітуацыю ў Беларусі

2022 2022-06-24T18:21:21+0300 2022-06-24T18:34:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/burakou_zhurnalisty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" прэзентавалі ў Вільні тры апошнія даклады, якія тычацца сітуацыі ў Беларусі: "Крымінальны пераслед паводле палітычных матываў" (2021-2022 гг.), "Палітычна матываваныя адміністратыўныя працэсы" (2021-2022 гг.) і "Месцы няволі" (2020-2021 гг.). Як гэта было?

prezentacyja_vilnia_2022.jpg
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка прэзентуе даклад

Прэзентацыя дакладаў прымеркаваная да Тыдня супраць катаванняў у Беларусі, які завяршаецца 26 чэрвеня — у Дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. Пра гэта нагадаў юрыст "Вясны" Павел Сапелка:

"Гэта тры даклады — і яны быццам бы на розныя тэмы. Але ўсе яны аб'яднаныя, на жаль, адзінай тэмай: гэта катаванні і жорсткае бесчалавечнае абыходжанне, якое ўжывалася і ў дачыненні да фігурантаў адміністратыўных спраў, і ў дачыненні да фігурантаў крымінальных спраў, а таксама зрабіліся неад'емнай прыкметай утрымання ў месцах зняволення".

"Крымінальны пераслед": самая вялікая частка справаздачы — пра катаванні

ПЦ "Вясна" ўжо даўно займаецца назіраннем за палітычна матываванымі крымінальнымі справамі, адзначыў Павел Сапелка:

"Але такога маштабу, які ахапіў краіну ў 2020 годзе, раней не было. І з восені 2020 года, калі пачалі разглядацца крымінальныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў, мы адсачылі 1200 крымінальных спраў — гэтая лічба актуальная на красавік 2022-га".

Праваабаронцам вядомая інфармацыя аб прыкладна 2600 чалавеках, якія сталі аб'ектамі крымінальнага пераследу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, і звесткі больш як 1600 чалавек, якія былі асуджаны. Але з моманту публікацыі дакладу гэтая лічба паспела вырасці: у чэрвені гэта ўжо 2900 і 1850 чалавек адпаведна.

Звесткі "Вясны" набліжаюцца да рэальных лічбаў пераследу, адзначае Павел Сапелка. Напрыклад, паводле інфармацыі Вярхоўнага суда на пачатак лютага 2022 года за злачынствы, звязаныя з пратэстамі, было асуджана 1832 чалавекі.

"Такім чынам, мы адсочваем прыблізна 80% справаў і мяркуем, што гэта неблагі вынік ва ўмовах, калі мы татальна абмежаваныя ў магчымасці пошуку інфармацыі: нашых валанцёраў пераследуюць, падвяргаюць жорсткаму абыходжанню і катаванням, пазбаўляюць адвольна свабоды з надуманых матываў".

Павел Сапелка са шкадаваннем звяртае ўвагу: у справаздачы "Крымінальны пераслед паводле палітычных матываў" самай вялікай часткай з'яўляецца "Затрыманні і катаванні затрыманых".

"Мы згадалі там пра 44 выпадкі. І гэта самая верхавінка айсберга. Бо гэтыя звесткі сталі вядомыя ў выніку назірання за разглядам крымінальных спраў: людзі на судовым працэсе заяўлялі пра ўжытыя да іх катаванні ці жорсткае абыходжанне на этапе затрымання, перад і падчас допытаў, а таксама ў следчых ізалятарах. Заяўлялі нават пра жорсткае абыходжанне з боку канваіраў непасрэдна перад судовым пасяджэннем".

Адміністратыўныя арышты і "акрэсцінізацыя" Беларусі

"Вясна" прааналізавала інфармацыю пра 528 адміністрацыйных судовых пасяджэнняў у 46 судах Беларусі. А таксама звесткі, якія былі атрыманыя ад больш як 170 затрыманых па адміністрацыйных справах з 14 гарадоў Беларусі.

"Для нас лічбы пра колькасць судоў і гарадоў важныя, — адзначыў Павел Сапелка. — Бо гэта дае разуменне, што не толькі ў цэнтры ёсць супраціў і ідуць рэпрэсіі. Гэта не толькі Мінск — а аж да маленькіх раённых цэнтраў".

А праваабаронца магілёўскага аддзялення "Вясны" Алесь Буракоў распавёў пра тое, ува што ператварыліся рэгіянальныя ізалятары часавага ўтрымання на прыкладзе Магілёва:

"Адбылася "акрэсцінізацыя" Беларусі. Акрэсціна — для ўсіх ужо гэта сінонім катаванняў і жахаў. Але доўгі час такое было толькі ў ІЧУ на Акрэсціна ў Мінску. А ў Магілёве ж да лістапада 2020 года ўсё было досыць "лайтова". То бок адміністрацыйна арыштаваныя мелі гарачую ваду і пасцельную бялізну, іх выводзілі на шпацыры, у іх была адэкватная колькасць чалавек у камеры. Але калі ў лістападзе 2020 года затрыманых пачалі масава звозіць з ізалятараў Мінска і Жодзіна па іншых рэгіёнах Беларусі — у прыватнасці ў Магілёў, то тады там усё адразу пагоршылася. Зразумела, што прыйшла "разнарадка": адразу ўсіх пазбавілі пасцельнай бялізны, гарачай вады не стала — і г. д."

burakou_zhurnalisty.jpg
Праваабаронца Алесь Буракоў

Ізалятары часавага ўтрымання адносяцца да месцаў няволі (як і папраўчыя калоніі, турмы, арыштныя дамы і папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу).

Месцы няволі ў Беларусі: не толькі палітвязні

У справаздачы "Месцы няволі ў Беларусі: 2020-2021 гг." няма адмысловай часткі пра катаванні і жорсткае абыходжанне. Аднак гэтая тэма прысутнічае ва ўсіх частках. І Павел Сапелка прывёў прыклад:

"У справаздачы ёсць частка "Спатканні і тэлефонныя перамовы зняволеных". Там можна пабачыць, што зняволеныя часта пазбаўляюцца магчымасці сустракацца са сваімі сем'ямі. А такое дысцыплінарнае спагнанне, як пазбаўленне спаткання, з'яўляецца жорсткім абыходжаннем".

Важна адзначыць, што ў дакладзе "Месцы няволі" вядзецца гаворка пра ўсіх зняволеных, а не толькі пра тых, хто быў пазбаўлены свабоды паводле палітычна матываваных крымінальных артыкулаў. На гэта звярнуў увагу Алесь Буракоў.

"Напрыклад, у ПК-17 у Шклове ўвесь час мае месца практыка збівання зняволеных. У прыватнасці, гэта датычыць тых, хто прыбывае з так званых "крытак" — то бок турмаў: калі чалавека пераводзяць у шклоўскую калонію, ён праходзіць "абрад прысвячэння": надзяваюць чорны палатняны мяшок, вядуць у кайданках і збіваюць. І гэтыя звесткі па Шклове мы атрымалі ад асуджаных не паводле палітычных прычынаў".

Наогул побытавыя ўмовы ў калоніях дрэнныя: нізкая якасць харчавання, перанаселенасць камер, неадпаведнасць тэмпературнага рэжыму (улетку ў камерах вельмі горача, а ўзімку вельмі халодна), адсутнасць дастатковага асвятлення.

"Прычым гэта робіцца досыць подла, — адзначыў Алесь Буракоў. — Калі чалавек сядзіць у СІЗА ці турме (як, напрыклад, у Магілёве), то ў яго на акенцы ёсць металічныя пласціны, якія прывараныя пад вуглом 45 градусаў, з прычыны чаго ў камеру проста не трапляе дзённае святло (іх называюць "раснічкі"). Застаецца толькі адна невялікая лямпачка са штучным святлом. Вельмі шмат людзей адзначаюць, што ў іх пагаршаецца праз гэта зрок".

Алесь Буракоў нагадаў, што ў 2019 годзе Магілёўскае аддзяленне "Вясны" змагалася з "раснічкамі" і здолела дамагчыся пэўных поспехаў:

"Мы атрымалі адказ ад Караева (на той момант міністр МУС. — Заўв.) пра тое, што яны гатовыя: як толькі з'явяцца грошы, яны гэтыя "раснічкі" зрэжуць. Але здарыўся 2020 год — і цяпер зразумела, што пра аніякія паслабленні не можа быць і гаворкі".

Праваабаронцы і клетка

У калоніях цяпер знаходзяцца і два прадстаўнікі праваабарончага цэнтра "Вясна": юрыст Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца. Іх пачалі судзіць 3 верасня 2021 года ў закрытым судовым пасяджэнні — абое былі ў клетцы. Яе выкарыстанне таксама прыраўноўваецца да катаванняў і жорсткага ды бесчалавечнага абыходжання.

sudalenka_lasica_kletka.jpg
Леанід Судаленка и Таццяна Ласіца

Такімі Леаніда і Таццяну запомніла валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка, якая праходзіла абвінавачанай паводле той жа крымінальнай справы, што і яны. Падчас прэзентацыі дакладаў яна падзялілася сваімі думкамі пра тое, што ёсць катаванне:

"Катаванні пачынаюцца нават не з таго моманту, калі чалавека змяшчаюць у ІЧУ. Гэта пачынаецца тады, калі да чалавека прыходзяць з вобшукам — і ён ужо апрыёры робіцца абвінавачаным і злачынцам. Калі пачынаюць у ягоным доме хадзіць невядомыя людзі і незразумела што шукаць. Калі цябе вязуць з тваёй сям'і і дома — і прывозяць у аддзел сумна вядомага ГУБАЗіКа і пачынаюць казаць такія рэчы, якія ты ніколі не рабіў і не змог зрабіць. Праз такія самыя рэчы (акрамя мяне) прайшлі і Леанід Судаленка, і Таццяна Ласіца".

maryja-tarasenka.jpg
Валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка

Акрамя іх, у месцах няволі — у СІЗА-1 — знаходзяцца яшчэ пяць прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра "Вясна": Марфа Рабкова, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Андрэй Чапюк.

"Калі раней можна было казаць, што Беларусь — гэта краіна з блакітнымі вачыма, тое цяпер гэта такая краіна з небам над кратамі", — адзначыў падчас свайго выступу Алесь Буракоў.

А падрабязна з усімі прадстаўленымі дакладамі можна азнаёміцца тут:

Крымінальны пераслед у Беларусі: "Прававая сістэма краіны цалкам пераарыентаваная на рэпрэсіі"

Мэта даклада — павысіць інфармаванасць грамадскасці, нацыянальных і міжнародных інстытутаў, дзяржаўных органаў аб парушэннях правоў чалавека ў 2021-2022 гадах у Беларусі ў перыяд вострага крызісу правоў чалавека пасля выбараў прэзідэнта, ва ўмовах татальнага знішчэння і падаўлення інстытутаў грамадзянскай супольнасці.

Месцы несвабоды ў Беларусі: зняволеныя ўтрымліваюцца ў непрымальных умовах і зазнаюць катаванні

Даследаванне праводзіцца сістэмна: штогод адбіраюцца, асвятляюцца і аналізуюцца найбольш актуальныя праблемы ў галіне пенітэнцыярнага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі; збіраецца, правяраецца, абагульняецца і аналізуецца інфармацыя з розных крыніц адносна стану спраў у закрытых установах.

Палітычна матываваныя адміністратыўныя працэсы

Стандарты і рэальнасць у Беларусі за 2021-2022 гг.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства