Візажыстку Вольгу Томіну адправілі ў калонію за фота і відэа з акцый пратэсту 2020 года
У судзе Ленінскага раёна Мінска палітзняволеную візажыстку Вольгу Томіну асудзілі да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу разглядала суддзя Юлія Шут. За кратамі маці траіх непаўнагадовых дзяцей утрымліваюць ужо амаль тры месяцы.
Вядомую візажыстку Вольгу Томіну пачалі судзіць 24 траўня ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Судовы працэс вяла суддзя Юлія Шут. Што менавіта інкрымінавалі Вользе — невядома. Але на «пакаяльным відэа», якое з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах, яна паведаміла, што затрымалі яе за фота і відэа ў Instagram з акцый пратэсту 2020 года. Таксама жанчына растлумачыла, што хадзіла на мітынгі дзеля праўды, бо ёй было крыўдна, што збіваюць людзей.
Палітзняволеную затрымалі 9 сакавіка 2022 года. У Вольгі трое дзяцей: дочкам 13 год, сыну — 11. Томіна заснавала студыі і школы макіяжу ANATOMIA, яе майстар-класы праходзілі па ўсім свеце, а ў інстаграме на яе падпісаныя больш за паўмільёна чалавек.
Падтрымайце палітзняволеную пасылкамі, грашовымі пераводамі, лістамі па адрасе:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Вользе Аляксандраўне Томінай |