Дзень усіх закаханых: якія пары сустракаюць яго за кратамі?
14 лютага ва ўсім свеце святкуецца Дзень усіх закаханых. Сярод 1050 палітвязняў у Беларусі таксама ёсць закаханыя: іх сілком разлучылі, часта не дазваляюць ліставацца, разам з імі сям'і пазбаўленыя і іхнія дзеці. Таму сёння "Вясна" распавядае пра вядомыя пары сярод палітзняволеных. Вы можаце даслаць ім "валянцінкі" за краты: цеплыня, пяшчота і каханне здольныя прабіць любыя муры.
Сяргей і Алена Маўшук
Сяргея Маўшука асудзілі да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, ягоную жонку Алену — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Алене Маўшук 44 гады. Яна рабіла санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі. У іх трое дачок: адна — паўналетняя, дзве — малалетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасня са школы забралі ў сацыяльны прытулак, таму што Сяргей з'яўляецца яе айчымам. Пазней дачку з прытулку забрала да сябе хросная.
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасах:ПК №8. 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А Сяргей Анатольевіч Маўшук ПК №24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць Алена Уладзіміраўна Маўшук |
Надзея і Уладзімір Калач
2 жніўня 2021 году музыкаў фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Мінскам. Сярод іх былі лідары гурта: муж і жонка Надзея і Уладзімір Калач. Доўгі час мужчына вінаваціў сябе ў тым, што сяброў затрымалі на дні нараджэння жонкі, асабліва хваляваўся за саму Надзею. У судзе Савецкага раёна Мінска 14 снежня 2021 вынесены прысуд:па два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У адным з першых лістоў Надзея пісала:
«Што бы ні здарылася, у будучыні мы вернемся. І нашая любоў адно да аднога, да вас, да мастацтва, да нашых хлопцаў, да сяброў, да жыцьця нікуды не падзенецца. Абдыміце адно аднога за нас. Ну і слухайце часам нашую музыку, хай яна жыве звонку».
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасах:СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2 Уладзімір Аляксандравіч Калач СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Надзея Робертаўна Калач |
Любоў і Сяргей Рэзановічы
Любоў Разановіч раней валодала службай таксі, як і Аўтуховіч. Муж спадарыні Любові Сяргей Разановіч — праваслаўны святар з вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна. На працу ездзіў з Брэста, настаяцелем у вёсцы быў ад 2004 года. Іх сын Павел Разановіч працаваў у аддзеле прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста. Іх абвінавачваюць па арт. 289 Крымінальнага кодэкса.
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасе:Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 Любоў Аляксандраўна Рэзановіч Сяргей Анатольевіч Разановіч |
Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч
Сёмага траўня ў Мінскім абласным судзе вынесеныя прысуды фігурантам справы па телеграм-канале «Армія з народам». Сяргей Ярашэвіч асуджаны да 5,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, ягоная жонка Антаніна — да такога ж тэрміну ў калоніі агульнага рэжыму. Сяргей не змог дамагчыся таго, каб перапісвацца з жонкай: на гэта павінен быць адмысловы дазвол, але яго не даюць.
Антаніна пазнаёмілася з будучым мужам, калі працавала лагістам: Сяргей працаваў у той жа арганізацыі кіроўцам. Маці Антаніны Ганна апісвае яго як “добрага і сумленнага чалавека, які любіць сваіх дзяцей і дапамагаў жонцы”. Пасля дэкрэту жанчына доўгі час не магла знайсці сабе працу: праз частыя камандзіроўкі мужа яна адзіная магла адводзіць дзяцей у садок, а ўсе вакансіі, якія ёй прапаноўвалі, мелі немагчымы для такога ладу жыцця графік. Антаніна стала валанцёрам у штабе “Краіны для жыцця”. Яе затрымалі шостага верасня: у сумцы жанчыны ляжаў бэйдж з надпісам “Штаб Святланы Ціханоўскай”. На наступны дзень яе судзілі па артыкуле 23.34, але з Акрэсціна жанчына не выйшла. На вачах у дзяцей прайшлі два вобшукі: у Мінску і ў загарадным доме, падчас якога па перыметры хаты стаялі аўтаматчыкі.
У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: шасцігадовы Ваня і чатырохгадовая Насця. Зараз яны з бабуляй знаходзяцца за мяжой.
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасах:ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Антаніна Сяргееўна Канавалава ПК №11. 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118 Сяргей Міхайлавіч Ярашэвіч |
Юлія і Ігар Лаптановічы
Жонку і мужа асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і 3 гадоў "хатняй хіміі" адпаведна паводле "карагоднай" справы ў Брэсце. Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. Жанчыне выставілі абвінавачванні паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу і паводле арт. 203-1 КК.
Цяпер Юлія знаходзіцца ў СІЗА.
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасах:ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Ігар Анатольевіч Лаптановіч СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37 Юлія Аляксандраўна Лаптановіч |
Лаптановічы ажаніліся ў 2007 годзе, калі абодвум было па 19 гадоў. Неўзабаве на свет прыйшоў першы сын – яму цяпер 13. Потым нарадзілася дзяўчынка (цяпер 10 гадоў) і яшчэ хлопчык (9 гадоў). З вяселля сям’я Лаптановічаў жыве ў Белавусаўшчыне. Набылі там кватэру. Юлія думала пераехаць у горад, ці нават увогуле выехаць з Беларусі, калі пачаўся пераслед. Але муж быў супраць.
Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў
Медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года як падазраваных у фінансаванні пратэставай дзейнасці. Іх абвінавацілі ў тым, што яны аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцыяў людзей, кампенсавалі кошт іхнага ўтрымання ў ЦІП і ізалятарах. Будучы за кратамі, Андрэй зрабіў Ірыне прапанову. Яны хацелі ажаніцца, але з прычыны таго, што яны праходзяць падазраванымі ў адной справе, ім нельга сустракацца, таму вяселле адкладаецца. Але Ірына цяпер у статусе нявесты, і гэта яе радуе. Перажывае за Андрэя і за ўсіх, хто патрапіў у бяду.
«Іра і Андрэй ідэальна дапаўняюць адно аднаго. Каханне гэта ж не толькі пра рамантыку, а яшчэ і пра розум, пра маўчанне разам, узлёты і падзенні, а пасля зноў узлёты. Каханне дапамагае нават за кратамі», – адзначаў суразмоўца «Белсату».
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Андрэй Валер'евіч Аляксандраў Ірына Віктараўна Злобіна |
Вядома таксама пра пару, у якой муж асуджаны да калоніі, а жонка – да "хатняй хіміі"
Андрэй і Кацярына Арыка
Мужа і жонку прызналі вінаватымі паводле ч.2 арт.339 і асудзілі да года калоніі і 1,5 года "хатняй хіміі" адпаведна. Жанчына была вызваленая ў залі суда. У іх трое непаўнагадовых дзяцей. Згодна з абвінавачаннем, палітвязні "нанеслі фарбавальнікамі чырвонага і чорнага колеру малюнкі рознага зместу на ўпакоўку не менш як трох (пяці, дзесяці) цюкоў з сенажом кожны".
Падтрымаць палітвязня можна па адрасе:Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А Андрэй Віктаравіч Арыка |