Палітвязні Беларусі ў 2021 годзе. Статыстыка
На канец 2021 года ў Беларусі налічвалася 969 палітвязняў. Гэта самая вялікая колькасць зняволеных па палітычных матывах за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Сярод вязняў – людзі розных узростаў, прафесій, сацыяльнага статусу, але аб’яднаныя нязгодай з дзеяннямі ўладаў падчас і пасля выбараў прэзідэнта, катаваннямі і рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянаў, за што ў выніку спазналі палітычна матываваны крымінальны пераслед.
Агулам за перыяд з 2020 года па канец 2021 года праваабарончай супольнасцю Беларусі палітзняволенымі было прызнана 1108 чалавек. Частка з іх была вызваленая, частка чакае на волі ўступлення прысуду ў сілу і накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, а частка – з’ехала за мяжу краіны.
Большасць з палітзняволеных – мужчыны, іх 858 чалавек. Яшчэ 111 жанчын на канец года знаходзілася за кратамі.
Дзесяць непаўнагадовых палітвязняў ці тых, каму 18 год споўнілася ў зняволенні, адбываюць розныя тэрміны пакаранняў у выхаваўчай калоніі №2. Таксама вядома пра не менш 12 пенсіянераў і пенсіянерак, якія спазналі крымінальны пераслед і ўтрымліваюцца за кратамі.
Асуджаныя да пазбаўлення і абмежавання волі ўжо пачалі адбываць пакаранне: у калоніях - 331 чалавек, і на "хіміі" - 195 чалавек. Для шасці чалавек адбылася замена пакарання на больш строгае і зменены рэжым на турэмны.
На канец 2021 года 403 чалавекі знаходзіліся ў СІЗА. Яшчэ шэсць чалавек утрымліваюцца пад "хатнім арыштам". Некалькі палітвязняў знаходзіцца ў ІЧУ пад адміністрацыйным арыштам. Таксама месцазнаходжанне невялікай часткі палітвязняў дакладна не вядома праваабаронцам "Вясны".
Сярод палітзняволеных:
- 67 дзеячоў культуры;
- 45 студэнтаў і выкладчыкаў;
- 32 прадстаўнікі медыя.
Таксама за кратамі знаходзіцца сем праваабаронцаў “Вясны”: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка і яго памочніца Таццяна Ласіца, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.
Сярод палітзняволеных як мінімум сямёра – шматдзетныя бацькі. Таксама не менш за сем параў – муж і жонка - былі асуджаныя на тэрміны зняволення ці знаходзяцца пад следствам у СІЗА.
Па 20 гадоў пазбаўлення волі атрымалі анархісты Ігар Аліневіч і Сяргей Раманаў. Гэта самыя суровыя выракі па палітычных судовых разглядах.
Як дапамагчы?
Спіс усіх палітвязняў
"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць
Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”
"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням