viasna on patreon

Леанід Судаленка: “Як кажуць, “дажывем да панядзелка”, а там зажывем, будзе ўсім шчасце”

2021 2021-12-30T14:39:03+0300 2021-12-30T15:05:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalienka-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Лістамі ад палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі падзяліўся з "Гомельскай Вясной" яго калега праваабаронца Васіль Палякоў. У іх Судаленка распавядае пра сваё здароўе, акалічнасці крымінальнай справы, разважае над магчымымі вынікамі разгляду яго апеляцыйнай скаргі.

Час ідзе. Ужо тут 12-й месяц. Нядаўна вельмі моцна прастудзіўся. Кашаль на начах, пару дзён тэмпературыў. Але выкараскаўся, жонка лекаў перадала. Галоўнае, каб здароўе не падвяло, усё ж такі ўжо не маладыя. <...>

У мяне без зменаў, чакаю 14 студзеня, апеляцыю. Тут магчымы два варыянты – пакінуць як ёсць, альбо адменяць і на новы разгляд, яшчэ на паўгода. А там у залежнасці ад сітуацыі. У прынцыпе, я гатовы да любога рашэння, бо перакананы, што адмена выраку будзе ў любым выпадку, пытанне толькі часу.

Не памятаю ці пісаў табе, але суд, у якасці абцяжваючых абставін, указаў маю карысць, а маёмасную выгаду ў прысудзе абгрунтаваў двума абедамі на семінары. Такім чынам, ён «пагасіў» змякчальную акалічнасць – наяўнасць няпоўнагадовага дзіцёнка, што бясспрэчна.

Паводле Крымінальнага кодэксу, у выпадку наяўнасці змякчальных і адсутнасці абцяжваючых абставін тэрмін пакаранне не можа быць больш паловы ад максімальнага. У мяне – гэта паўтары гады, якія мінаюць праз месяц 18 студзеня. Значыць, каб я «не абедаў» на нашым семінары, пасля Новага году быў бы ўжо дома і ўсё па законе”.

Таксама Леанід Судаленка ведае, што яму сярод іншых прызначылі прэмію "За абарону правоў чалавека 2021", хоць "раней пра такую не чуў":

“Добрая навіна, што з вартымі людзьмі апынуўся ў лаўрэатах.

Таксама цікава, а беларускія праваабаронцы ў дзень абароны правоў чалавека 10 снежня кагосьці адзначалі, як раней праваабаронцу года? Можа ДПЧ (Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў Вільні, – заўв. рэд.) нешта рабіў з нагоды прафесійнага свята?”

Праваабаронца адзначае, што чакае суда па разглядзе апеляцыйнай скаргі і “маральна гатовы да любога павароту падзей”

“Я ў парадку, ад хвароб адышоў, зноўку хаджу на прагулкі. Жыву апеляцыяй, хаця, гледзячы на апошнія выракі, думаю, што і мой «бязмежны» акт правасуддзя зацвердзяць.

Значыць, напрыканцы студзеня паеду ў лагер. Куды не ведаю, але гэта і не важна. Усё, што важна, ад мяне не залежыць, як і ад усіх нас. Пакуль, як кажуць, «дажывем да панядзелка» (да рэферэндуму). А там зажывем, будзе ўсім шчасце.

У мяне падатковая запатрабавала дэкларацыю аб прыбытках за 2014-2020гг. (6 год). Знайшлі, здаецца, у кагосьці мае распіскі. Адным словам, максімальнага тэрміну ім мала. Ціснуць яшчэ і тут”.

Жонка Леаніда Судаленкі пра сустрэчу ў СІЗА: "Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць"

Леанід Судаленка днямі сустрэўся з жонкай у СІЗА. Спатканне, якое ім далі, аказалася для сямейнай пары поўнай нечаканасцю.

Нагадаем, 3 лістапада праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне (ч. 2 арт. 342 КК). Суд праходзіў у закрытым ад грамадскасці рэжыме.

Леанід Судаленка быў прызнаны палітвязнем. 

Падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці:

Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства