viasna on patreon

Затрыманні, ператрусы, шакуючыя палітычныя выракі, ціск на журналістаў і зняволеных — хроніка пераследу за 13-14 снежня Дапоўнена

2021 2021-12-14T16:41:00+0300 2021-12-15T10:32:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karagod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
З'явіліся навіны па "карагоднай справе"

З'явіліся навіны па "карагоднай справе"

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

13 снежня

Навіны па “карагоднай справе”

У Маскоўскім судзе Брэста запыталі тэрміны ўжо для 11-й групы абвінавачаных па “карагоднай справе”, паведамляе “Брэсцкая Вясна".

Вядома, што амаль усе абвінавачаныя з гэтай групы прызналі сваю віну. За выключэннем дзіцячай псіхатэрапеўткі Кацярыны Шпак — такіх спецыялістаў, па словах жанчыны, усяго тры на ўвесь Брэст. Сама Кацярына - маці 3 непаўналетніх дзяцей.

13 снежня ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў. Абвяшчэнне прысуду адбудзецца 17 снежня ў 11: 00.

Нагадаем, "Карагодную справу" распачалі ў Брэсце пасля акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года. Тады пратэстоўцы вадзілі на скрыжаванні дарог карагод, пакуль іх не разагнаў вадамёт. На судзе атмасферу таго дня асуджаныя па гэтай справе апісвалі як "атмасферу свята": пад музыку з калонак людзі кружылі карагод, пляскалі ў далоні. Гэтыя дзеянні пратэстоўцаў следства і пракуратура кваліфікуюць як злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ (“Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). З першых груп фігурантаў справы на карысць арганізацый грамадскага транспарту быў спагнаны ўрон "за прастой". На дадзены момант па так званай "карагоднай справе” прысуды вынесеныя ўжо ў дачыненні да 102 чалавек.

Мікалаю Брэдзелеву з A1 далі 15 сутак

Мікалай Брэдзелеў
Мікалай Брэдзелеў

Кіраўніку ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалаю Брэдзелеву прысудзілі 15 сутак арышту. Яго затрымалі 10 снежня. Маленькі каментар журналістам дала маці затрыманага:

"Чаму прыйшлі да майго сына, я не ведаю. Усё было нармальна, усё добра, не было ніякіх перадумоваў. Пакуль што таксама няма інфармацыі, ці заведзеная на яго нейкая крыміналка. Чаму яго вінавацяць у нейкіх "злівах", я таксама не ведаю — гэта пакуль усё галаслоўныя заявы”.

Затрыманне

У Мінску затрымалі Іллю Сіўцова. Нажаль, з дадзеных пра яго ў “Вясны” пакуль толькі дата нараджэння - 12 жніўня 1999 года.

14 снежня

Плюс 9 новых палітзняволеных у Беларусі

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 9 чалавек. Чацвёра з іх  фігуранты “карагоднай справы” з Берасцейшчыны: Семыкін Ігар (ПУАТ-48) — атрымаў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі, 11 снежня 2021 пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай установе. Жук Аляксандр (ПУАТ-39) — атрымаў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі, 11 снежня 2021 пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай установе. Ласкі Арцём Генадзевіч (ІУОТ-21) — асуджаны на 2 гады абмежавання волі. 11 снежня 2021 пачаў адбываць пакаранне. Дзіткоўскі Данііл (ПУАТ-43) — атрымаў 2 гады абмежавання волі паводле ч. 2 арт. 339 (“Хуліганства”) за пашкоджанні двух камер "Белтэлекама" і нанясенне "цынічных надпісаў" 13 верасня 2020. 11 снежня 2021 пачаў адбываць тэрмін. Таксама палітвязнямі ў краіне прызнаныя Барысевіч Віталь (СІЗА-1), Мікіта Аўдзік (турма-1), Станіслаў Блашко (ІЧУ на Акрэсціна, Мінск), Ігар Токараў (ІЧУ на Акрэсціна, Мінск),  Анастасія Вайтовіч (СІЗА-1).

Па стане на 14 снежня, палітвязнямі ў краіне прызнаныя 920 чалавек. Увесь спіс палітычных зняволеных беларусаў вы можаце знайсці ТУТ. 

Ціск на журналістаў

Павел Дайлід
Павел Дайлід

Рэдактара сайта "Першы Рэгіён" Паўла Дайліда дапыталі ў Івацэвіцкім РАУС Першапачаткова Паўлу паведамілі, што падставай для размовы нібыта з’яўляецца крымінальная справа, распачатая ў Лунінцы ў дачыненні да невысветленай асобы — і рэдактара трэба дапытаць у якасці сведкі. У выніку размова тычылася крымінальнай справы наконт распальвання варожасці за каментар у адным з Telegram-каналаў, які асвятляе падзеі ў Лунінцы. Павел патлумачыў, што не мае дачынення да гэтага Telegram-канала і не ведае нікога з тых, хто пісаў каментары. Пасля гэтага міліцыянты хацелі вынесці яму афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

«Я пытаўся, якія канкрэтна ў маіх дзеяннях ёсць прыкметы схільнасці да экстрэмізму і адказу не атрымаў, — распавёў baj.by Павел Дайлід. — Таму выказаў пажаданне атрымаць копію дакумента, каб абскардзіць папярэджанне пракурору. Потым доўга высвятлялі, ці можна мне даць копію, а ў выніку адмовіліся выносіць папярэджанне».

Як кажа журналіст, “з такім поспехам міліцыя можа апытваць сотні людзей, якія знаходзяцца ў той ці іншай групе ў сацыяльных сетках. А варта было б займацца сапраўды патрэбнай справай — барацьбой з крыміналам ці з ашуканцамі, якіх вельмі шмат зараз у інтэрнэце. Але пакуль выглядае на тое, што больш важная справа — гэта падсоўваць законапаслухмянаму грамадзяніну паперкі з папярэджаннямі аб экстрэмізме”.


Анатоль Гатоўчыц
Анатоль Гатоўчыц

У Гомелі перад выракам па «справе Ціханоўскага» затрымалі журналіста Анатоля Гатоўчыца. Пра затрыманне паведаміла жонка Анатоля Гатоўчыца Марыя. Паводле яе слоў, Анатоль Гатоўчыца затрымалі каля ізалятару, дзе праходзіў суд над Сяргеем Ціханоўскім ды іншымі фігурантамі справы.

«Толя пайшоў туды недзе каля 10 раніцы і раптам пазваніў. Сказаў, што яго затрымалі і вязуць меркавана ў суд, нібыта за маску з надпісам „За свабодныя выбары“. І на гэтых словах званок прыпыніўся. Дзе ён цяпер, ня ведаю», — распавяла жонка Гатоўчыца Марыя.

Анатолю Гатоўчыцу 71 год. Ён шмат працаваў на Радыё Свабода, апошнім часам супрацоўнічаў з газетай «Народная воля». У 2018 годзе Анатолю Гатоўчыцу зрабілі некалькі анкалагічных аперацый. «Але для іх ані ўзрост, ані стан здароўя не перашкода», — сказала пра затрыманне мужа Марыя.


Міліцыя прыязджала і да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай — прапанавалі праехаць з імі. Але яна не згадзілася, бо на самаізаляцыі з каронавірусам.


Некалькі гадзінаў на сувязь не выходзіў гомельскі журналіст Яўген Меркіс. Потым стала вядома, што яго затрымлівалі, але потым адпусцілі. Гэтыя дзеянні міліцыянтаў журналіст расцэньвае як спробу перашкодзіць ягонай прафесійнай дзейнасці.


Шакуючыя прысуды па палітычных справах

У Гомельскім СІЗА скончыўся закрыты судовы працэс, які цягнуўся з 24 чэрвеня. Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым  праходзіў у закрытым рэжыме. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не было вядома, як не было вядома і пра выстаўленыя артыкулы. Прычым усе асуджаныя былі затрыманыя ў маі-чэрвені 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў.

Выракі наступныя: Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў, Мікалаю Статкевічу — 14 гадоў, Ігару Лосіку — 15 гадоў, Арцёму Сакаву - 16 гадоў, Уладзіміру Цыгановічу — 15 гадоў, Дзмітрыю Папову — 16 гадоў.

Навіны з-за кратаў

Стала вядома, што палітвязню Ігару Банцару, які павінен 15 снежня выйсці з карцару, а 17 снежня на волю, могуць дакінуць яшчэ 2 сутак у карцары. Пра гэта паведамілі яго суседзі па “хіміі”.

Ігар Банцар
Ігар Банцар

Нагадаем, што рок-музыку Ігара Банцара з 25 лістапада ўжо два разы запар каралі 10 суткамі ў карцары за розныя "парушэнні". Апошні раз за тое, што ён нібыта дрэнна прыбраўся ў карцары. Пры гэтым, мясцовая адміністрацыя парушэнняў не ўбачыла, а вось адміністрацыя ПУАТ-9, якая прыехала туды з праверкай, вырашыла пакараць за пыл у карцары. 17 снежня ў Банцара сканчваецца тэрмін пакарання і ён павінен выйсці на волю. Але суседзі Ігара па інтэрнату лічуць, што яму "дакінуць" яшчэ 2 дні, каб вызваліць адразу з карцару. На думку вязняў, гэта можа адбыцца праз тое, каб Банцару прыйшлося самастойна дабірацца да "хіміі" з ІЧУ пры РАУСе Гарадокскага раёну, дзе Ігара трымаюць на "сутках". Бо нібыта ён ужо не будзе лічыцца зняволеным, а таму ён мусіць дабірацца самастойна за рэчамі. Адлегласць паміж ІЧУ і ПУАТ-9 складае прыкладна 30 кіламетраў.


Таксама праваабаронцам стала вядома, што аднаму з асуджаных – Кірылу Васілёнку, які адбывае пакаранне разам з Банцарам, палічылі за парушэнне фотаздымак з палітвязнем у ВКонтакте. Адміністрацыя ПУАТ-9 вырашыла, што фота было зроблена на тэрыторыі ўстановы і без дазволу начальніка.


Анатоль Шалковіч
Анатоль Шалковіч

Героя роліка МУС пра «памідоры са смятанай» Анатоля Шалковіча зноў асудзілі на 15 сутак. Гэты мужчына стаў папулярным праз сваю заяву ў пакаяльным відэа МУС, у якой казаў пра любоў да белага і чырвонага колераў. Яго затрымалі 11 лістапада, а пазней пакаралі 15-сутачным арыштам. 26 лістапада стала вядома, што 65-гадовага інжынера зноў арыштавалі на 15 сутак. І вось зноўку…

Новыя вобшукі і затрыманні

У Мінску затрыманы сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Сяргеенка У яго дома адбыўся ператрус, пасля якога Мікалай быў затрыманы, па словах родных, у сувязі з «удзелам у забароненых суполках у сацыяльных сетках». Падчас ператрусу міліцыянты забралі старыя ўлёткі пра Уладзіміра Някляева (у 2010 годзе Мікалай быў у ягоным перадвыбарчым штабе).

Дзмітрый Досаў
Дзмітрый Досаў

Затрыманы дырэктар ІТ-кампаніі Aivitam Дзмітрый Досаў. У «пакаяльным відэа» Дзмітрый распавядае, што быў падпісаны на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал, рабіў рэпосты, у фэйсбуку размясціў відэа з пратэстаў у жніўні 2020 года, піша dev.by.


Вядома пра два вобшукі ў Баранавічах - у актывіста Ігара Шумілава (мае інваліднасць) і ў студэнта БарДУ (яго прозвішча мы удакладнім пазней).

Таксама ў Баранавічах затрымалі бацьку і сына - Уладзіміра Ждановіча і Сяргея Ждановіча. Пра гэта “Вясне” паведаміла знаёмая аднаго з затрыманых. Яна ж валодае дадзенымі, што ўжо некалькі гадзін Сяргей Ждановіч знаходзіцца ва УУС Баранавічаў.


Мінакі паведамляюць, што ў Мінску па адрасе Янкі Лучыны 36 з 11-га ці 12-га пад'езда АМАП выводзіў дзяўчыну. Відавочца паведамляе, што калі яе везлі, тая крычала, што дома ў яе ўсе перавярнулі. Паведамляецца, што дзяўчыну пасадзілі ў шэрую Skoda і ўвезлі ў невядомым кірунку. Іншых дадзеных пра асобу затрыманай у “Вясны” пакуль няма.


Пасля ператрусу ў доме на вуліцы Адзінцова ў Мінску затрымалі Дзмітрыя Шацілава. Вядома, што дата нараджэння затрыманага - 21 студзеня 1989 года.


Ксенія Мартуль
Ксенія Мартуль

Стала вядома, што падчас заняткаў затрымалі выкладчыцу журфака БДУ Ксенію Мартуль. Студэнты паведамляюць, што сілавікі прыйшлі наўпрост на пару і ўвялі выкладчыцу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства