Валянцін Стэфановіч – пра рэферэндум: «Гэта не тыя перамены, якія патрабуюць нашыя людзі»
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, як і яшчэ тры праваабаронцы «Вясны», утрымліваецца за кратамі ўжо сёмы месяц. Валянцін у нядаўнім лісце з-за кратаў паведаміў, што яму працягнулі меру стрымання да 14 сакавіка і, па словах следчага, расследаванне па «справе Вясны» можа быць скончанае напрыканцы вясны. Таксама праваабаронца выказаўся пра меркаваныя змены ў Канстытуцыю і рэферэндум.
"У мяне ўсё добра, наколькі гэта можа быць у турме. Асаблівых навінаў у мяне няма. Сёння хадзіў гуляць на вуліцу і глядзеў на неба, як я заўсёды раблю на шпацыры. Неба было такое блакітнае, такое яснае, нават сонейка з’явілася. Мне ўсё гэта нагадала вясну, хаця да вясны яшчэ месяц.
У мяне асаблівых зменаў няма. Дні ідуць за днямі, тыдні за тыднямі. Працягнулі меру стрымання мне да 14 сакавіка. Следчы сказаў, што да траўня можа справу закрыюць і я пачну азнаямленне з матэрыяламі. Увогуле сядзець мне тут яшчэ доўга, можа да чэрвеня-ліпеня – каля года. Гэта з усімі працэдурамі – судамі і інш. Так што, час ідзе ўжо на змяншэнне, ну а што будзе на судзе – час пакажа.
Час бяжыць і вось ужо хутка будзе сем месяцаў, як я пад вартай. Па іроніі лёсу сем месяцаў будзе 14-га лютага, на мае імяніны. Я хоць і не святы, але дакладна Валянцін :)".
Пра змены ў Канстытуцыю і рэферэндум
"Ведаю, што навінаў пазітыўных, на жаль, не шмат і думаю, што прынамсі да 27-га лютага ўсё будзе ва ўзмоцненым рэжыме. Ім [уладам] трэба, каб усё прайшло гладка і без непрыемных для іх сюрпрызаў.
Я, дарэчы, канешне, азнаёміўся з прапанаванымі зменамі ў «СБ». Смешныя змены, але не было б так смешна, як сумна. Уціснулі ў класічную схему трох галінаў уладаў чацвёртую, якая будзе надзелена мегапаўнамоцтвамі, будзе кантраляваць тры астатнія, але пры гэтым не абіраецца наўпрост грамадзянамі. Вось такая дэмакратыя без выбараў. Асаблівы шлях. Я, калі б быў на волі, проста не хадзіў і не прымаў удзел у гэтым [рэферэндуме].
Ну што тут скажаш, Канстытуцыя будзе яшчэ горшай за тую, што мы маем цяпер. Яшчэ менш рэжымаў дэмакратыі нам засталося. Можна шмат разважаць на тэму падзелаў галінаў улады. Я б адзначыў такі момант – тое, што «дэмакратыя ў Беларусі будзе ажыццяўляцца на падставе ідэалогіі беларускай дзяржавы». А што гэта за ідэалогія такая і, самае галоўнае, кім яна сфармуляваная і напісаная? Дэмакратыя мусіць ажыццяўляцца на падставе палітычнага плюралізму і разнастайнасці ідэалогій. Ніякая ідэалогія не можа быць устаноўленай у якасці абавязковай для ўсіх. Гэта вяртанне ў камуністычныя часы. Гэта не тыя перамены, якія патрабавалі і патрабуюць нашыя людзі".
Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 – Алесю (Аляксандру) Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе (Марыі) Рабковай, Андрэю Чапюку)
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А – Таццяне Ласіцы
- ПК-3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба – Леаніду Судаленку
Паўгода ў няволі. Распавядаем, што цяпер вядома пра трох зняволеных вясноўцаў