viasna on patreon

«Хіміі» і калонія за абразу Ярмошынай, Лукашэнкі і міліцыянтаў: каго па дыфамацыйных артыкулах судзілі за апошні тыдзень

2022 2022-02-18T15:49:09+0300 2022-02-20T14:33:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deffomacia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: midevocional.org

Фота: midevocional.org

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах на мінулым тыдні.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Абразіў Ярмошыну – два гады «хіміі»

14 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста разглядзеў справу Андрэя Барысюка, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады».

Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Марыя Аліферук.

Згодна з матэрыяламі справы, 6 сакавіка 2021 года ў адной з сацсетак Барысюк напісаў абразлівы каментар у адрас Лідзіі Ярмошынай, якая займала тады пасаду старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, не паведамляецца. Аднак лінгвістычная экспертыза вызначыла, што ў ім змяшчаецца «выяўленае ў непрыстойнай форме выказванне, якое прыніжае гонар і годнасць пацярпелай».

Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў Андрэя Барысюка вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ).

Прысуд не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным заканадаўствам парадку.

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксце права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

Зняважыў міліцыянтаў – два гады «хіміі»

15 лютага у судзе Ленінскага раёна Магілёва разглядзелі справу бабруйчаніна Уладзіміра Бялова.

Мужчыну таксама абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ за абразу міліцыянтаў – старшага інспектара прафілактыкі ААПП Дубровенскага РАУС Аляксандра Шлупакова і оперупаўнаважанага групы па барацьбе з наркакантролем і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Дубровенскага РАУС Сяргея Шрамава.

Вядома, што Бялоў абразіў пацярпелых у сацсетках - напісаў пра іх зневажальныя каментары. Але якія – не ўдакладняецца. 22 снежня мужчыну затрымалі ш да суда ўтрымлівалі ў СІЗА.

Суддзя Алена Літвіна прызнала Бялова вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ і прысудзіла яму 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Бялова вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе ў залі суда. Кожны дзень знаходжання ў следчым ізалятары бабруйчаніну залічаць за два дні на «хіміі».

Напісаў дрэнна пра Лукашэнку - два гады калоніі

15 і 16 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста разглядаў справу Ігара Новікава, якому прад'явілі абвінавачванні паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», а таксама паводле арт. 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці».

Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Марына Скалковіч. Дзяржабвінавачванне падтрымлівала Алена Шарко.

Ігара Новікава абвінавацілі ў тым, што з красавіка па снежань 2021 года ён зрабіў 7 надпісаў на фасадах будынкаў, за што яму і інкрымінавалі арт. 341 КК РБ.

Як паведамляе «Берасцейская Вясна», два з гэтых надпісаў абражалі Лукашэнку. Таму за надпіс «Лукашенко психованная крыса» мужчыну абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 368 КК РБ. А за «Жыве Беларусь. Лукашенко псих и убийца. В Гаагу» прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 368 КК РБ.

Вядома, што з 4 снежня 2021 года мужчына знаходзіўся пад вартай.

Падчас судовага пасяджэння Ігар Новікаў цалкам прызнаў сваю віну. Па сукупнасці артыкулаў бок дзяржабвінавачвання запатрабаваў для яго пакаранне ў выглядзе двух гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

16 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў Новікава вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле арт. 341 КК РБ, а таксама паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ, прызначыўшы яму два гады калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства