"Фонд Клуні за справядлівасць" апублікаваў справаздачу аб судовым працэсе па справе Віктара Бабарыкі

2022 2022-01-27T18:19:46+0300 2022-01-27T18:21:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cloon_found.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончая арганізацыя "Фонд Клуні за справядлівасць" (Clooney Foundation for Justice) апублікавала справаздачу аб судовым працэсе па справе Віктара Бабарыкі, у якім прыйшла да высновы, што стандарты справядлівага судовага разгляду ў дачыненні да Бабарыкі парушаны.

"Фонд Клуні за справядлівасць" (Clooney Foundation for Justice) заснаваны галівудскім акцёрам Джорджам Клуні і ягонай жонкай — юрысткай Амаль Клуні. Адной з ініцыятываў фонду з'яўляецца TrialWatch — маніторынг крымінальных судовых працэсаў у розных краінах з мэтай выкрыцця несправядлівасці і прасоўвання вяршэнства права.

Маніторынг працэсу ў дачыненні да Віктара Бабарыкі ажыццяўляўся ў межах дадзенай ініцыятывы шляхам непасрэднага назірання з залы судовага пасяджэння з 17 лютага па 6 ліпеня 2021 года.

У апублікаванай маніторынгавай справаздачы дэталёва апісаныя палітычны і прававы кантэкст, уключаючы ацэнку ўплываў на судовую сістэму з боку прэзідэнта, а таксама працэсы ў дачыненні да іншых грамадскіх актывістаў, спадарожныя крымінальнаму пераследу Віктара Бабарыкі.

Аналіз фактаў дазволіў маніторынгавай місіі зрабіць высновы пра парушэнне такіх правоў Віктара Бабарыкі, як:

  • права на доступ да абаронцы да суда;
  • права быць інфармаваным пра сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў;
  • права быць асуджаным кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом;
  • права на прэзумпцыю невінаватасці;
  • права на дастатковы час і ўмовы для падрыхтоўкі да абароны;
  • права выкліку і допыту сведак.

Зыходзячы з праведзеных назіранняў і інфармацыі, якія прагучала ў судовых пасяджэннях, у справаздачы канстатаваная перадвызначанасць выніку працэсу ў пакаранне за ўдзел Бабарыкі ў выбарчай кампаніі.

Адзначаецца, што розныя высокапастаўленыя ўрадавыя чыноўнікі і дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва выступілі з крытычнымі заявамі ў дачыненні да Віктара Бабарыкі, нягледзячы на іх юрыдычны абавязак звяртацца з ім як з невінаватым да таго часу, пакуль не будзе даказаная яго вінаватасць. Пры гэтым у дачыненні да Віктара Бабарыкі было дапушчана парушэнне права на абарону — як у выглядзе перашкодаў у атрыманні юрыдычнай дапамогі адвакатаў, гэтак і пасродкам таго, што ў абвінавачванні не выкладалася, у якіх ягоных канкрэтных дзеяннях выявіліся інкрымінаваныя яму злачынствы. Маніторынгавая місія робіць выснову пра тое, што сукупны шэраг парушэнняў аказаў негатыўны ўплыў на справядлівасць судовага разгляду па справе Бабарыкі, што ў рэшце рэшт магло стаць істотным фактарам яго асуджэння.

На аснове праведзенага назірання і выяўленых парушэнняў аўтары справаздачы адзначаюць: "Палітычны кантэкст у спалучэнні з апісанымі парушэннямі прыводзіць нас да вельмі сур'ёзных асцярогаў, што абвінавачванне і суд над спадаром Бабарыкам былі выкліканыя неналежнымі матывамі, што ўяўляе сабою злоўжыванне працэсам".

Азнаёміцца з маніторынгавай справаздачай можна па спасылцы:

"Фонд Клуні за справядлівасць": справаздача аб судовым працэсе па справе Віктара Бабарыкі

Справаздача даступная на англійскай мове

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства