У Мінску пачаўся суд над спартыўным журналістам і блогерам Аляксандрам Івуліным Дапоўнена
Суд Савецкага раёна 17 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы вядомага спартыўнага журналіста, блогера і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна. Яго вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Разглядаць справу палітвязня Івуліна прызначылі суддзю Сяргея Шацілу.
Аляксандр Івулін — футбаліст "Крумкачоў", журналіст Trib...na.com, аўтар Youtube-канала «ЧестнОК».
Яго, а таксама аператара Яраслава Пісарэнку затрымалі ў кватэры 3 чэрвеня. На наступны дзень журналіста асудзілі на 30 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.23 КаАП — нібыта за сцяг на акне кватэры. Пасля 30 сутак арышту ён на волю не выйшаў. Стала вядома, што Аляксандра перавялі ў СІЗА №1 па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
На пачатку снежня 2021 стала вядома, што справу Аляксандра перадалі ў пракуратуру, а 22 снежня яе накіравалі ў суд.
Згодна з матэрыяламі справы, якія паведамляе Пракуратура, абвінавачаны 23 жніўня і 27 верасня 2020 года з іншымі асобамі рухаўся па праезнай частцы праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Мінску, блакуючы шлях аўтамабілям, - гэта прывяло да збою ў працы грамадскага транспарту.
На законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні Івулін не рэагаваў.
Ён жа, па версіі следства, на канале відэахостынгу YouTube размяшчаў відэазапісы пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады, дыскрэдытаваць палітычнае і сацыяльнае становішча ў краіне. Гэта пасля дало магчымасць арганізаваць групу грамадзян, якія ўдзельнічалі ў перыяд з жніўня 2020 года па сакавік 2021 года на тэрыторыі Беларусі, уключаючы Мінск, у парушэнні грамадскага парадку падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
Падтрымаць Івуліна прыйшлі лёгкаатлетка Надзея Астапчук, а таксама сябры і сваякі журналіста. Беларускую фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую не пусцілі ў залу пасяджэння.
Паквазанні Аляксандра Івуліна ў судзе
Зараз паказанні дае абвінавачаны, паведамляе "Медыязона. Беларусь".
Суддзя: Паводле абвінавачвання, вам ставіцца ў віну, што 23 жніўня і 27 верасня 2020 года ўзялі ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. А з 7 жніўня 2020 года па 26 сакавіка 2021 года з дапамогай інтэрнэт-рэсурсу ютубе і стварэння, распаўсюджвання адпаведных ролікаў ажыццявілі арганізацыю такіх дзеянняў. Вам гэта зразумела?
Івулін: Высокі суд, я хачу сказаць, што 23 жніўня...
Суддзя: Пачакайце, вы будзеце даваць паказанні. Я пакуль што высвятляю Ваша меркаванне адносна прад'яўленага абвінавачвання. Тое, што я растлумачыў, вам зразумела?
Івулін: Мне зразумела першае, але зусім незразумелая частка, дзе мяне абвінавачваюць у арганізацыі.
Суддзя: Вам незразумелая сутнасць таго, што выклаў дзяржаўны абвінаваўца, ці вы віну не прызнаеце ў гэтым?
Івулін: Окей, мне зразумела, што выклаў дзяржаўны абвінаваўца.
Суддзя: Віну ў чымсьці прызнаеце або адмаўляеце ва ўсіх эпізодах прад'яўленага абвінавачвання?
Івулін: Ну, я хачу сказаць, што другую частку, арганізацыю масавых беспарадкаў, я наогул не разумею сутнасці прад'яўленага абвінавачвання. Але так як я давяраю суду, якое рашэнне Вы прымеце, такое і будзе правільным. Але юрыдычна я наогул не разумею як, што, чаму. З іншага боку ў мяне няма юрыдычнай адукацыі, юрыдычных навыкаў. Што тычыцца 23-га, 27-га -так, я прызнаю, што знаходзіўся ў горадзе ў гэты момант...
Суддзя: Падрабязнасцяў не трэба. Ваш допыт яшчэ будзе. Вы коратка адкажыце: віну прызнаеце, прызнаеце часткова або адмаўляеце па гэтых двух эпізодах.
Івулін: Справа ў тым, што, зноў жа, у мяне няма юрыдычных ведаў, і мне складана кваліфікаваць свае дзеянні, таму якое Высокі суд прыме рашэнне, такое і будзе правільным.
Суддзя: Гэта значыць ці правільна вас тут зразумеў, што за 23 жніўня і 27 верасня 2020 года факт прысутнасці ў месцах і адрасах, пералічаных у абвінавачванні, вы не адмаўляеце, але выказаць стаўленне да прад'яўленага абвінавачвання з прычыны невалодання юрыдычнай тэрміналогіяй вы не можаце?
Івулін: Так, усё дакладна.
Суддзя: А адносна перыяду з 7 жніўня 2020 года па 26 сакавіка 2021 года, не можаце выказацца адносна таго, ці прызнаеце вы віну ці не, паколькі не валодаеце юрыдычнай тэрміналогіяй, так і ў прынцыпе адмаўляеце сам факт здзяйснення такіх дзеянняў?
Івулін: Ну так, так.
Прадстаўнік абвінавачання паведаміў аб тым, што ў справе маецца матэрыяльны пазоў камунальнага прадпрыемства “Мінсктранс” на суму 39 тысяч рублёў.
Допыт Івуліна прадстаўніком абвінавачання
Пракурор на судзе стаў вінаваціць Івуліна ў тым, што той здымаў і выкладаў відэазапісы «пабуджальнага характару» на свой YouTube-канал «с целью создания негативной оценки действующей власти, дискредитации политического и социального положения в Беларуси».
Блогер адказаў, што «ні ў адным роліку не было ніводнага закліку нешта рабіць і нешта змяняць. Гэта былі размовы пра рэчы, якія цікавяць кожнага звычайнага чалавека, які жыве ў Беларусі. Там не было ні слова аб пабуджэнні. Людзі дзяліліся сваімі думкамі, выказвалі свае думкі. Таму я не разумею сутнасці прад'яўленага мне абвінавачання».
Пракурор: Раскажыце, калі ласка, пра абставіны крымінальнай справы, пачынаючы з 23 жніўня 2020 года. Дзе вы знаходзіліся, чым займаліся, як апынуліся ў горадзе?
Івулін: 23 жніўня я выйшаў з дому, мне трэба было з'ездзіць у кнігарню "Сон Гогаля" ў цэнтр горада. Па-мойму, я ехаў на метро, калі мне не змяняе памяць. Але дакладна зноў жа не магу сказаць - прайшло ўжо больш за год. Паехаў туды, купіў кніжку, убачыў шмат людзей на праспекце, станцыя метро "Кастрычніцкая", дзе «Цэнтральны», вось гэта усё. Убачыў шмат людзей, вырашыў прайсціся. Пайшоў, паглядзеў. Я б не сказаў, што ўбачыў масавае дзеянне, груба парушаючае грамадскі парадак. Але, зноў жа, не магу кваліфікаваць гэтыя штукі, гэтыя дзеянні, таму што ў мяне няма юрыдычнай адукацыі. Падышла да мяне дзяўчынка, пазнала, кажа: "Супер, Давайце сфатаграфуемся". Сцяг дала ў рукі мне. Я без задняй думкі сказаў - ну, давайце сфатаграфуемся. Сфатаграфаваўся і далей пайшоў па сваіх справах.
Судовае пасяджэнне працягнецца заўтра, 18-га студзеня а 10:30. Адбудуцца спрэчкі бакоў, выступяць адвакат і пракурор.