viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-01-03T13:52:16+0300 2022-01-03T14:41:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Праваабаронцы “Вясны” сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Літвы зладзілі шэраг акцый #FreedomLetters па падпісанні паштовак палітзняволеным Беларусі.

З акцыяй яны наведалі тры гімназіі ў гарадах Ёнішкіс, Пабрадзе і Швянчоніс, а таксама дзве бібліятэкі ў гарадах Гаргждай і Паланга. Падчас акцый было падпісана каля 300 паштовак для палітзняволеных, у тым ліку "вясноўцаў".

Акцыя #FreedomLetters прайшла ў некалькіх літоўскіх гарадах

Вучні старэйшых класаў, настаўнікі і дырэктары гімназій, супрацоўнікі бібліятэк і неабыякавыя грамадзяне Літвы падпісалі каля 300 паштовак для палітзняволеных у Беларусі.

6 студзеня Марфа Рабкова адзначае Дзень народзінаў. Павіншуйце праваабаронцу! 

Каардынатарцы Валанцёрскай службы “Вясны” Марфе Рабковай 6 студзеня споўніцца 27 гадоў. Гэта другі яе дзень народзінаў запар, які Марфа будзе адзначаць не ў коле сям'і і сяброў, а за кратамі. Павіншуйце Марфу!

Вядома, што дзяўчына ўжо скончыла азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справу, і верагодна ў студзені над ёй распачнецца суд. 

Напярэдадні Новага году ад Марфы прыйшла віншавальная паштоўка. У ёй яна піша: 

"Віншую вас і вашых блізкіх з Новым годам і Раством!

Жадаю здароўя, дабрабыту, гармоніі і любові, удачы і натхнення ва ўсіх справах, яркіх уражанняў і ўсіх зямных даброт!"

Таксама дзяўчына даслала віншавальны верш: 

В грядущий год смотрите без опаски:
Судьба боится воли большинства.
Пускай же в вашей жизни,
Словно в сказке,
Творятся волшебство и чудеса!

Дасылайце віншаванні Марфе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Алесь Бяляцкі віншуе са святамі

Старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі таксама даслаў віншавальную паштоўку: 

"Віншую вас і сям'ю з Раством і Новым годам! Жадаю шчасця, спакою і добрага настрою на ўвесь год!"

pashtouka_ad_alesia.jpg

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Уладзімір Лабковіч: “Я нават ня ведаў, што такая музыка існуе”

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч у адным з лістоў на волю апісвае свае музычныя захапленні:

"Столькі задавальнення атрымаў, калі чытаў музычныя апавяданні. Столькі ўсяго даведаўся. Буду вельмі рады, калі ваша рубрыка будзе працягвацца. Але, нажаль, лісты вельмі кепска ходзяць і губляюцца. Так мне ад гэтага цяжка. Лісты тут сапраўды ратуюць жыццё.

Вы нават не ўяўляеце, што мне тут даводзіцца слухаць. У нас тут толькі тэлевізар, і я нават ня ведаў, што такая музыка існуе. Рэп - гэта жах жахлівы. А вось панк мне падабаецца, але такі стары олдскульны. Кшталту, Velvet Underground, Romanas, Patti Smith, Sex Pistols, The Clash. Некаторыя лічаць панкам нават AC/DC і Motörhead.

З усіх гісторыяў ад вас, я ведаю толькі Led Zeppelin. Яны сапраўды скончылі эпоху Beatles, разбурылі Doors. Эх, былі часы. Як кажуць: "Калі на зямлі хадзілі цітаны".

Уладзь Лабковіч просіць дасылаць яму ў лістах вершы, тэксты песен і цікавыя пераклады на беларускую мову.

Паўдзельнічайце ў акцыі Не толькі Бродскі ў падтрымку Уладзя Лабковіча:

  • напішыце вашыя ўласныя вершы ці абярыце вершы розных аўтараў,
  • размясціце іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або дашліце нам на пошту freeviasna@gmail.com.

У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.

Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

За мінулы тыдзень не было навінаў ад намесніка старшыні "Вясны" Валянціна Стэфановіча і валанцёра Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Валянціну і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Леанід Судаленка: “Значыць, напрыканцы студзеня паеду ў лагер. Куды не ведаю, але гэта і не важна”

Кіраўнік Гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка ў лісце напісаў, што чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў судзе, які прызначаны на 14 студзеня, і “маральна гатовы да любога павароту падзей”

“Я ў парадку, ад хвароб адышоў, зноўку хаджу на прагулкі. Жыву апеляцыяй, хаця, гледзячы на апошнія выракі, думаю, што і мой «бязмежны» акт правасуддзя зацвердзяць.

Значыць, напрыканцы студзеня паеду ў лагер. Куды не ведаю, але гэта і не важна. Усё, што важна, ад мяне не залежыць, як і ад усіх нас. Пакуль, як кажуць, «дажывем да панядзелка» (да рэферэндуму). А там зажывем, будзе ўсім шчасце”.

Леанід Судаленка: “Як кажуць, “дажывем да панядзелка”, а там зажывем, будзе ўсім шчасце”

Лістамі ад палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі падзяліўся з "Гомельскай Вясной" яго калега праваабаронца Васіль Палякоў.

Таксама Леанід у адной з віншавальных паштовак выказаў свае "простыя пажаданні": 

"Мае пажаданні простыя - няхай назаўжды ад нас сыходзіць Карона і ў краіну вяртаецца канстытуцыйная законнасць. Усё іншае беларусы здабудуць сабе самі".

pashtouka_ad_leanida.jpg

За мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёркі "Вясны" Таццяны Ласіцы.

Падтрымайце Таццяну і Леаніда:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Леанідаўне Ласіцы
Леаніду Леанідавічу Судаленку

Яшчэ не позна павіншаваць палітзняволеных “вясноўцаў” з Калядамі і Новым годам! 

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі. У СІЗА-1 даслаць грашовы перавод можна толькі праз пошту, а вось у СІЗА-3 Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. Вось дадзеныя:

СІЗА-3, Гомель
УНП: 490313877
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY31BAPB36429000005630000000

Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства