viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-04-04T14:14:19+0300 2022-04-04T14:14:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Зняволеных праваабаронцаў "Вясны" ўзгадалі ў гадавым "Дакладзе Amnesty International 2021/22: Правы чалавека ў сучасным свеце".

"У лютым прайшлі ператрусы ў мінскім офісе вядомай праваабарончай арганізацыі "Вясна", а ў сакавіку супраць "Вясны" была беспадстаўна ўзбуджаная крымінальная справа. Цягам года пяць яе супрацоўнікаў, у тым ліку заснавальнік арганізацыі Алеся Бяляцкага, знаходзіліся пад арыштам. У лістападзе Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу суд прысудзіў да трох і двух з паловай гадоў пазбаўлення волі адпаведна за ўнёсак, які яны нібыта зрабілі ў "падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Іншыя сябры "Вясны", уключаючы арыштаваных раней Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка, па стане на канец года чакалі суда", - адзначалася ў раздзеле даклада па свабодзе аб'яднанняў.

Беларусь у гадавым дакладзе Amnesty International: абмежаванне свабоды мірных сходаў, катаванні, палітычныя пераследы і суды

Amnesty International прадставіла свой гадавы “Даклад Amnesty International 2021/22: Правы чалавека ў сучасным свеце”.

У Марфы Рабковай пагоршылася здароўе: боль у жываце, запаленне лімфавузлоў і крышэнне зубоў

Здароўе палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай у СІЗА-1 сур'ёзна пагаршаецца, ёй патрабуецца тэрміновае абследаванне, але медыцынскую дапамогу ў належным аб'ёме ёй не аказваюць.

Здароўе Марфы Рабковай у СІЗА-1 сур'ёзна пагаршаецца

На працягу свайго зняволення ў СІЗА-1 у Марфы Рабковай неаднаразова ўзнікалі праблемы са здароўем. Яна як мінімум двойчы страчвала прытомнасць. Таксама дзяўчына некалькі разоў хварэла на COVID-19 — у жніўні і снежні 2021, а таксама дрэнна пачувалася і на пачатку 2022 года.

Яшчэ раней Amnesty International апублікавала зварот, якім заклікае звярнуцца да генеральнага пракурора Беларусі з патрабаваннем аб аказанні медыцынскай дапамогі Марфе Рабковай.  

Каб накіраваць зварот з гэтым патрабаваннем, яго трэба раздрукаваць, падпісаць і адправіць праз звычайную або электронную пошту: info@prokuratura.gov.by.

За мінулы тыдзень не было ніякіх навінаў ад валанцёра Андрэя Чапюка

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

ПЭН-клуб Паўднёвай Афрыкі выпусціў падкаст на ангельскай мове пра Алеся Бяляцкага

У падкасце пад назвай «Пустое крэсла« вядуцца гутаркі пра пісьменніцтва, свабоду самавыяўлення, трываласць і салідарнасць у часы пандэміі COVID-19. Кожны з пяці выпускаў прысвечаны пісьменніку ў зняволенні, які трапіў пад пераслед, рэалізуючы сваё права на свабоду думкі і свабоду выказвання.

Адзін з выпускаў прысвечаны сябру Беларускага ПЭНа Алесю Бяляцкаму, які ўжо больш за 8 месяцаў знаходзіцца за кратамі.

Слухаць падкаст

Валянцін Стэфановіч пра рок-рэвалюцыю канца 80-х: "Гэтая музыка шмат у чым сфармавала мой светапогляд"

Палітзняволены праваабаронца "Вясны" і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч у лістах падзяліўся ўспамінамі пра 80-ыя гады, гісторыю і музыку тых часоў:

“Шмат чытаю апошнім часам. Вось нядаўна прачытаў кнігу “Географ глобус пропил”. Яна вельмі розніцца ад фільма, фільм выйшаў больш павярхоўным і з сур’ёзнымі скажэннямі. Падзеі кнігі адбываліся ў 1995 годзе, а не ў сучаснай Расіі, як у фільме. Галоўнаму герою кнігі 28 гадоў, а не як Хабенскаму ў фільме. У кнізе шмат адсылаў да дзяцінства галоўнага героя, да ягоных юнацкіх перажыванняў. Вядома, гэта пачатак 80-х. Там ёсць смешны момант, як яму настаўніца даручыла запісаць на касету траўрную музыку, якую хацелі паставіць на школьным мітынгу з нагоды смерці Брэжнева. Ён прынёс касету, але пераблытаў касеты, і на мітынгу загучала песня гурта ABBA “Money, money”. Гэта быў 1982 год, я тады вучыўся ў другім класе і быў маладзейшы за героя кнігі, але час той усё адно памятаю.

Увогуле першая і другая палова 80-х – гэта вельмі розны час, і пакаленні першай паловы 80-х адрозніваюцца ад юнакоў другой паловы 80-х. Часам мне вельмі шкада нашую моладзь, бо яна не бачыла, як валілася гэтая камуністычная сістэма, валіўся Савок. І тады нам здавалася, што мы назаўсёды сказалі Леніну “good bye”. Але вось, як аказалася, не. Гэта быў час падзей, надзей на лепшае, на перамены. Чаго толькі вартая рок-рэвалюцыя 1988 года. Гэтая музыка шмат у чым сфармавала мой светапогляд. Вельмі цікавыя кнігі успамінаў пра гісторыі Беларусі таго часу Сяргея Навумчыка, які быў дэпутатам ВС з 1990 да 1995 года. Канечне, там прысутнічае пэўны суб’ектывізм аўтара, але палітычныя і гістарычныя падзеі апісаныя вельмі цікава, пра ўздым нацыянальна-дэмакратычнага руху, пра першыя больш-менш вольныя выбары ў ВС 12-га склікання. Пра падзеі жніўня 1991 года”.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад саміх старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзіміра Лабковіча.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Таксама не было навінаў ад гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі і рэчыцкай валанцёркі Таццяны Ласіцы, асуджаных да трох і двух з паловай гадоў пазбаўлення волі адпаведна. 

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства